
22 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разам з сынамі наведвае музей, пабудаваны ў мемарыяльным комплексе "Хатынь", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўніку дзяржавы паказалі экспазіцыю музея, дзе расказваецца не толькі аб трагедыі Хатыні, але таксама праз сувязь пакаленняў і эпох дэманструецца, якія войны, цяжкасці і нягоды выпалі на долю продкаў сучасных жыхароў Беларусі, як ім даводзілася абараняць сваю родную зямлю і права жыць на ёй. Асноўны акцэнт зроблены на падзеях Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.
Музей напоўнены мноствам экспанатаў і сучасных інтэрактыўных тэхналогій, якія даюць магчымасць максімальна рэалістычна расказаць пра страшныя падзеі мінулых гадоў. За кожнай сцяной, кожнай фатаграфіяй у музеі - страшныя злачынствы, учыненыя фашыстамі і іх саўдзельнікамі на беларускай зямлі.
Агульная лічба спаленых і пацярпелых у Беларусі вёсак - 10 961. Але і яна, як расказалі Прэзідэнту, не канчатковая.
"Гэта сапраўды арыгінальна і непаўторна", - адзначыў пасля праведзенай экскурсіі кіраўнік дзяржавы.
Ён звярнуў увагу, што раней пра падзеі ваенных гадоў часам расказвалі ў некаторай ступені кіношна. Але ў новым музеі ўсё максімальна блізка да рэальнасці. "Усё проста і зразумела. Менавіта так, як тады было", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён упэўнены, што экспазіцыя павінна ўразіць наведвальнікаў.-Э-