Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 красавіка 2021, 13:00

Лукашэнка сабраў у Брагіне нараду па адраджэнні чарнобыльскіх зямель на поўдні Беларусі

26 красавіка, Брагін /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў у Брагіне нараду па адраджэнні чарнобыльскіх зямель на поўдні Беларусі. Для ўдзелу ў ёй запрошаны кіраўнікі раёнаў, землі якіх знаходзяцца ў межах гэтых тэрыторый, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Размова ў першую чаргу - аб эфектыўным выкарыстанні і ўключэнні ў абарот зямель Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка і вакол яго, аб чым Прэзідэнт пачаў размову яшчэ 24 красавіка ў Нараўлянскім раёне.

"Асноўная прычына: мы павінны выпрацаваць, я яе так разумею, завяршальную, канчатковую праграму адраджэння гэтых зямель. Як мы яе часта называлі, ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Канчаткова. Чаму цяпер наспела такая неабходнасць і нават магчымасць? Таму што мы пражылі 35 гадоў пасля чарнобыльскай катастрофы і на практыцы зразумелі, якім шляхам нам трэба не тое што ісці, а аднаўляць жыццё", - сказаў Прэзідэнт, тлумачачы прычыну правядзення нарады.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час, усяго праз некалькі гадоў пасля катастрофы, многія на гэтым спрабавалі рабіць палітыку, мусіруючы тэму. Больш таго, многія рашэнні прымаліся "наўдачу". "І нам хапіла розуму тады пакрыху, крок за крокам (заняцца адраджэннем і развіццём пацярпелых зямель. - Заўвага БЕЛТА). Мы людзей падтрымлівалі. Рабілі ўсё для таго, каб разабрацца, што адбываецца, выратаваць людзей і выратаваць гэтыя землі. Мінула 35 гадоў, мы бачым, што дрэнна, ад чаго трэба адыходзіць і што трэба рабіць, каб вырашыць галоўную задачу. А галоўная задача для нас - адрадзіць гэтыя землі. Гэта галоўнае", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Гэта праграма павінна быць праграмай адраджэння зямель, мэтай якой павінна быць аднаўленне таго ўзроўню, як было да Чарнобыля. З некаторымі асаблівасцямі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, не варта імкнуцца аднавіць невялікія вёскі, і гэта не трэба рабіць: "Нам трэба вызначыцца, як мы гаварылі ў Нароўлі, дзе будуць жыць людзі. А гэта раённыя цэнтры (яны ёсць) і аграгарадкі, якія ў прынцыпе існуюць. Трэба сканцэнтравацца на гэтых аграгарадках".

Адна з перспектыўных сфер для развіцця гэтых тэрыторый - лесанарыхтоўка і дрэваапрацоўка. "Але першачарговым чынам нам трэба высадзіць лес на свабодных плошчах, а іх нямала. Шмат такіх участкаў", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Зразумела, будуць удзяляць увагу і сельскай гаспадарцы, якая займае значнае месца ў эканоміцы гэтых раёнаў.

"Поўдзень нашай краіны - мы павінны падумаць, што будзем рабіць. Аж да таго, што, як мы некалі планавалі, з Жыткавіч чыгунку кінуць да Ельска, закальцаваць. Цяпер палічым, калі яна хаця б за 10-12 гадоў акупіцца, гэта трэба рабіць, каб уключыць гэты рэгіён. Ну і іншыя дарогі трэба падцягваць. Словам, трэба аднаўляць раён, вызначыцца, дзе будуць жыць людзі. Мы павінны разумець, якія прадпрыемствы там пабудаваць, якія будуць рабочыя месцы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Стаіць задача выпрацаваць адпаведную праграму да верасня.

Кіраўнік дзяржавы ў Брагіне пасля ўдзелу ў мітынгу-рэквіеме ў сувязі з 35-й гадавінай катастрофы на ЧАЭС цёпла пагутарыў з мясцовымі жыхарамі, заклікаўшы іх таксама прымаць актыўны ўдзел у адраджэнні і развіцці сваіх зямель. Ён закрануў тэму пандэміі, расказаў аб ходзе вакцынацыі насельніцтва, распрацоўцы айчыннай вакцыны, запэўніўшы, што робіцца ўсё неабходнае для таго, каб абараніць людзей.

Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з людзьмі выказаўся і па грамадска-палітычнай тэматыцы, заклікаўшы заўсёды мірна і спакойна абмяркоўваць тыя ці іншыя праблемныя пытанні. "Сабраліся, абмеркавалі, пагаварылі без бойкі. Таму што некаму гэта бойка патрэбна. Некаму патрэбны хаос (вы ведаеце, каму) на гэтай зямлі, - сказаў ён. - Жывіце мірна. Яшчэ раз кажу: вы не пашкадуеце, што засталіся тут".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, як у першыя гады яго прэзідэнцтва размова ішла аб стварэнні Палескай народнай рэспублікі, гэта значыць аб раз'яднанні на частцы Беларусі. І калі б гэта ўдалося, то ні аб якім аднаўленні чарнобыльскіх зямель размовы не ішло б. "Нам удалося захаваць гэтыя землі толькі дзякуючы таму, што мы з усёй краіны збіралі гэтыя грошы і накіроўвалі іх сюды", - адзначыў Прэзідэнт.

"Цяпер зноў хочуць папалам падзяліць Беларусь. Не атрымаецца! І нават без мяне не атрымаецца. Усё, мы ўжо зразумелі, што ў нас ёсць свая зямля і свая краіна, і мы нікому яе не аддадзім", - дадаў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі