ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 11 мая 2021
Мінск Ясна +8°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 сакавіка 2021, 12:09

Лукашэнка расказаў аб падрабязнасцях перагавораў з Пуціным і адрэагаваў на домыслы

У час нарады
У час нарады

2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе па пытанні беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў ваеннай сферы расказаў аб падрабязнасцях нядаўніх перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным і адрэагаваў на домыслы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Пасля перагавораў у Сочы і тых пытанняў, якія былі ўзняты на гэтых перагаворах з Прэзідэнтам Расіі, мы дамовіліся, што шэраг пытанняў абмяркуем на ўзроўні кіраўнікоў урада і сілавога блока. Перш за ўсё, міністра абароны, дзяржсакратара. Мы вызначылі гэтыя пытанні. Вельмі шмат пісалі пра гэту сустрэчу. На жаль, працэнтаў 70 - гэта поўная брахня і выдумкі. Я нават не збіраюся цяпер пералічваць усе пытанні, якія былі абмеркаваны. Іх дзясяткі былі. Вельмі многія пытанні. Прытым рэвізаваны і абмеркаваны літаральна ўсе пытанні беларуска-расійскіх адносін", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, на сустрэчы з расійскім лідарам, у прыватнасці, абмяркоўвалася ўзаемадзеянне ў фармаце Саюзнай дзяржавы, пытанні кааперацыі, ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, рэалізацыі сумесных праектаў, процістаянне розным выклікам, у тым ліку знешнім. Пры гэтым, напрыклад, тэма прадастаўлення Беларусі расійскага крэдыту не абмяркоўвалася, і яе першапачаткова не было на парадку дня. Таксама не ўзнімалася пытанне так званага трансферу ўлады, аб чым пісалі некаторыя рэсурсы.

Аб інтэграцыі Беларусі і Расіі

"Кантэкст гэтых перагавораў, калі можна так сказаць, абмежаваны быў рамкамі Саюзнай дзяржавы. Першапачаткова - як стваралася Саюзная дзяржава, аб чым дамаўляліся, на якім узроўні знаходзімся цяпер і на што здольныя выйсці", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адказаў на некаторыя выдумкі і хлусню ў розных крыніцах. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што "беларусы жывуць у сваёй кватэры", хоць яна і невялікая ў параўнанні з велізарнай Расіяй. "І мы суверэнная і незалежная дзяржава. Сёння свет змяніўся настолькі, што размовы аб тым, што Беларусь павінна ўвайсці ў склад Расіі або Расія павінна ўвайсці ў склад Беларусі, або мы наогул неяк павінны зліцца, стварыўшы адзіныя органы кіравання... Свет настолькі змяніўся, што проста было б неразумна нават працаваць у гэтым напрамку. А па-другое, гэта абсалютна не патрэбна. Таму што, існуючы як суверэнная незалежная дзяржава, мы можам выбудаваць такую сістэму адносін, што гэта сістэма будзе мацнейшая, чым у самой Расійскай Федэрацыі ўзаемаадносіны асобных тэрыторый", - упэўнены беларускі лідар.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў Беларусі і Расіі практычна аднолькавы ўзровень развіцця па розных напрамках, і калі краіны захочуць, то змогуць выбудаваць такую сістэму ўзаемаадносін. "І мы вельмі многае зрабілі для гэтага. Мы проста аб гэтым не гаворым. У нас жа людзі маюць роўныя магчымасці. Як бы ні было складана, суб'екты гаспадарання разумеюць на перагаворах адзін аднаго, шмат чаго дасягнулі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы тым не менш адзначыў, што часам па некаторых напрамках прысутнічае неразуменне. Ён прывёў прыклад, калі ў Расіі нядаўна падскочылі цэны на цукар, то Прэзідэнт Уладзімір Пуцін вельмі жорстка адрэагаваў на гэту тэму, папракнуўшы Саюз вытворцаў цукру Расіі. "Яны, аказваецца, у 2020 і 2019 гадах запэўнівалі Прэзідэнта, што беларусы запаланілі сваім цукрам Расію. Хоць гэта наогул немагчыма", - падкрэсліў ён.

Больш таго, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пераконвалі ў тым, што беларускія вытворцы завозяць цукровы трыснёг, перапрацоўваюць яго і пастаўляюць вырабленую прадукцыю на ўнутраны рынак, а ў Расію экспартуюць свой бураковы цукар. "Гэта немагчыма таму, што ў нас вытворчасць перабудавана поўнасцю і мадэрнізавана пад перапрацоўку буракоў. Мы ўжо, напэўна, гадоў 15, а можа і больш, не завозім трыснёг для перапрацоўкі. У нас строгая ў гэтым плане дамоўленасць. Але бачыце, як робяць таваравытворцы Расійскай Федэрацыі, - расказаў Прэзідэнт. - І малайчына Пуцін, ён жорстка іх адбрыў. Кажа, як жа так, вы ж мяне пераконвалі, што беларусы вам перашкаджаюць, што трысняговы ядуць там цукар, бураковы завозяць. А на самай справе гэта не так. Гэта значыць, і ў Расіі ёсць пэўныя... Ужо не сілы, гэта канкурэнцыя. Заводзяць у тупік цэлыя галіны Расіі, спасылаючыся на тое, што мы, нібыта, перашкаджаем. Мы нікому не перашкаджаем".

Аб дарожных картах і падатковых сістэмах

У час перагавораў у Сочы лідары дзвюх краін абмеркавалі і так званыя дарожныя карты. Прэзідэнт растлумачыў, што па большасці з іх няма ніякіх пытанняў, іх можна падпісваць ужо цяпер. Але па некалькіх напрамках супрацоўніцтва ёсць некаторыя нюансы, іх маюць намер дапрацаваць. У прыватнасці, бакі ўжо даўно абмяркоўваюць магчымае збліжэнне падатковых сістэм. "Галоўнае, каб гэта было празрыста і для Беларусі, і для Расіі. Каб не было тут нейкіх недагаворванняў, каб гэта не выклікала нейкіх падазрэнняў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра збліжэнне падатковага заканадаўства, кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што гэта тэма будзе яшчэ раз абмяркоўвацца на ўзроўні спецыялістаў. "Пуцін мне гаворыць: "Я гатовы накіраваць да цябе Мішусціна (прэм'ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін. - Заўвага БЕЛТА). Ваш урад, наш урад, работнікі падатковай службы сядуць і табе даложаць сутнасць прапаноў Расійскай Федэрацыі пасля таго, як мы месяц прыкладна папрацуем". Я згадзіўся. Калі ласка, прыедуць, сядзем, разам паглядзім навацыі расійскія. Калі гэта сапраўды навацыі, калі яны на карысць Беларусі, мы гэта прымем. Як Пуцін сказаў, калі гэта не падыходзіць, мы і працаваць не будзем ні па адным напрамку. Яго была прапанова: давайце зробім тое, што мы можам сёння прыняць. Што тут дрэннага? Нічога дрэннага ў гэтым не бачу".

Аб саюзе, да якога "камар носа не падточыць"

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што абаронныя і знешнепалітычныя ведамствы Беларусі і Расіі - прыклад супрацоўніцтва для іншых дзяржорганаў. "Таму мы будзем каардынаваць нашу абарончую палітыку на злобу дня, знешнюю палітыку. І мы поўныя рашучасці (гэта было наша агульнае меркаванне) стварыць такое аб'яднанне Беларусі і Расіі ў Саюзнай дзяржаве, што камар носа не падточыць. Ніхто нас не папракне, што нехта замахнуўся не нечую незалежнасць, суверэнітэт. Усё будзе прыгожа і дастойна", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Аб процістаянні санкцыям

"Хочам выбудаваць такія адносіны, каб мы не баяліся і не перажывалі наконт нейкіх санкцый. "Учора ўвялі санкцыі супраць Расіі, пазаўчора - супраць Беларусі. І ўжо гвалт нейкі, - адзначыў беларускі лідар. - Слухайце, 150 млн чалавек на такой тэрыторыі мы не можам накарміць? Лёгка! У гэтым ключы па ўсіх галінах мы аналізавалі сітуацыю. І прыходзілі да таго, што нам трэба пачынаць гэта рабіць. Нам трэба проста спланаваць, як робяць кітайцы, японцы гэта. Наколькі гэта магчыма, спланаваць нашы далейшыя дзеянні ў эканоміцы".

Аб кааперацыі

"Вельмі сур'ёзна было прааналізавана пытанне нашай кааперацыі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці прыкладу ён прывёў грамадзянскі авіяцыйны завод, які быў вынесены за межы сталіцы ў раён Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Прэзідэнт нагадаў, што на саміце ЕАЭС расійскім бокам узнімалася тэма магчымай кааперацыі ў авіяцыйнай галіне з улікам таго, што ў Расіі створаны сярэднемагістральны лайнер. Размова, напрыклад, можа ісці аб тым, каб некаторыя часткі, камплектуючыя, абслугоўванне перадаць замежным партнёрам у ЕАЭС. "І я ў Сочы, прадаўжаючы гэту размову, падзякаваўшы, сказаў яму аб гэтым, што мы такі завод перанеслі з цэнтра Мінска, пабудавалі. І мы гатовы не толькі абслугоўваць гэтыя самалёты, якія выпускаюцца ў Расіі, але і вырабляць некаторыя вузлы і камплектуючыя. Гэта значыць, ажыццяўляць больш цесную кааперацыю. Нам гэта выгадна", - заявіў Прэзідэнт.

У гэтым жа ключы ён выказаўся і аб супрацоўніцтве па лініі прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу, уключаючы "Інтэграл", авіяцыйны, бронетэхнічны напрамкі. "Гэтыя нашы заводы там запатрабаваны. Давайце, гавару, кааперыравацца. Прэзідэнт Расіі сказаў, што гэта ім вельмі цікава. Таму ў гэтым напрамку і ўраду, і дзяржсакратарыяту, Мінабароны трэба больш актыўна сябе паводзіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб фінансах

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што тэматыка адкрыцця новых крэдытных ліній у час сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Сочы не ўзнімалася.

"Шмат цяпер пісалі і гаварылі наконт крэдытаў. Ні пра якія крэдыты нават размовы не было. І ў матэрыялах у мяне не было нават тэмы гэтай. Ніхто не прасіў дадатковых крэдытаў. Нам гэта не патрэбна", - падкрэсліў беларускі лідар.

Тым не менш ён растлумачыў, адкуль узнікла гэта тэма. Калі яшчэ толькі задумвалася будаўніцтва Беларускай АЭС, то з кіраўніцтвам Расіі абмяркоўвалася прадастаўленне крэдыту на гэтыя мэты, што з'яўляецца нармальнай агульнасусветнай практыкай. "І тады я так па-сяброўску Пуціну гавару: калі я сэканомлю, то вы гэты крэдыт пакіньце ў Беларусі на іншыя патрэбы, дапусцім на ваенныя", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у выніку ўдалося сэканоміць, у тым ліку дзякуючы больш нізкаму кошту будаўнічых паслуг, зручнай лагістыцы для дастаўкі камплектуючых у параўнанні з будаўніцтвам АЭС па расійскіх тэхналогіях у іншых краінах. "Зразумела, што тут больш танная станцыя. Вось адкуль пайшла гэта тэма. Але мы яе не абмяркоўвалі. Я помню абяцанне Прэзідэнта Расіі. Адзінае, сказаў: калі гэта не напружвае эканоміку Расіі, мы будзем выкарыстоўваць астатак гэтага крэдыту, у тым ліку і на ваенныя патрэбы. Можа, і на закупку самалётаў і больш сучаснай тэхнікі. Непрымання не было", - сказаў Прэзідэнт.

Адзіная прапанова беларускага боку ў фінансавай сферы на перагаворах у Сочы датычылася магчымага ўдзелу "Газпрама" ў мадэрнізацыі "Гродна-Азота". "Можа, у іх будзе да гэтага цікавасць. Не будзе - мы самі будзем будаваць гэты камбінат. Ён нам патрэбны: попыт на азотныя ўгнаенні ў свеце вельмі вялікі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Азот з прыроднага газу - калі "Газпраму" цікава, мы можам з імі дамовіцца аб будаўніцтве. Усё, ні пра якія грошы размовы на гэтых перагаворах не было. Таму, калі нас там хочуць папракнуць у нечым, што мы зноў з працягнутай рукой - лухта поўная. Мы пакуль абыходзімся, дзякуй богу, пры ўсіх складанасцях з пандэміямі і закрыццём граніц, сваімі грашовымі сродкамі".

Аб развіцці ваеннага супрацоўніцтва

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, з тэмы ВПК бакі на перагаворах перайшлі на абарончую тэматыку. "Мы бачым, што адбываецца, - сказаў ён. - Наколькі сталі нахабнымі... Літаральна пару тыдняў таму самалёты НАТА ўжо аж на нашу граніцу выляталі. І што мы вымушаны былі зрабіць? Мы паднялі Су-30 - самалёт новы - і насустрач падляцелі да іх. Змыліся за сотню кіламетраў. Гэта сведчыць аб тым, што нас будуць пастаянна тузаць, а мы павінны адказваць", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што ў краін у 2014 годзе ў час правядзення чэмпіянату свету па хакеі быў вопыт, калі расійскія самалёты прыбылі ў Беларусь для нясення сумеснага дзяжурства з удзелам лётчыкаў абедзвюх краін. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што і ў далейшым можна выкарыстоўваць гэты вопыт. "Дайце нам гэтыя самалёты (дадаткова да існуючых у Беларусі. - Заўвага БЕЛТА). Але на гэтых самалётах, як тады, павінны лятаць расіяне і беларусы разам. А баз дастаткова, іх не трэба ствараць, навошта грошы дарэмна траціць... Лепш купіць або пабудаваць новыя самалёты для гэтага", - сказаў ён.

"Павінен сказаць, што непрымання ў Прэзідэнта Расіі я не знайшоў. Вядома, калі яны змогуць базіравацца на нашых базах і нашы хлопцы будуць лятаць разам з расіянамі, зразумела, трэба прасіць тады і ўзбраенне да гэтых самалётаў. І прытым самая сучасная зброя павінна быць. Мы не вядзём гаворку пра ядзерныя боегалоўкі. Мы вядзём размову пра звычайную зброю. Гэты блок, напэўна, быў самым шырокім у нашых перагаворах", - сказаў Прэзідэнт.

Вялікую ўвагу бакі ўдзялілі супрацоўніцтву ў ваеннай сферы. Беларусь і Расія маюць намер і далей дзейнічаць у рамках сумеснай групоўкі войскаў. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што расійская армія - адна з мацнейшых у свеце, і беларускім ваеннаслужачым было б нядрэнна пераймаць перадавыя методыкі вядзення баявых дзеянняў, асвойваць найноўшае ўзбраенне разам з расійскімі ваеннымі. "Вось гэты напрамак Прэзідэнтам Расіі быў з натхненнем падтрыманы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аб расхістванні ўнутранай сітуацыі ў краінах

Паводле слоў Прэзідэнта, на сустрэчы абмяркоўвалася і грамадска-палітычная сітуацыя ў абедзвюх краінах. "Зразумела, нас хісталі, іх хістаюць. Ідзе цяпер ужо не проціборства, а вайна ў сродках масавай інфармацыі. Мы разумеем, што нас будуць спрабаваць ужо не на зуб, а на ўсе зубы. Мы абмяняліся закрытай інфармацыяй, сакрэтнымі дакументамі, якія і наш Камітэт дзяржбяспекі, ГРУ Генштаба і іншыя здабываюць", - расказаў падрабязнасці Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што дэструктыўныя сілы цяпер будуць спрабаваць падтрымліваць пратэсную актыўнасць з дапамогай розных фэйкаў і ўкідаў. "У прыватнасці, цяпер нашы збеглыя (знайшлі "палац Пуціна") спрабуюць знайсці палац Лукашэнкі. Вось гэта ў іх цяпер самае галоўнае: укінуць у медыйную прастору больш гадасці для таго, каб у гэта вогнішча падкідваць дровы хаця б да красавіка. Ім трэба завесці народ у Беларусі, разварушыць, каб, як яны кажуць, цытую: "Не спала хваля актыўнасці". Таму яны будуць укідваць любыя фэйкі. Мы да гэтага гатовы", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

"Няхай шукаюць, паказваюць. А мы потым возьмем за руку некаторых з пратэстуноў і пакажам. Яны ўжо там дроны ўзнімаюць, лятаюць. Я так назіраю за гэтым і думаю: "Слухайце, ну калі вы хочаце нешта даведацца, вы звярніцеся да мяне. Мы вам пакажам любое памяшканне". Нават здымаюць прыватныя нейкія дамы і робяць фільм, як па Пуціну, каб гэта прыпісаць Лукашэнку. Гэта не атрымаецца. Яшчэ раз хачу і вам сказаць, і усім, хто мяне слухае. Лукашэнка за чвэрць стагоддзя нічога ў дзяржавы не ўкраў. І ніякіх палацаў", - сказаў Прэзідэнт.

Аб шматвектарнасці і непахісным вектары

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што некаторыя па-ранейшаму крытыкуюць Беларусь за яе шматвектарнасць. Пры гэтым, звярнуў ён увагу, такія людзі нават не ведаюць, у чым сутнасць знешняй палітыкі беларускай дзяржавы.

"Наша шматвектарнасць абумоўлена перш за ўсё нашай эканамічнай палітыкай. Калі Расійская Федэрацыя сёння гатова ўвесь экспарт Беларусі спажыць, ну дык і вектар будзе ў тым напрамку. Але Расія не гатова. Мы вымушаны і машынабудаўнічую прадукцыю, і прадукты харчавання, і нафтахімію, і хімію прадаваць на знешніх рынках, у трэціх краінах. І мы павінны гэта забяспечваць і дыпламатычна, і палітычна", - сказаў Прэзідэнт.

Акрамя таго, Беларусь стараецца выбудоўваць дружалюбныя адносіны з іншымі суседзямі, зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Захадам у цэлым, дзе ёсць фінансавыя і тэхналагічныя рэсурсы, і Кітаем. "Як жа не забяспечваць гэты вектар? Але пры гэтым мы гаворым, што Расія - гэта непахісна, гэта асноўны напрамак, па якім мы гатовы рухацца", - заявіў беларускі лідар. Паводле яго слоў, кіраўніцтва Расіі разумее беларускі бок у гэтым пытанні і падтрымлівае.

Аб "трансферы ўлады" ў Беларусі

А вось тэма "трансферу ўлады" ў Беларусі на перагаворах у Сочы не абмяркоўвалася, як паспелі ўжо напісаць у некаторых сродках масавай інфармацыі. Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу: "Ніякага трансферу быць у Беларусі не можа. Я ўжо сказаў: ніякія дзеці, ніякія ўнукі і праўнукі не могуць пасля прэзідэнта Лукашэнкі прэтэндаваць на гэту пасаду. Усё будзе згодна з Канстытуцыяй і законам. Канстытуцыю мы прымем, як я гаварыў, у студзені-лютым будучага года. Вось і ўвесь трансфер улады. Усе, нават вы ўчацвярых (удзельнікі нарады. - Заўвага БЕЛТА), можаце ўдзельнічаць у гэтых выбарах пасля Канстытуцыі - і ў парламенцкіх, і ў прэзідэнцкіх".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўнутраная палітыка Беларусі - гэта справа выключна самой Беларусі. "Таму ні пра які трансфер улады мы нават не гаварылі. Гэта было б нават непрыстойна з боку гаспадара гэтай сустрэчы. Як мы тут будзем арганізоўваць унутрана сваю краіну, гэта наша справа. Вось знешнюю палітыку, аб чым мы дамаўляліся, мы будзем каардынаваць, як цяпер", - дадаў беларускі лідар.

Аб агульнай Айчыне ад Брэста да Уладзівастока

"Усе нашы перагаворы былі заснаваны на стварэнні адзінай сістэмы па ўсіх напрамках, каб гэта было яшчэ больш цесна, чым супрацоўніцтва акруг і рэспублік у самой Расійскай Федэрацыі, - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы. - У нас ёсць цвёрдае разуменне, што гэта наша агульная Айчына ад Брэста да Уладзівастока, дзе сёння існуюць дзве незалежныя дзяржавы".

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ён як першы Прэзідэнт Беларусі як ніхто іншы зацікаўлены ў захаванні суверэнітэту беларускай дзяржавы. "У адваротным выпадку можна перакрэсліць усю чвэрць стагоддзя, якую мне давялося працаваць Прэзідэнтам", - адзначыў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі