Сцяг Субота, 22 сакавіка 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 лютага 2025, 15:17

Лукашэнка расказаў, як пранікся дабратой баптыстаў і працавітасцю старавераў

10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій расказаў, як пранікся дабратой баптыстаў і працавітасцю старавераў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт расказаў, што ў жыцці яму даводзілася сутыкацца з прадстаўнікамі самых розных канфесій, у тым ліку і з баптыстамі. Прэзідэнт згадаў ад адным з выпадкаў, які адбыўся яшчэ ў савецкія гады.

"На тэрыторыі нашай гаспадаркі было некалькі вёсак, практычна чыста баптысцкія. Я як сакратар парткама думаў: я туды з'езджу. Я прыехаў, пагаварыў са многімі. Добрыя такія людзі, у асноўным старэйшага ўзросту. Я пранікся моцным пачуццём павагі да гэтых людзей. І як толькі пачыналі пра баптыстаў нешта гаварыць, я заўсёды за іх заступаўся: вы што, вось у мяне на тэрыторыі гаспадаркі ёсць гэтыя людзі, і я ў іх бываў - гэта вельмі добрыя людзі, вельмі прыстойныя".

Падобным чынам у Аляксандра Лукашэнкі, паводле яго слоў, склаліся і адносіны са стараверамі. З імі ён пазнаёміўся бліжэй ужо ў прэзідэнцкія гады.

"Гэтыя старыя потым працавалі ў нас на адным аб'екце. Гавораць: "Вы прыязджайце ў нашу вёску, мы гатовы ажаніць вас са сваёй дзяўчынай". - "Вы ж замуж выходзіце або жэніцеся толькі са сваімі". - "Мы гатовы!" Я ўсё абяцаў туды прыехаць, але так і не прыехаў у тую вёску. А цяпер (у мінулым або пазамінулым годзе) я гэта ўспомніў. Аказваецца, ужо ў той вёсцы не засталося гэтых (старавераў. - Заўвага БЕЛТА) і старых, і моладзі - раз'ехаліся. Можа, адзін-два чалавекі жывуць, але гэта ўжо не вёска старавераў", - расказаў кіраўнік дзяржавы.

"Але якія гэта былі рабацягі. Цяжка сабе ўявіць. Яны такія працавітыя былі людзі. Яны будавалі там аб'ект адзін, і я, калі туды прыязджаю, адразу ўспамінаю старавераў, таму што такіх працавітых людзей ні да, ні пасля гэтага я больш не бачыў. І гэта стараверы пабудавалі той аб'ект, дзе адпачываюць нашы людзі, я часам бываю там, у Віцебскай вобласці, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - У мяне з нашымі евангельскімі хрысціянамі, баптыстамі, стараверамі былі ў жыцці такія канкрэтныя выпадкі, і яны праз дзесяцігоддзі засталіся ў маім сэрцы".

У час сустрэчы было адзначана, што евангельскія хрысціяне-баптысты ўжо 150 гадоў вызнаюць сваю веру на беларускай зямлі. "Сітуацыя не заўсёды была спрыяльнай для евангельскіх вернікаў, але мы рады, што нашы папярэднікі, прайшоўшы праз ганенні, захавалі веру і перадалі яе нам. І я хачу выказаць вам удзячнасць за тое, што з самага пачатку існавання незалежнай Беларусі мы можам свабодна пакланяцца, вызнаваць сваю веру, вучыць дзяцей, моладзь. Мы ўдзячны за мір у краіне, за добрыя адносіны паміж рэлігіямі", - сказаў старшыня Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Беларусі Леанід Міховіч.

"Мы маем магчымасць узаемадзейнічаць з нашымі аднаверцамі з іншых краін. Яны да нас прыязджаюць у госці. Апошнім часам не так часта, але ёсць госці з Еўропы, Амерыкі. І звычайна яны здзіўляюцца тым магчымасцям, якія мы маем. Здзіўляюцца, вядома, парадку, бяспецы, умовам жыцця тут, таму што едуць з іншымі ўяўленнямі. Мы ўдзячны за магчымасць бязвізавага ўезду і спадзяёмся, што такія ўмовы захаваюцца, каб людзі маглі прыязджаць і бачыць на свае вочы, што адбываецца ў Беларусі", - дадаў Леанід Міховіч.

Паводле яго слоў, адносіны царквы і дзяржавы перасякаюцца ў дзвюх сферах - гэта падтрымка сямейных каштоўнасцей і сацыяльнае служэнне, міласэрнасць.

"У нашых цэрквах сямейныя каштоўнасці заўсёды займалі важнае месца. І мы ўдзячны за тое, што дзяржава клапоціцца аб сям'і пачынаючы з самага яе зараджэння: маральная, фінансавая дапамога, вырашэнне жыллёвых пытанняў. У нас нямала шматдзетных сем'яў, і многія сем'і атрымалі кватэру або пабудавалі дамы дзякуючы клопату дзяржавы. Я думаю, што гэты фокус на сям'і больш чым апраўданы", - падкрэсліў старшыня рэлігійнага аб'яднання.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі