Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 снежня 2018, 12:57

Лукашэнка раскрытыкаваў тэмпы развіцця гарадоў-спадарожнікаў Мінска

20 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць недастатковымі тэмпы рэалізацыі праграмы па развіцці гарадоў-спадарожнікаў Мінска. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе з актывам сталіцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што некалькі гадоў таму было вырашана, што апорныя кропкі мінскай агламерацыі павінны зрушвацца ў бок гарадоў-спадарожнікаў - Дзяржынска, Заслаўя, Лагойска, Смалявіч, Фаніпаля і Рудзенска. "Аднак з 2012 года справа не пайшла далей за адзін здадзены дом у Смалявічах, - канстатаваў ён. - Яна і не зрушыцца, калі дзяржаўная праграма па вынасе вытворчых аб'ектаў правалена. А перанос запланаваных 12 прадпрыемстваў (напрыклад, "Беларускія шпалеры", абутковая фабрыка "Прамень", Мінскі завод ацяпляльнага абсталявання і іншыя) прыцягнуў бы ў рэгіёны рабочую сілу", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што недастаткова развіты хуткія і недарагія транспартныя зносіны з гарадамі-спадарожнікамі: "Вы ніколі не ўгаворыце чалавека туды пераехаць, калі ён будзе траціць на дарогу ад дома да работы больш за адну гадзіну".

"Як і калі Мінгарвыканкам плануе будаўніцтва новай магістралі Мінск - Нацыянальны аэрапорт, а таксама лініі скораснага трамвая, які будзе забяспечваць хуткую дастаўку пасажыраў? Гарады-спадарожнікі, індустрыяльны парк - гэта вектары развіцця і разгрузкі сталіцы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён пацікавіўся ў новага кіраўніцтва сталіцы, як бачыцца вырашэнне гэтых пытанняў з улікам устаноўленага парога ў памеры 2 млн чалавек. "Перасягнуць яго нельга. Гэта не капрыз, а ўмова камфортнага жыцця людзей, - заўважыў Прэзідэнт. - Шчыльнасць насельніцтва ў Мінску і так вышэйшая, чым у Варшаве, Берліне, Кіеве, Рызе, Вільнюсе і іншых сталіцах. Праблему перанасялення можна вырашыць толькі ва ўвязцы з пытаннямі эканамічнага развіцця горада".

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за 8 гадоў эканоміка горада прырасла крыху больш як на 20 працэнтаў, аднак гэта не можа быць падставай для гонару. "З аднаго боку, валавы рэгіянальны прадукт сталіцы на 70 працэнтаў фарміруецца ў сферы паслуг, гандлі і фінансах. З іншага - ён пакуль яшчэ рэсурсаёмісты, а прамысловыя прадпрыемствы адстаюць ад патрабаванняў сучаснага рынку і экалагічных норм. Сярэдні паказчык рэнтабельнасці не можа дасягнуць двухзначнай лічбы і вагаецца каля яе", - сказаў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі