Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
05 сакавіка 2024, 13:27

Лукашэнка растлумачыў, чаму ў беларускім грамадстве асаблівае стаўленне да жанчын

5 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з актывам Беларускага саюза жанчын заявіў, што ў беларускім грамадстве асаблівае стаўленне да прадстаўніц прыгожага полу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Прэзідэнта, гэтаму ёсць тлумачэнне - такое стаўленне з гісторыі. "Беларуская жанчына нараўне з мужчынамі падзяліла цяжар ваеннага перыяду. Ратавала раненых на полі бою, працавала ў тыле, аказвала дапамогу партызанскаму руху, удзельнічала ў падпольным руху. Ёй выпала нялёгкая доля аднаўлення краіны ў пасляваенныя гады. Страціўшы на фронце мужоў, бацькаў, сыноў, нашы бабулі і маці знайшлі ў сабе сілы адрадзіць краіну нанава.

І трэба мець на ўвазе, што на гэтым кавалку зямлі, дзе размешчана наша Беларусь, наогул мужыкоў не засталося: усе былі знішчаны або на фронце, або ў партызанах, або ў падполлі. Калі зноў паўстала пытанне захавання дзяржавы, вы, знешне такія пяшчотныя, слабыя, ранімыя, аказаліся цвярдзей за метал. І ў гэтым былі прыкладам для мужыкоў. Мы проста не мелі права быць слабейшымі, не маглі здраджваць вам. Дзякуючы чаму выстаялі і разам перамаглі. Дзякуючы гэтаму мы і ёсць мужыкі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У БСЖ ёсць праект - "Беларуская Super жанчына". Штотыднёва галоўныя тэлеканалы краіны знаёмяць гледачоў з прадстаўніцамі прыгожай паловы чалавецтва, кожная з якіх імкнецца зрабіць свет лепшым і пачынае з сябе. "Гэта сапраўды пра вас. Добра, што вы расказваеце пра лепшых прадстаўніц вашай супольнасці. Беларускія жанчыны - сапраўдныя працаўніцы. Вы ўносіце значны ўклад у эканоміку краіны, рэалізуеце сябе ва ўсіх галінах, у тым ліку ў высокатэхналагічных і інавацыйных сектарах. Няма тых вышынь, якіх не дасягнулі б вы, беларускі. Ужо зусім хутка наша суайчынніца адправіцца ў космас, - нагадаў кіраўнік дзяржавы. - Нашы жанчыны-творцы не толькі вырашаюць штодзённыя задачы, але і спраўляюцца з вялікімі праектамі, ініцыююць і ўвасабляюць у жыццё новыя ідэі".

Прэзідэнт канстатаваў, што ёсць галіны, дзе мужчынам складана, а часам і немагчыма перасягнуць жанчын. Без дзейнага ўдзелу жанчын было б проста немагчыма развіццё такіх важнейшых для грамадства сфер, як медыцына і адукацыя. "Жанчына - гэта першы ўрач, таму што лячэнне - гэта не толькі скальпель і лякарствы. Гэта найперш пяшчотныя, акуратныя, клапатлівыя вочы жанчыны, калі ты прыходзіш да ўрача ў тым ліку", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-
 
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі