Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
01 верасня 2021, 13:47

Лукашэнка расказаў, калі будуць зацверджаны саюзныя праграмы з Расіяй

1 верасня, Бабруйск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія плануюць падпісаць саюзныя праграмы на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам у час рабочай паездкі ў Бабруйск, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Перш за ўсё хачу падкрэсліць (цяпер жа будуць вякаць, што здаём суверэнітэт і незалежнасць і гэтак далей): мы больш як тры гады таму, яшчэ ў Сочы, паставілі перад урадамі задачу - зрабіць чарговы крок у нашым саюзным будаўніцтве. Неяк усё замылілі, не было яркіх прарыўных рухаў, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Тады, рэагуючы на патрабаванні народаў, мы з Прэзідэнтам Расіі прынялі рашэнне зрабіць нейкія крокі".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пасля гэтага ва ўрадах былі выпрацаваны больш за 30 так званых дарожных карт. Яны датычыліся развіцця супрацоўніцтва па розных напрамках. З часам гэтыя дарожныя карты ператварыліся ў саюзныя праграмы, іх засталося 28. "Гэта ўжо будуць падпісаныя дагаворы да выканання. Не проста карты, па якіх нехта ісці будзе", - растлумачыў беларускі лідар.

Падпісаць іх на прэзідэнцкім узроўні плануецца на Вышэйшым дзяржсавеце. Яго пасяджэнне хочуць правесці ў кастрычніку-лістападзе. "Калі мы дамовімся канчаткова з Прэзідэнтам Расіі 9-га (на 9 верасня намечаны перагаворы двух лідараў. - Заўвага БЕЛТА), то 10-11-га ўрады збяруцца, разгледзяць, прымуць гэтыя праграмы. А потым мы іх зацвердзім на Вышэйшым дзяржсавеце", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што Беларусь і Расія жывуць у агульнай эканамічнай прасторы. Але, напрыклад, ёсць праблемы з прасочвальнасцю тавараў (гэта пытанне, дарэчы, абмяркоўвалася на нядаўняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта). "Мы павінны бачыць, куды ён прыйшоў, якія пошліны, падаткі выплачваюцца. Празрыстасць павінна быць, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Мы дамовіліся аб поўнай лічбавізацыі гэтага працэсу. Гэта адна з праграм".

Больш цеснаму эканамічнаму ўзаемадзеянню будзе садзейнічаць і паглыбленне супрацоўніцтва ў падатковай сферы. "Мы павінны ведаць, хто якія падаткі выплачвае. Якая база ў іх, якая - у нас. І мы таксама гэта алічбавалі і прынялі як адзіную праграму", - прывёў яшчэ адзін прыклад Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў, што гэтыя саюзныя праграмы вельмі выгадныя для Беларусі і Расіі ва ўсіх адносінах. "Расія будзе дакладна разумець, што такое для іх Беларусь і якую ролю Беларусь па розных напрамках здольна адыграць у лёсе самой Расіі", - звярнуў ён увагу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі