Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
17 лістапада 2019, 14:26

Лукашэнка расказаў аб тратах на ўтрыманне сумесных з Расіяй аб'ектаў

17 лістапада, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў на выбарчым участку, расказаў аб тратах на ўтрыманне сумесных з Расіяй аб'ектаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы некалі лічылі. Я не стану называць лічбы, каб потым мяне там, у Расіі (калі не вы, дык нехта іншы)... Яны заўсёды выбіраюць якое-небудзь слова і пачынаюць бамбіць так, як ім хочацца, хоць я нават не меў на ўвазе гэтага", - сказаў Прэзідэнт. У якасці прыкладу ён прывёў каментарыі ў расійскіх СМІ вакол нядаўняга рашэння Беларусі перагледзець дагавор аб ахове дзяржграніцы. "Сказалі, што Лукашэнка хоча больш грошай на граніцу. Не трэба больш. Пакуль няхай палову аддадуць таго, што мы трацім", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён растлумачыў, што мэтай змяненняў павінна стаць узмацненне аховы граніцы.

Успомніў Прэзідэнт і аб папроках у СМІ вакол куплі Беларуссю расійскіх самалётаў Су-30СМ - нібыта іх хацелі купіць ледзь ці не бясплатна. "Я нічога бясплатна не хачу. Я хачу, каб гэта была прымальная цана. А калі вы нашым ваенным, якія будуць абараняць і Расію, паставіце ўзбраенне бясплатна, у арэнду і гэтак далей, думаю, у Расіі людзі гэта зразумеюць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Асобна Прэзідэнт закрануў абаронную тэматыку і затраты Беларусі на ўтрыманне агульнай з Расіяй сістэмы проціпаветранай абароны. "Ад Чорнага мора да Балтыкі мы бачым усё. І ў Расіі на гэтым напрамку нічога няма. Каб аднавіць гэта, напрыклад, калі яны захочуць, пад Смаленскам, уявіце, колькі трэба грошай, каб кожны дзень бачыць, чуць нават не ў Беларусі, а ў краінах НАТА. Уявіце, якія гэта затраты!" - сказаў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што ў свой час згадзіўся, каб беларуская сістэма ППА працавала і ў інтарэсах Расіі, была сумеснай. "Я на гэта пайшоў. Мы ў іх грошай не прасілі. Але калі яны пачалі лічыць грошы і нам выстаўляць рахункі на прыродны газ, іншую сыравіну, падатковы манеўр правялі і кажуць, што мы нахлебнікі... Добра. Давайце будзем лічыць, плаціць адзін аднаму, калі яны хочуць. Я лічу, гэта не наш шлях. Мы родныя, блізкія - беларусы і расіяне. Нам няма чаго дзяліць, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Навошта мы гэта робім? Не мы ў гэтым ініцыятары".

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што пяць-сем гадоў таму Беларусь прадставіла лічбы сваіх затрат на сумесныя праекты. "І ведаеце, ніхто нікому не вінен. А цяпер сітуацыя яшчэ больш абвастрылася. Вы ж бачыце, што адбываецца: НАТА і іншыя войскі, абарона, ракеты сярэдняй і малой далёкасці і гэтак далей. Я нядаўна ўладам Расіі гэта ўсё выклаў у вузкім коле і сказаў: добра, мы пачакаем, можа, і мы калі-небудзь вам спатрэбімся, - адзначыў Прэзідэнт. - Справа не ў лічбах. Я не бухгалтар і не збіраюся гэта лічыць, але калі трэба - палічым. Гэта каштуе нятанна".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі