
24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні расійскіх журналістаў на палях саміту АДКБ у Ерэване, расказаў аб ролі Беларусі ў спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне і трэндзе на мірныя перагаворы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнта спыталі аб магчымасці таго, што беларускія Узброеныя Сілы могуць увайсці на тэрыторыю Украіны. "Гэта глупства поўнае. Калі мы непасрэдна Узброенымі Сіламі, жывой сілай увяжамся ў гэты канфлікт, мы нічога да гэтага не дабавім, а зробім наадварот горш. Гэта не роля Беларусі ў гэтым канфлікце", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён растлумачыў, што Беларусь ніколі не адмаўлялася ад удзелу ў спецыяльнай ваеннай аперацыі і задзейнічана ў ёй па многіх напрамках, але без непасрэднага ўдзелу ваенных. "Мы не ўвязваемся, нікога не забіваем, жывую сілу туды не ўводзім, таму што ў гэтым няма неабходнасці", - сказаў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, сёння "не гэты трэнд" і патрэбна не ваенная эскалацыя, а перагаворы: "Нам трэба дамаўляцца. Дамаўляцца разумна і гаварыць аб міры". Аднак правядзенню перагавораў перашкаджаюць тыя, хто ў іх зусім не зацікаўлены, і аб гэтым трэба адкрыта гаварыць сусветнай супольнасці, лічыць Прэзідэнт. "Трэба выставіць Украіну і палякаў і амерыканцаў, якія за імі стаяць, у тым выглядзе, у якім яны павінны быць развернуты і паказаны ўсяму свету. Яны не хочуць ні на якія мірныя перагаворы (ісці. - Заўвага БЕЛТА). У іх, у амерыканцаў (яны там руляць праз палякаў), небяспека адна: ядзерны канфлікт, ядзерная зброя. Чаму? Таму што ў іх ужо будзе горача. Вось іх падыход", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
На думку кіраўніка дзяржавы, у рэчышчы накіраванасці да далейшай эскалацыі трэба разглядаць і расстрэл расійскіх ваеннапалонных украінскімі ўзброенымі сіламі. "Што вырашала пакаранне расійскіх хлопцаў? Яны што, хацелі яшчэ раз узрушыць рускага чалавека? Яны гэта зрабілі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама адзначыў адсутнасць логікі ў такіх дзеяннях, паколькі галоўны ўкраінскі прапагандыст Міхаіл Падаляк не раз звяртаўся да ваенных з прапановай здавацца ў палон, апынуўшыся на тэрыторыі Украіны. "Ну, добра, здаліся расіяне ў палон. Навошта вы іх расстралялі?" - рытарычна спытаў Прэзідэнт.
"Гэта насцярожвае, - прадоўжыў ён. - Гэта сведчыць аб тым, што іх за адно месца амерыканцы моцна трымаюць. Самастойныя разумныя людзі так не робяць".-0-