21 студзеня, Лунінец /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час размовы з журналістамі расказаў, як другі раз перахварэў на COVID-19, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што пры з'яўленні першых сімптомаў хваробы тэст на наяўнасць каранавіруса не здаваў. Малодшы сын Мікалай прапанаваў яму зрабіць экспрэс-тэст - ён паказаў адмоўны вынік. Аднак на наступны дзень самаадчуванне пагоршылася.
"Думаю, трэба мазок здаць - на 32-33 цыкле. Гэта ўжо, лічы, перахварэў і заразы няма, гэта значыць, заразіць ты ўжо не можаш. Фактычна на нагах перанёс. Не вельмі добра сябе адчуваў, але на лыжах бегаў, дровы сек, усё рабіў, як раней. Адзінае, не гулялі ў хакей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, на гэты раз захворванне ён перанёс намнога лягчэй, чым мінулы раз: "Гэта неба і зямля. Мне было не вельмі добра, але я не мог не прыехаць на аэрадром, не сустрэць сваіх "дзяцей" - 250 чалавек, якіх я паслаў у невядомае (міратворчы кантынгент, які вярнуўся з Казахстана. - Заўвага БЕЛТА). Я не мог не ўручыць прэміі "За духоўнае адраджэнне", хоць ужо былі варыянты, што я выступлю, пайду, а хтосьці іншы будзе ўручаць. Я падумаў: пакрыўдзяцца людзі, няма куды дзявацца. Нараджэнне Хрыстова - я храмы і тады не закрываў (у пачатку пандэміі. - Заўвага БЕЛТА) і быў у храме, а цяпер як не прыйсці? Прыём на стары Новы год - я заўсёды прымаў журналістаў, артыстаў, нашых культурных дзеячаў, чыноўнікаў. Як іх не ўважыць, не ўзнагародзіць? Быў шэраг мерапрыемстваў, якія без Прэзідэнта быць не маглі".
А вось заразіцца, выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка, ён мог на хакейнай трэніроўцы: у студзені беларускія хакеісты вярнуліся са спаборніцтваў у ААЭ і хутка ў іх выявілі каранавірус.
"Цяпер я адчуваю сябе нармальна, голас крыху хрыпіць. Учора ўжо трэніраваліся", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт дадаў, што назірае, як у свеце развіваецца сітуацыя з каранавірусам і што гавораць аб гэтым розныя эксперты: "Адзін ці то амерыканскі, ці то заходні спецыяліст заявіў: "Калі амікрон такі лёгкі вірус, давайце перахварэем усе і гэта будзе вакцына для нас". З майго пункту гледжання, ідэальная прапанова".
У цэлым жа Аляксандр Лукашэнка прытрымліваецца старых прынцыпаў і раіць грамадзянам моцна не перажываць, калі ў іх выявілі каранавірус. "Параю не перажываць. Я ўжо даўно вам гаварыў, з самага першага разу: наша хвароба тут, у галаве. Як толькі вы пачынаеце войкаць, ахаць і бегаць чорт ведае куды - гэта бяда. Маладым людзям і перажываць няма чаго, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Я хачу ўсім гэтым жулікам міжнародным сказаць: хопіць ужо. Ужо нам вывернулі гэтыя кішэні настолькі, што там нічога не засталося. Ужо раздзелі ўсіх. Трэба ўжо заканчваць гэту пандэмію. Хопіць ужо, паздзекаваліся з людзей".-0-