
3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў кадравыя рашэнні па фарміраванні эканамічнага блока ўрада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, цяперашні склад можна назваць "новым старым". Паколькі многія з яго былі назначаны і працавалі да выбараў, каб выбаршчыкі загадзя разумелі, з кім Прэзідэнт будзе працаваць.
Аднак адметнасцю работы ўрада ў новым складзе стане істотнае ўзмацненне ролі віцэ-прэм'ераў. "Яшчэ раз хачу абазначыць асаблівасць работы будучага ўрада, на якой буду настойваць. Гэта асаблівасць у тым, што значна большую вагу будуць мець намеснікі прэм'ер-міністра. Старшыня ўрада ў нас - старшыня, ён арганізоўвае работу ўрада, вядзе пасяджэнні ўрада, але ні ў якім разе не прымае якіх-небудзь асабістых рашэнняў і не стаіць над членамі ўрада, перш за ўсё над віцэ-прэм'ерамі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Па рашэнні Прэзідэнта эканамічны блок урада ўзначаліў Мікалай Снапкоў. Ён назначаны першым намеснікам прэм'ер-міністра.
Кіраўнік дзяржавы таксама назначыў Артура Карповіча міністрам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Дзмітрыя Кійко - міністрам па падатках і зборах, Юрыя Селіверстава - міністрам фінансаў, Юрыя Чабатара - міністрам эканомікі, Кірыла Залескага - міністрам сувязі і інфарматызацыі, Дзмітрыя Матусевіча - старшынёй Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.
"Гэта блок, якім будзе займацца Мікалай Генадзьевіч Снапкоў, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - У яго і так нямала паўнамоцтваў было, ёсць, але гэта з-за яго асабістых якасцей, ён умеў абараніць свае напрамкі работы, паўнамоцтвы. Але я хачу, каб гэта пачулі ўсе, і перш за ўсё - тыя, хто тут сядзяць".
Пра эканамічны рост і інвестыцыі
Гаворачы пра задачы, якія стаяць перад эканамічным блокам урада, Аляксандр Лукашэнка перш за ўсё падкрэсліў неабходнасць прыцягнення інвестыцый. "Асноўнай задачай для гэтага блока і Мікалая Генадзьевіча (першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў. - Заўвага БЕЛТА) асабіста застаецца эканамічны рост, а гэта перш за ўсё інвестыцыі", - сказаў Прэзідэнт.

Ён нагадаў аб ініцыятыве "Адзін раён - адзін праект", якая атрымала нядрэннае развіццё. "Я гатовы да таго, каб на аснове гэтай ініцыятывы мы бачылі новыя ідэі. Але інвестыцыі павінны нарастаць. І мы плануем, што за пяцігодку мы атрымаем рост інвестыцый прыкладна на трэць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Асаблівую ўвагу, паводле яго слоў, неабходна ўдзяляць рэалізацыі знакавых інвестыцыйных праектаў, у ліку якіх індустрыяльны парк "Вялікі камень", Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя, вытворчасць легкавых аўтамабіляў BELGEE. "Я спадзяюся, што з'явяцца і новыя", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Нам трэба абавязкова звярнуць увагу на адток людзей з рэгіёнаў. Ні ў якім разе нельга дапускаць гэтага адтоку. Дыферэнцыяцыя ў заработнай плаце павінна быць скарочана. Людзі павінны атрымліваць заработную плату ў рэгіёнах прыкладна такую, як у Мінску", - запатрабаваў Прэзідэнт.
Пра малы і сярэдні бізнес
Яшчэ адна важная задача - безумоўная рэалізацыя закона аб пераводзе індывідуальных прадпрымальнікаў у малы бізнес. "На чым настойваў Снапкоў і тая група, якую ён узначальвае. Да 2030 года сектар малога і сярэдняга прадпрымальніцтва павінен фарміраваць амаль палову эканомікі. Гэта таксама яго прапанова", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка разлічвае і на эфектыўнае ўкараненне інстытута самазанятых. Тут, паводле слоў Прэзідэнта, галоўная задача - "абяленне" ўсяго рынку працы. Іншымі словамі, каб усё было адкрыта і празрыста.
Пра лічбавізацыю і задачы для "перадавога міністра"
Аляксандр Лукашэнка даручыў Мікалаю Снапкову таксама каардынаваць стварэнне ўзаемадзейных інфармацыйных сістэм і цэнтралізацыю даных. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы запатрабаваў вызначыцца, што ўсё ж такі маецца на ўвазе пад лічбавізацыяй.
"А то мы "лічбавізацыя, рабатызацыя, інфарматызацыя і штучны інтэлект", а адрозніць гэтыя паняцці нават не можам, не тое што ў гэтым плане дзейнічаем. Два-тры чалавекі нешта разумеюць, і пайшлі ламацца, а назад не глядзім: ідуць за намі людзі, грамадства, ці не. Таму, так, трэба быць наперадзе ў гэтых напрамках, перш за ўсё, у штучным інтэлекце і гэтак далей, разумець, што гэта такое, але дакладна ўяўляць, што нам сёння патрэбна, а што нам сёння не патрэбна, без чаго мы можам абысціся", - сказаў Прэзідэнт.

Новы міністр сувязі і інфарматызацыі Кірыл Залескі, як адзначыў Прэзідэнт, не навічок у гэтай сферы і добра знаёмы з IT-сектарам. "Вельмі вас прашу. Вы, напэўна, будзеце самы перадавы (можа, Мікалай Генадзьевіч у нас яшчэ больш перадавы ў гэтым плане чалавек) - глядзіце, што нам патрэбна. Мы настваралі гэтых сістэм, а працаваць з імі або выкарыстоўваць іх не можам", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Ён яшчэ раз запатрабаваў акуратна ставіцца да пытанняў лічбавізацыі і не ганяцца за модай: "Бяжым і часам не ведаем куды".
Асобную ўвагу, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, неабходна ўдзяліць наладжванню эфектыўнай работы паштовай сувязі.
Пра "дыктатуру" ў гандлі
"У частцы гандлю неабходна кантраляваць суадносіны яго відаў. Я ўжо гаварыў пра сеткавы гандаль, магазіны крокавай даступнасці, маркетплэйсы і гэтак далей. Трэба не забываць галоўнае - магазіны, якія былі ў свой час у савецкім гандлі, як мы іх называем, крокавай даступнасці. Ні ў якім разе нельга іх губіць, каб дагадзіць нейкаму сеткаваму гандлю: потым змова, потым барацьба, - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. - Няхай, сёння "дыктатура", мы ж проста спраўляемся з гэтымі сеткамі. А калі ўпусцім, калі не зможам? Яны будуць кіраваць краінай. Не кажучы ўжо пра спажыўцоў, якія будуць прыходзіць у гэтыя магазіны".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў гандлі павінна быць нармальная канкурэнцыя, пры гэтым трэба падтрымліваць работу магазінаў крокавай даступнасці. "Трэба спыніць усялякае стварэнне новых сетак: у нас іх у Беларусі дастаткова. Гэта задача ўрада і перш за ўсё мясцовых органаў улады", - сказаў ён.
Пра цэны і барацьбу з шэрым рынкам
Прэзідэнт таксама нагадаў аб пытанні цэнаўтварэння. Раней ураду было даручана да красавіка вызначыцца з сістэмай рэгулявання цэн.
"Яна будзе заключацца перш за ўсё ў тым, што мы дапрацуем цяпер існуючую, унясём нейкія змяненні, каб айчынным таварам быў прыярытэт, а не імпарту. Мы ведаем, што рабіць, гэта пытанне ляжыць на паверхні. Яно, шчыра кажучы, ва ўрадзе ўпушчана, але вы пракантралюйце і ведайце, што гэта не толькі і не столькі ваша работа (методыка і механізм сістэмы), гэта пытанне ўрада і Міністэрства эканомікі, мабыць, перш за ўсё, а вам давядзецца арганізоўваць і рэалізоўваць", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да кіраўніка МАРГ.
Ён таксама запатрабаваў прыняць дзейсныя меры па недапушчэнні рэалізацыі ў краіне няякаснай або фальсіфікаванай прадукцыі, а таксама тавараў, атрыманых па шэрых схемах, у тым ліку і ў інтэрнэце.
"Бачыце: па чалавечы нешта не так - прымайце рашэнне. Акрамя таго, што вы міністр, у вас вялікае-вялікае імя і званне - вы член урада. І вам справа павінна быць да ўсяго, а не тое, што "вось я іду - гэта не мая справа, няхай там нехта займаецца". Чужых пытанняў для членаў урада ў нашай краіне няма. Яны павінны займацца ўсімі пытаннямі, якія пад ногі трапяцца. Вось ідзеш, спатыкнуўся аб нешта - прымай рашэнне. Тое ж самае я гавару і вышэйшым службовым асобам", - заявіў беларускі лідар.
Пра планаванне ў эканоміцы
"У наступную пяцігодку эканоміка павінна працаваць па дакладных планах. Гэтага не трэба баяцца. А то тыя, хто нас вучыў адысці ад планаў і на свабоду ўсіх адпусціць, да 500 планаў (Японія, дапусцім) па розных напрамках у год складаюць. А мы адышлі, усё кінулі. А як жыць і працаваць? Нават у сям'і людзі плануюць сваё жыццё, а мы ў дзяржаве не хочам гэта рабіць", - заўважыў Прэзідэнт.
Перад міністрам эканомікі, дадаў Аляксандр Лукашэнка, стаіць задача ўважліва вывучыць інвестыцыйны клімат у краінах-суседзях і дзейнічаць адпаведна.
"А што датычыцца дэбюракратызацыі і разумнай лічбавізацыі, мы пра гэта ўжо гаварылі: не трэба гэтага баяцца. Там, дзе трэба проста зняць усялякія бюракратычныя перашкоды, трэба на гэта пайсці і зрабіць", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Ён даручыў да канца года распрацаваць праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2030 года. "Хацелася б, каб мы, абапіраючыся на той вопыт, які назапашаны, не перапісвалі палажэнні праграмы старой і не пераносілі ў новую, а каб гэта была праграма сапраўдная і прадстаўляла не толькі асобу Мікалая Генадзьевіча, але і Міністэрства эканомікі", - вобразна выказаўся Прэзідэнт.
Пра ўстойлівасць бюджэтнай сістэмы
Міністэрству фінансаў, патрабуе Аляксандр Лукашэнка, трэба забяспечыць устойлівасць бюджэтнай сістэмы. "Людзей, прэтэндуючых на бюджэтны рубель, у нас дастаткова. Міністэрства фінансаў павінна быць жорсткім фільтрам для такіх жадаючых і ініцыятараў, - растлумачыў беларускі лідар. - Кожны рубель трэба берагчы. Трэба паставіць жалезную задачу - як ніколі мы павінны эканоміць у гэтай пяцігодцы".
Для гэтага трэба стварыць умовы для якаснай работы ўсіх бюджэтных арганізацый, і задача міністра ў сувязі з гэтым - максімальна спрасціць і аўтаматызаваць іх дзейнасць.
Пра разумную падатковую сістэму
"Міністру па падатках і зборах трэба яшчэ раз прааналізаваць наша падатковае заканадаўства. Я вельмі спадзяюся на вас, што вы як вопытны чалавек, які папрацаваў па многіх напрамках, прапануеце якую-небудзь новую разумную сістэму. Можа, недзе трэба і рызыкнуць - у нас краіна кіруемая. Але не трэба ні за кім ганяцца, трэба зыходзіць з нашых умоў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Вельмі важнай задачай ён назваў аптымізацыю падатковых ільгот. Паводле слоў Прэзідэнта, трэба выпрацаваць такую сістэму, каб прадпрымальнікі маглі ў ёй лёгка разабрацца, а не пачыналі свой новы працоўны дзень з паходу ў падатковыя інспекцыі. "А так бывае", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Пра праблему "на зямлі"
Дзяржаўнаму камітэту па маёмасці Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб задачы разабрацца са старымі дамамі ў сельскай мясцовасці.
"Возьмеце гэта на кантроль. Не сядзіце ў кабінеце, перагортваючы дакументы, прайдзіцеся па ўсёй краіне. Вось сапраўды трэба перавесці ў лічбавы фармат, як гэта модна сёння гаварыць, усё, што ў нас ёсць, выкласці ў адкрытым доступе свабодныя ўчасткі, дамы і іншае, каб людзі бачылі і маглі гэта купіць. За пяцігодку мы павінны гэту праблему зняць. У вас павінен быць канчатковы ўлік маёмасці, зямельных рэсурсаў, участкаў. Не павінна быць старых і разваленых не толькі дамоў, але і вёсак", - падкрэсліў Прэзідэнт.
На заканчэнне
Падводзячы вынікі сказанага, кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ён, вядома, пералічыў не ўсе, а толькі асноўныя задачы, якія стаяць перад назначанымі кіраўнікамі. "Я далёкі ад таго, што выклаў вам выключныя патрабаванні, што гэта ўвесь аб'ём. Вы ведаеце значна больш у сваіх галінах. Але я вам сказаў пра галоўнае, на што будзе звернута мая ўвага", - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу членаў урада на тым, што яны не павінны канцэнтравацца выключна на вузкаведамасных задачах і інтарэсах, а глядзець на тое, што адбываецца, шырэй, праяўляць зацікаўленасць у вырашэнні розных праблем.

Звяртаючыся да Мікалая Снапкова, які будзе кіраваць работай эканамічнага блока ўрада, Прэзідэнт параіў яму ўважліва выбудаваць работу з новымі кадрамі, назначанымі кіраўніком дзяржавы, і падабраць адпаведны стыль зносін.
"Вельмі хацеў бы, Мікалай Генадзьевіч, каб вы працавалі акуратна, не забывалі, што гэта "дзеці" Прэзідэнта, назначаныя Прэзідэнтам (службовыя асобы. - Заўвага БЕЛТА), таму біць па галаве іх нельга, мацюкацца на іх нельга і нават крычаць на іх нельга (толькі калі за межамі кабінета, па-мужчынску)", - з доляй гумару рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-