Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
16 студзеня 2021, 19:12

Лукашэнка: сёння не час для далікатнасці - каб выжыць, трэба зрываць маскі і называць рэчы сваімі імёнамі

16 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння не час для далікатнасці - каб выжыць, трэба зрываць маскі і называць рэчы сваімі імёнамі. На гэта звярнуў сёння ўвагу кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на прыёме ад імя Прэзідэнта на стары Новы год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Не час для далікатнасці, хоць гэта і супярэчыць нашаму нацыянальнаму характару. Каб выжыць, трэба зрываць маскі і называць рэчы сваімі імёнамі. Прыгожае слова "фэйк" - гэта звычайная хлусня, а постпраўда - самая прымітыўная маніпуляцыя свядомасцю чалавека. Але гэтым і іншым тэхналогіям мы, як раней, проціпаставім класічную аб'ектыўную і сумленную журналістыку, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Нам трэба проціпаставіць прафесійныя поспехі, спартыўныя перамогі і творчыя дасягненні ў імя нашай краіны. Многім вельмі важна навучыцца адрозніваць дабро і зло".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што цяпер больш увагі ўдзяляюць інтэрнэту, прынята лічыць, што традыцыйныя СМІ - і газеты, і тэлебачанне - сябе ўжо зжылі. Аднак гэтыя каналы камунікацыі ігнараваць нельга, перакананы ён. Прэзідэнт адзначыў, што "розныя Telegram-каналы - гэта вельмі моцная зброя", але з часам, лічыць кіраўнік дзяржавы, яны страцяць сваю значнасць. "Не адмаўляйцеся ад класікі, - заклікаў ён. - Гэта трэба зберагчы".

Паводле задумы арганізатараў святочны вечар будзе праведзены ў стылі "Вечароў на хутары ля Дзіканькі". Паводле слоў Прэзідэнта, гэта выклікае пэўныя асацыяцыі: як у Гогаля - прыгожая жанчына на самай справе аказваецца ведзьмай. "У нас сёння ў зале ўсе прыгажуні, таму я доўга думаў, сказаць гэта, не сказаць... Але, думаю, вы мяне зразумееце. Я супраць жанчын нічога не маю. Наадварот, вы добра ведаеце, што я схіляюся перад жанчынамі, а тым больш прыгожымі. Дык вось, увесь мінулы год пад выглядам прыгожых лозунгаў і прадуманых вобразаў нам таксама спрабавалі прасунуць далёкія ад чаканняў і патрэб грамадства ідэі. Не мне вам расказваць, хто якія палітычныя мэты і асабістыя выгады меў. Але дзякуй, што годна адказалі на гэты выклік", - падзякаваў гасцям вечара Аляксандр Лукашэнка.

"Можа, і не трэба было ў такой святочнай атмасферы гаварыць пра сур'ёзныя рэчы. Але гаварыць па-будзённаму я не мог, таму што па-іншаму не ацэніш ваш асабісты ўклад у вырашэнне задач дзяржаўнага маштабу. Бо кожны з вас аказаўся ў эпіцэнтры ўзрыўнога палітычнага жыцця краіны. І я не дарэмна схіляўся перад жанчынай і не дарэмна гаварыў, што я "жаночы прэзідэнт": на плошчах і вуліцах ваявалі мужыкі, але і дзяўчаты нашы не адсталі ад мужыкоў, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Гэты час вызначыў сваіх герояў".

Прэзідэнт асабліва адзначыў прафесіяналізм і смеласць журналістаў і аператараў, якія, паводле яго слоў, сталі ў адзін рад з сілавікамі. "Гэта тыя дзяўчаты, пра якіх я гаварыў, - растлумачыў ён. - Не меншую мужнасць праявілі нашы спартсмены, артысты, урачы, педагогі, дзяржслужачыя. Менавіта такія людзі сёння знаходзяцца ў гэтай зале".

"Хачу каторы раз падкрэсліць (гэта, напэўна, як ніколі важна, таму што расслабляцца нельга): ніколі не сумнявайцеся ў маёй рашучасці. Я ніколі не адступлю. Па-першае, акрамя гэтай краіны ў мяне нічога няма. Я нарадзіўся, жыў і буду жыць тут. Тут будуць жыць мае дзеці. Як і вашы, я ўпэўнены. Нас нідзе ніхто не чакае. Па-другое, я глыбока перакананы, што мы маем рацыю, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Так, мы дапускалі памылкі. Кожны бачыць сваю памылку ў пройдзеным шляху, і я таксама. Гэта не сістэмныя памылкі, гэта не сістэмныя промахі. І калі мы будзем проста аналізаваць падзеі (гэта трэба рабіць), рыдаць і стагнаць па той ці іншай падставе, але не атрымаем урокі, гэтыя падзеі паўторацца, але ў большых маштабах. Нам трэба атрымаць урокі. І гэта галоўнае, што мы павінны зрабіць у бліжэйшы час, у тым ліку на Усебеларускім народным сходзе".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі