Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 сакавіка 2021, 10:48

Лукашэнка сабраў нараду па пытаннях пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж органамі ўлады

30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў сёння нараду па пытаннях пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж органамі дзяржаўнай улады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на пачатковым этапе станаўлення і развіцця краіны вырашэнне вялікага пласта пытанняў было замкнута на Прэзідэнце. "Гэта было зроблена для таго, каб навесці парадак у рабоце з бюджэтам, зберагчы дзяржаўную маёмасць, нетры, усё тое, што належыць (і я спадзяюся, будзе належаць) беларускаму народу. Не дапусціць алігархіі, абвальнай прыватызацыі і, як вынік, расслаення ў нашым грамадстве, выбудаваць ключавыя інстытуты ўлады", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён канстатаваў, што гэтыя працэсы сёння можна ацэньваць па-рознаму, ёсць розныя пункты гледжання на прынятыя рашэнні. "На што я заўсёды гаварыў: як змаглі, так зрабілі. Пасля нас зробяць лепш, валодаючы гэтым вопытам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Але галоўнае, падкрэсліў Прэзідэнт, што дзякуючы такому падыходу да размеркавання паўнамоцтваў удалося сканцэнтраваць розных прадстаўнікоў улады на правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі на ўсіх узроўнях. Сёння ў краіне выбудавана сістэма кантролю, адрэгуляваны механізмы беражлівай і эфектыўнай работы з фінансамі, а рашэнні, прынятыя на верхніх узроўнях улады, бездакорна даводзяцца да кожнага выканаўцы, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы прызнаў, што выканальніцкая дысцыпліна ў краіне кульгае. "Скажу адкрыта: напэўна, кожны з прысутных тут не думае, што ў нас поўная аднадумнасць, моцны апарат кіравання на розных узроўнях. Хапае і ў апараце кіравання, асабліва да апошніх падзей: некаторыя з-пад плінтуса паглядалі, як жа дзень волі пройдзе, веснавое наступленне працоўных і іншае. Потым зразумелі - не тое, як пішуць, асабліва расіяне, улада ўстаяла. Улада стаяла і будзе стаяць, мы дзяржаву захавалі і будзем яе далей умацоўваць. Таму, хто хоча працаваць - вылазьце з-пад плінтуса і пачынайце працаваць. У нас вельмі шмат работы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Вяртаючыся да пытання станаўлення дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што чвэрць стагоддзя - немалы этап развіцця, тым больш для такой маладой дзяржавы, як Беларусь. "Таму, як я гаварыў раней, настаў час яшчэ раз паглядзець на тое, якія рашэнні і на якім узроўні павінны прымацца", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Вывучыць магчымасць пераразмеркавання паўнамоцтваў і ўзмацнення адказнасці паміж рознымі органамі або галінамі ўлады Прэзідэнт даручаў яшчэ ў мінулым годзе. Савет Міністраў, мясцовыя органы ўлады і парламентарыі падрыхтавалі пакет прапаноў, якія могуць пашырыць сферу дзейнасці ўрада і іншых дзяржорганаў.

"Я іх уважліва вывучаў. І мая першая прапанова - не трэба імгненна, агулам усё прымаць. Гэта павінен быць эвалюцыйны працэс. Але да ўнясення праекта новай Канстытуцыі на рэферэндум мы павінны гэты працэс завяршыць. Гэта значыць на працягу бягучага года трэба канчаткова вызначыцца, якія паўнамоцтвы будуць у Прэзідэнта, урада, парламента, губернатараў, калі трэба - і ніжэй", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, частка рашэнняў сапраўды наспела сёння. Ён растлумачыў, што перад тым як трапіць да яго на падпісанне, дакументы праходзяць праз некалькі ўзроўняў кантролю, гэта значыць сістэма выбудавана. "Няма неабходнасці, можа, цягнуць асобныя рашэнні на ўзровень Прэзідэнта і рабіць гэты фільтр. Урад разумее, як трэба прымаць рашэнні, гэта ўсё аформлена заканадаўча. Таму па некаторых паўнамоцтвах ёсць падставы і неабходнасць пакінуць гэта на ўзроўні ўрада. Па іншых прапановах, я абсалютна перакананы, размываць паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы мы не будзем. Яшчэ раз падкрэсліваю: размова не ідзе пра Лукашэнку. Размова ідзе перш за ўсё пра будучыню. Гэта датычыцца ў першую чаргу тых сфер, дзе вырашаюцца важнейшыя пытанні для любога жыхара, суб'екта гаспадарання і дзяржавы ў цэлым. Больш таго, часта яны маюць незваротны характар", - сказаў Прэзідэнт.

Перш за ўсё размова ідзе пра зямельныя адносіны, а дакладней пытанні распараджэння зямлёй, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Тут маё жалезнае патрабаванне: на землі сельгаспрызначэння або ляснога фонду прэтэндаваць можна толькі па асобным рашэнні Прэзідэнта", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Па іншых момантах мы актыўна абмяркуем кожны блок пытанняў, заслухаем абгрунтаванні для прыняцця канчатковых рашэнняў", - дадаў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі