Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
11 лістапада 2022, 18:44

Лукашэнка растлумачыў, чаму не падтрымаў прапановы змяніць сістэму сацзабеспячэння і работу ФСАН

11 лістапада, Талачынскі раён /Кар. БЕЛТА/. Сістэма работы органаў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і Фонду сацабароны ў Беларусі выбудавана, праверана часам. Таму змяняць яе пакуль няма неабходнасці. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, адказваючы на пытанні журналістаў у час рабочай паездкі ў Талачынскі раён, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Напярэдадні кіраўнік дзяржавы заслухаў даклад аб удасканаленні работы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і мерах па ўзмацненні падтрымкі пенсіянераў. Былі агучаны прапановы ўрада па перафармаціраванні работы Фонду сацабароны. У прыватнасці, аб'яднаць у адным дзяржаўным органе поўнасцю ўвесь цыкл пенсійнага і сацыяльнага страхавання (бальнічныя і дзіцячыя дапамогі). Інакш кажучы, каб працэсы назначэння, выплаты пенсій і дапамог, а таксама крыніца іх фінансавання знаходзіліся ў веданні адной структуры - Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (цяпер яны падзелены паміж фондам і ўпраўленнямі сацабароны пры мясцовых органах улады, больш вядомымі ў народзе як "сабесы").

Выслухаўшы ўсе меркаванні, Прэзідэнт прапанаваныя навацыі не падтрымаў. І сёння ў час размовы з журналістамі падрабязна растлумачыў сваю пазіцыю па гэтым пытанні.

Аляксандр Лукашэнка лічыць правільным, што ў свой час было прынята рашэнне акумуліраваць пенсійныя сродкі ў Фондзе сацабароны. Як правільным было і рашэнне стварыць казначэйства, дзе канцэнтруюцца бюджэтныя сродкі. "Гэта ўсё правільна зроблена. У свой час я стварыў казначэйства, каб банкі не жыравалі на бюджэтных грашах і гэтых грашах (у ФСАН для пенсійнага забеспячэння. - Заўвага БЕЛТА), - усё гэта ў казначэйстве, агульны мяшок".

Вобразна кажучы, у ФСАН, як у мяшку, накопліваюцца ўсе паступленні для далейшых выплат пенсій і дапамог. "Што прапанавалі? Да гэтага мяшка ўсе райсабесы ўзяць з раёнаў і перадаць у фонд", - коратка сфармуляваў сутнасць навацый Прэзідэнт.

Для прыняцця ўзважанага рашэння кіраўнік дзяржавы пацікавіўся меркаваннем губернатара Мінскай вобласці Аляксандра Турчына і мэра Мінска Уладзіміра Кухарава. "Я кажу: "Хлопцы, вы разумееце, што райсабес - гэта орган улады, ён у райвыканкаме. Мы цяпер адтуль яго забіраем і аддаём у фонд". Фонд ніякай уладай практычна не валодае. І наогул, гэта будзе нейкае змешванне, - расказаў пра ўчарашнюю дыскусію Аляксандр Лукашэнка. - І потым, вы ў людзей, якія ў райсабесе, спыталі? Я ведаю іх меркаванне..."

Ён звярнуў увагу, што ўпраўленні і аддзелы сацыяльнай абароны пры рай- і аблвыканкамах - гэта вялікія структурныя падраздзяленні, дзе працуе шмат людзей. На іх дапамогу і ўдзел у грамадскіх мерапрыемствах, дадатковых сельгасработах пры неабходнасці можа разлічваць кіраўнік рэгіёна. Калі сабесы вывесці з падпарадкавання мясцовых органаў улады і аддаць у структуру ФСАН, як гэта паўплывае на кіруемасць усімі працэсамі, паставіў рэзоннае пытанне кіраўнік дзяржавы. "З Мінска нехта будзе там глядзець, як гэты аддзел працуе? Дзеля чаго? Каб было ў адных руках, грошы сабралі і з гэтага мяшка будуць размяркоўваць і назначаць? Дык яны, сабесы, і цяпер размяркоўваюць і назначаюць", - сказаў ён.

Да таго ж у людзей ёсць магчымасць прыйсці да губернатара або кіраўніка раёна, каб выказаць прэтэнзіі наконт работы органаў сацабароны. "Калі райсабес не вырашае, яны ідуць у райвыканкам, нават да старшыні. Ён іх прыме. А далей (у выпадку, калі прыняць прапанаваныя змяненні. - Заўвага БЕЛТА) старшыня скажа: "Гэта ж не маё, гэта ж там недзе, у Касцевіч у нейкім фондзе", - прывёў гіпатэтычны прыклад Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што цяпер склалася і працуе зладжаная, зразумелая сістэма: "Фонд сабраў грошы. Заяўку райсабес дае, што столькім пенсіянерам патрэбна пэўная сума. Хутка па казначэйстве пералічылі, грошы атрымалі. Працуе сістэма добрая".

"Я не бачу неабходнасці ламаць гэту сістэму. У нас ёсць самы кансерватыўны слой нашага насельніцтва - гэта ветэраны, пенсіянеры. Дык няхай працуе гэта кансерватыўная сістэма, але яна - правераная жыццём, - заявіў аб прынятым рашэнні Прэзідэнт. - Я так прыкінуў усё, і, наколькі я гэта ўяўляў і ўяўляю цяпер, матывацыі няма".

Растлумачыў Аляксандр Лукашэнка і тое, чаму адхіліў прапанову па ўсеагульным пераходзе на лічбавыя працоўныя кніжкі, што таксама абмяркоўвалася ўчора ў час даклада. Пытанне гэта датычылася вельмі вялікай колькасці людзей, бо працоўныя кніжкі ёсць практычна ва ўсіх, і Прэзідэнт у гэтым выпадку не выключэнне.

Сутнасць прапанаваных навацый Прэзідэнт коратка сфармуляваў так: "Кніжку гэту алічбаваць, не трэба нам гэтыя папяровыя кніжкі. Усё ў камп'ютар загналі, сістэму стварылі". Але адразу ў час дыскусіі ўзнікла пытанне забеспячэння бяспекі алічбаваных даных - каб не дапусціць іх уцечкі або страты з-за хакерскай атакі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не бачыць нічога дрэннага ў існаванні звычайных папяровых працоўных кніжак, тым больш што для многіх людзей старэйшага пакалення вельмі важна мець менавіта папяровы дакумент. "Нават я хачу, каб у мяне была працоўная кніжка (у звычайным папяровым выглядзе. - Заўвага БЕЛТА). Няхай ляжыць. Мая пойдзе кудысьці ў музей. А Ігар Тур у шафу схавае, няхай ляжыць, дзецям пакажа", - адзначыў Прэзідэнт.

Ініцыятыву поўнага пераводу ў лічбавы фармат працоўных кніжак і адмовы ад папяровых варыянтаў кіраўнік дзяржавы лічыць вельмі нясвоечасовай: "Проста недарэчы. Як быццам няма чым займацца. Калі мы ўзбаламуцім 2,5 млн пенсіянераў (ім і так праблем хапае), усё гэта перавернем, узбаламуцім, за год не зробім, а яшчэ ж колькі грошай патрацім на гэту алічбоўку, колькі тысяч людзей трэба наняць, каб яны правялі гэту алічбоўку..."

"Мы дамовіліся, што паступова, год за годам усё алічбуем, - рэзюмаваў Прэзідэнт. - Не трэба тут рэвалюцыйных узрушэнняў. Па некаторых напрамках, дзе прадугледжвалася кардынальна мяняць сістэму сацыяльнага забеспячэння, я не палічыў неабходным гэта рабіць. Пакуль сістэма спраўляецца. Навошта? Прыйдзе час - паглядзім яшчэ раз на гэта".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі