Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 верасня 2021, 15:59

Лукашэнка разлічвае на лібералізацыю гандлю паслугамі і бачыць перспектывы ў анлайн-пляцоўках Кітая

2 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступіў на Глабальным саміце гандлю паслугамі ў Пекіне. Відэазапіс выступлення кіраўніка беларускай дзяржавы прадэманстраваны сёння на форуме, паведамляе БЕЛТА.

"За гады трывалай дружбы Беларусі і Кітая мы не раз пераконваліся ў паслядоўнасці палітыкі Пекіна, які аб'яднаў мноства дзяржаў у рамках ініцыятывы "Пояс і шлях" на ўмовах справядлівага, раўнапраўнага, узаемавыгаднага супрацоўніцтва. Больш таго, перажытыя ўзрушэнні, абумоўленыя пандэміяй і іншымі глабальнымі выклікамі, толькі ўмацавалі яго", - заявіў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што правядзенне выставы ў такі няпросты час - вельмі важны і сімвалічны крок Кітайскай Народнай Рэспублікі, бо закрыццё граніц, зніжэнне турыстычнай актыўнасці, разрыў лагістычных ланцужкоў і рост пратэкцыянізму, каласальны націск на сістэму аховы здароўя, адмена міжнародных культурных мерапрыемстваў сталі беспрэцэдэнтным выпрабаваннем для рынку паслуг.

У той жа час, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, крызіс стымуляваў бум лічбавых тэхналогій і паслужыў своеасаблівым імпульсам для якаснай перазагрузкі традыцыйнай сферы паслуг. "У гэтым кантэксце ўражвае перадавы вопыт Кітая па развіцці і ўкараненні паслуг дыстанцыйнай адукацыі, анлайн-дыягностыкі і лячэння, прымяненні лічбавых тэхналогій у галіне турызму", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Беларусь удзяляе асаблівую ўвагу нарошчванню экспарту і імпарту паслуг. Разлічваем на пашырэнне супрацоўніцтва з Кітаем у гэтай сферы як адным з ключавых партнёраў нашай краіны. У якасці прыярытэтнага напрамку бачым сумесную работу дзяржаў па далейшай лібералізацыі гандлю паслугамі, устараненні бар'ераў, прыцягненні інвестыцый. У апошнія гады мы сталі сведкамі актыўнага росту глабальнай электроннай камерцыі, у тым ліку трансгранічнай, аб'ёмы якой прырастаюць на 50 працэнтаў штогод. Гэты інструмент стаў эфектыўным рэсурсам для аднаўлення эканамічнага росту. Беларусь бачыць вялікія перспектывы ў выхадзе на кітайскія анлайн-пляцоўкі для прасоўвання не толькі тавараў, але і паслуг у сферах адукацыі, турызму, медыцыны", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што каранавірус нанёс каласальны ўрон турыстычнай галіне. "Мы павінны актывізаваць распрацоўку мер для далейшага павелічэння аб'ёму аказання турыстычных паслуг", - упэўнены ён.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што свет перажыў і "лагістычны калапс". "Дзякуючы ўнікальнаму геаграфічнаму становішчу Беларусі наша транспартная інфраструктура карыстаецца актыўным попытам у якасці надзейнага транзітнага калідора "Пояса і шляху". З 2014 па 2020 год нам удалося ў 14 разоў павялічыць аб'ёмы чыгуначных кантэйнерных перавозак, што ажыццяўляюцца праз нашу краіну па маршруце Кітай - Еўропа - Кітай. Рэспубліка Беларусь і ў далейшым будзе прымаць усе неабходныя меры для забеспячэння бесперабойнага руху чыгуначных саставаў па гэтым маршруце", - запэўніў беларускі лідар.

На заканчэнне ён падкрэсліў, што Беларусь прадоўжыць уносіць свой уклад у хутчэйшае аднаўленне сусветнай эканомікі і развіваць разнапланавае і ўзаемавыгаднае міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы паслуг. Арганізатарам мерапрыемства Прэзідэнт пажадаў поспехаў, а ўсім удзельнікам - плённай працы.

Міжнародны форум па гандлі паслугамі CIFTIS - буйнейшая ў Кітаі экспазіцыя ў гэтай галіне. Яна праходзіць у Пекіне з 2012 года і з'яўляецца пляцоўкай для абмену вопытам аказання паслуг у сферах фінансаў, транспарту, лагістыкі, інфармацыйных тэхналогій, электроннага гандлю, аховы здароўя, аховы навакольнага асяроддзя, турызму і іншых. Гэта адна з трох асноўных кірмашовых пляцовак Кітая нараўне з шанхайскім "Імпарт ЭКСПА" і Кантонскім кірмашом у Гуанчжоу.

Экспазіцыя CIFTIS-2021 асвячае пытанні лічбавай эканомікі, вугляроднай нейтральнасці, а таксама прафілактыкі эпідэмій.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі