Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
23 верасня 2020, 14:01

Лукашэнка: сёння за намі Беларусь, і мы зробім усё, каб зберагчы мір на сваёй зямлі

23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што будзе зроблена ўсё, каб зберагчы мір у краіне. Аб гэтым ён заявіў сёння, выступаючы перад прадстаўнікамі розных родаў войскаў пасля ўступлення на пасаду Прэзідэнта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да салдат і сяржантаў, курсантаў і прапаршчыкаў, афіцэраў і генералаў, суайчыннікаў і гасцей цырымоніі. "Уступленне на пасаду кіраўніка дзяржавы - гэта перш за ўсё вялікі гонар і каласальная адказнасць перад народам незалежнай Беларусі. Мы даём клятву на вернасць Радзіме ў год 75-годдзя Вялікай Перамогі, - сказаў ён. - Гэта свяшчэнная дата нагадвае нам, што адданасць сваёй Айчыне і гатоўнасць аддаць жыццё за свабоду ў беларусаў у крыві. Сёння за намі Беларусь. І мы зробім усё, каб зберагчы галоўнае - мір на сваёй зямлі. Мір, за які заплачана мільёнамі жыццяў самаадданых воінаў, іх маці, бацькаў, жонак і дзяцей".

"Гэта наш абавязак перад імі. Гэта наша благаславенне будучым пакаленням на шчаслівае і стваральнае жыццё", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння камусьці вельмі не падабаецца, што тут, у цэнтры Еўропы, усё яшчэ ёсць бяспечны астравок, дзе стабільнасць і сацыяльная справядлівасць - не пустыя словы, а асноўная ідэя дзяржавы і апора народаўладдзя, вышэйшая форма дэмакратыі.

"Азіраючыся назад, ужо можна сказаць, што мы разам з вамі прадухілілі катастрофу, сарвалі чарговы гібрыдны рэвалюцыйны сцэнарый па расхістванні асноў беларускай дзяржаўнасці. Можа нехта з нас, людзей у пагонах, сёння не разумее, што адбылося. Але я ўпэўнены, літаральна праз малы прамежак часу ўсе вы - хто стаіць перада мной - зразумееце, што вы выратавалі мір на гэтым кавалачку зямлі, адстаялі суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны", - адзначыў Прэзідэнт.

"Зразумейце, гэта не кожны беларус, на жаль, сёння разумее. Але вельмі хутка зразумее. Гэта - наша работа. Мы павінны былі выканаць гэту работу. І мы яе выканалі. Нас правяралі на трываласць, спрабавалі распаліць варожасць і нянавісць, падзяліць краіну і пасеяць хаос. Не атрымалася і не атрымаецца!" - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што ў гэтых складаных умовах сістэма забеспячэння нацыянальнай бяспекі выстаяла і на справе даказала сваю эфектыўнасць, гатоўнасць да адбіцця любых рызык, выклікаў і пагроз. "Мы яшчэ раз даказалі ўсім, што народ не дарэмна траціў капейку на наша ўтрыманне, што мы не дарэмна елі беларускі хлеб. Я як Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі абавязваюся адстойваць нацыянальныя інтарэсы нашай краіны, яе тэрытарыяльную цэласнасць, чаго мне гэта ні каштавала б", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што за мінулыя гады ўсе разам зрабілі нямала: працавалі ў полі, будавалі дамы, гадавалі дзяцей, узводзілі атамную электрастанцыю, запускалі ў космас першы айчынны спадарожнік, распрацоўвалі сучасныя ўзоры ваеннай тэхнікі, укараняючы інавацыі.

"У нас моцная і баяздольная армія. Але галоўнае - мы выхавалі ў яе радах не адно пакаленне сапраўдных патрыётаў сваёй краіны. І гэта ўжо сёння мы прадэманстравалі разам са сваімі братамі-расіянамі, што ў нас ёсць армія, якая стаіць упоравень з адной з мацнейшых армій нашай планеты - расійскай арміяй, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння праходзяць беспрэцэдэнтныя ў гісторыі нашай незалежнасці і нашай краіны вучэнні. На тэрыторыі Беларусі і на тэрыторыі Расіі. Яшчэ ніколі не было столькі найноўшай зброі задзейнічана ў гэтых вучэннях. І нават ракетаносцы Ту-160, якія намецілі дарогу ўздоўж нашых заходніх граніц, каб прадэманстраваць усім, што гэтыя граніцы надзейна абаронены".

"Вы, паважаныя сябры, выбралі высакародную прафесію. На вас глядзяць родныя і блізкія, вашы дзеці, мільёны беларусаў, якія вераць, што знаходзяцца пад надзейнай аховай Узброеных Сіл краіны. Давер народа - гэта не проста вялікі гонар. Апраўдаць яго - наш з вамі сэнс жыцця. Няхай жывуць нашы слаўныя абаронцы Айчыны! Няхай жыве наша любімая Беларусь! Ура!" - рэзюмаваў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі