
19 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 чэрвеня сабраў нараду па падрыхтоўцы пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і Еўразійскага эканамічнага форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што літаральна праз тыдзень у Мінску пройдуць буйнейшыя для краіны міжнародныя мерапрыемствы гэтага года. Чакаецца ўдзел у іх прадстаўнікоў больш як двух дзясяткаў краін.

"Нагрузка на нас значная. Мы павінны абмеркаваць гатоўнасць да гэтага мерапрыемства. Як прымаць гасцей у такім маштабе, колькасці, мы ведаем. Усё павінна быць падрыхтавана са знакам якасці і ў арганізацыйным, і перш за ўсё ў змястоўным плане, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Неабходна забяспечыць максімальны ўзровень беларускай гасціннасці (гэта таксама мы ўмеем рабіць), стварыць камфортныя ўмовы для работы і пражывання нашых гасцей. Асаблівая ўвага змястоўнаму напаўненню ўсіх мерапрыемстваў - ад форуму да работы Вышэйшага савета".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў ЕАЭС ёсць што абмяркоўваць, але пасяджэнні дзеля пасяджэнняў нікому не патрэбны. "Парадак дня Вышэйшага савета павінен быць насычаным, прадметным і адпавядаць нашым нацыянальным інтарэсам. Еўразійская эканамічная камісія ўнесла аж 700 лістоў - 4 кілаграмы матэрыялаў. Пры гэтым ледзь ці не ўсе яны прапануюць прыняць без абмеркавання. Калі яны гатовы і ўзгоднены, адпавядаюць нашым інтарэсам, як і іншых дзяржаў, калі ласка. Калі там усё гэтак добра. Калі гэта пустая парода без грама дабаўленай вартасці для саюза, такія пытанні не павінны быць унесены ў парадак дня, - заявіў беларускі лідар. - Я аб гэтым гавару, таму што я як старшыня буду прапаноўваць гэты парадак дня".-0-