Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
16 лютага 2024, 14:21

Лукашэнка расказаў, дзе спажыўкааперацыю не зможа замяніць ні адзін гіпермаркет

Фота з архіва
Фота з архіва
16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У спажывецкай кааперацыі ёсць свая ніша - магазіны крокавай даступнасці, і іх не заменіць ніводны гіпермаркет. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на агульным сходзе прадстаўнікоў членаў Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На жаль, прадаўжаецца ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння ўдзельнай вагі спажыўкааперацыі ў рознічным тавараабароце гандлёвых арганізацый краіны. Так, калі ў 2010 годзе на вашу долю прыпадала больш за 12 працэнтаў агульнага аб'ёму, то ў 2020-м - каля 4 працэнтаў, у 2023-м - недацягваеце да 3 працэнтаў. Пры наяўнасці значнай інфраструктуры недапрацоўваеце ў некаторых райцэнтрах і вялікіх населеных пунктах, адны страты ў вёсцы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў спажывецкай кааперацыі ёсць свая ніша - магазіны крокавай даступнасці і іх не заменіць ні адзін гіпермаркет.

"Зразумела, канкурэнцыя вельмі жорсткая. Але ў барацьбе за пакупніка вас ніхто не стрымлівае. Мінулы раз мы дамаўляліся аптымізаваць сам працэс арганізацыі гандлю - ад закупкі тавару, уваходных цэн, асартыменту, дастаўкі ў гандлёвыя аб'екты да яго выкладкі, рэкламы і да таго падобнае. Гаварылі пра адзінага аператара закупак, развіццё інтэрнэт-гандлю. У выніку нічога дзейснага вы так і не ўкаранілі, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Рукі апусцілі. А з нашага боку не было патрабавальнасці".

Але і на такім непрывабным агульным фоне ёсць арганізацыі, якія змаглі дастойна забяспечыць попыт насельніцтва, нарасціць аб'ёмы продажаў. А іх работа выклікае ў людзей толькі станоўчыя водгукі, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Стабільна з чыстым прыбыткам апошнія пяць гадоў працуюць Брэст і Гродна. Але я гэта гавару з вялікай апаскай: трэба вельмі сур'ёзна паглядзець, што гэта за прыбытак. Я пакуль не падвяргаю крытыцы, але бяру пад сумненне. Трэба дакладна ведаць. Калі яны сапраўды спрацавалі з прыбыткам, хто перашкаджае іншым? Пры гэтым гродзенцы аднымі з першых завяршылі структурную перабудову, працуюць як адзіная юрыдычная асоба, актыўна ўкараняюць аўтаматызацыю і прынцыпы сеткавага гандлю. І прыклады рэнтабельнай работы мясцовых райпо ёсць ва ўсіх абласцях. Што ж перашкаджае астатнім працаваць так, каб людзі не скардзіліся ў выканкамы і не пачыналі бурныя дэбаты ў сацсетках? Так, аб такіх выпадках мяне вельмі падрабязна інфармуюць", - заўважыў Прэзідэнт.

Ён упэўнены, што пры ўсіх недахопах рэзервы ў спажыўкааперацыі вялізныя. "І там, дзе аб'ектыўна вам неабходна дапамагчы, дзяржава заўсёды падстаўляла і будзе падстаўляць плячо. Але варушыцца трэба і самім", - падкрэсліў беларускі лідар.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі