Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 жніўня 2021, 12:05

Лукашэнка расказаў падрабязнасці ранішніх тэлефонных размоў з замежнымі лідарамі па Афганістане

30 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Таджыкістана Махмадшарыфам Хакдодам падзяліўся падрабязнасцямі сваіх ранішніх размоў з замежнымі лідарамі па тэматыцы Афганістана, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Толькі што размаўляў з вашым Прэзідэнтам (Таджыкістана Эмамалі Рахмонам. - Заўвага БЕЛТА). Паўгадзіны ён, як найбліжэйшы сябар, расказваў аб сітуацыі, якая складваецца ў Афганістане. Дарэчы, вельмі шмат новай інфармацыі, якой у СМІ не чутна і не бачна. Вельмі сур'ёзная і напружаная сітуацыя. Я яму вельмі ўдзячны за тое, што ён шчыра мне расказаў усё, што там адбываецца. І наколькі важна нам сёння працаваць з Таджыкістанам, іншымі рэспублікамі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ў Таджыкістана вялікая працягласць граніцы з Афганістанам. "Граніцу трэба ўмацоўваць, граніца складаная. Яна і ў савецкія часы была складанай. Цяпер тым больш", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ўсё гэта лягло на плечы таджыкскага народа і Таджыкістана. "Зразумела, што людзей - абараніць граніцу - у вас дастаткова. Патрэбны сучасныя сродкі, узбраенне", - сказаў ён.

У час тэлефонных размоў, у тым ліку з Эмамалі Рахмонам, абмяркоўвалася выпрацоўка агульнай пазіцыі, узгадненне пазіцыі па Афганістане па лініі АДКБ - ШАС. "Усё гэта мы паклалі на плечы Эмамалі Шарыпавіча ў час сустрэчы ў Душанбэ (дзе пройдуць саміты АДКБ і ШАС. - Заўвага БЕЛТА) у сярэдзіне верасня", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Звяртаючыся да пасла, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сустрэча з ім важна напярэдадні візіту ў Таджыкістан. "Усё ж такі вы (таджыкскі бок. - Заўвага БЕЛТА) валодаеце большай інфармацыяй, чым усе астатнія рэспублікі і нават дзяржавы ў свеце. Я абсалютна ўпэўнены. Нават вы валодаеце большай інфармацыяй, чым ЗША, якія непасрэдна там працуюць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы пры гэтым заўважыў, што Прэзідэнт Таджыкістана, можна сказаць, дзесяцігоддзямі папярэджваў аб надзвычайна небяспечным развіцці сітуацыі ў Афганістане: "Мы так гэта ўсё слухалі, разумелі (у свеце ўсюды няпроста) і як радавую падзею, напэўна, успрымалі. І наколькі ён меў рацыю!"

"Таму і з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным мы сёння размаўлялі, я хачу яшчэ пагаварыць з Мірзіёевым (Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў. - Заўвага БЕЛТА) аб сітуацыі ў тым рэгіёне, каб мець дакладную карціну перад пасяджэннем АДКБ. І ўсе згадзіліся з маёй прапановай правесці кансультацыі па лініі АДКБ - ШАС. Усё будзе ў Душанбэ - кіраўнікі будуць там на месцы. І нам важна было б паглядзець, а якую пазіцыю зойме ШАС", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі