Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
21 лютага 2020, 11:19

Лукашэнка расказаў аб праведзенай тэлефоннай размове з Пуціным - абмяркоўвалі пастаўкі нафты

21 лютага, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў аб праведзенай тэлефоннай размове з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з губернатарам Архангельскай вобласці Расійскай Федэрацыі Ігарам Арловым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнікі дзяржаў, у прыватнасці, абмяркоўвалі пастаўкі энергарэсурсаў - нафты.

"Прашу прабачэння за спазненне. Прэзідэнт Расіі патэлефанаваў (вы ведаеце, што ў нас часам узнікаюць спрэчкі па асобных пытаннях). Ён унёс прапанову, каб мы над ёй падумалі, у тым ліку і па пастаўках нафты ў Беларусь. Мы, вядома, цяпер (гэта нечаканая была прапанова) спрабуем падлічыць яе. Але гэта, напэўна, не мае значэння. Таму што тавар расійскі. Расія можа прадаваць яго па справядлівых цэнах, можа прадаваць не па справядлівых. Таму што манапаліст. Мы ні ад каго больш нафту не атрымлівалі. Тое ж самае і па газу", - сказаў Прэзідэнт у пачатку сустрэчы.

"Дарэчы, Уладзімір Пуцін прапанаваў формулу палічыць, колькі мы ад змяншэння мытнай пошліны ў 2020 годзе страцім да ўзроўню мінулага года", - расказаў кіраўнік дзяржавы.

"Калі мы атрымлівалі ў мінулым годзе ад пошліны $1 млрд, дапусцім, а ў гэтым годзе за кошт зніжэння гэтай самай пошліны (яна ж увесь час зніжаецца) атрымаем $700 млн. Ён сказаў: мы $300 млн кампенсуем. У тым ліку за кошт прэмій кампаніям", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.

"Такая прапанова. Гэта хоць нейкі шлях да развязкі спрэчак. Па нафце пытанне стаіць так, што Расія гатова нам захаваць фінансавы ўзровень па нафце мінулага года. Хоць нейкі рух наперад. Мы цяпер палічым гэта ўсё. Але падлік гэты практычна не мае ніякага значэння. Таму што іншага варыянту пакуль няма з боку Расіі. Прасілі, каб мы гандлявалі нафту па сусветнай цане. Але кампаніі на гэта не згаджаліся. Да сусветнай цаны яны яшчэ прасілі дабавіць $12 прэміі. Таму што ў нас, бачыце, маржынальныя рынкі - Еўропы, Украіны, беларускі рынак", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён наконт гэтага сказаў Прэзідэнту Расіі: "Гэта наша перавага ўжо (маржынальныя рынкі. - Заўвага БЕЛТА). А ў вас перавага, што ў вас нафта ёсць".

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што даручыў прэм'ер-міністру, каб усё было разлічана і, нарэшце, дасягнута пагадненне па далейшай рабоце ў гэтай сферы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі