Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 жніўня 2022, 13:44

Лукашэнка раіць кіраўніцтву Сербіі не спрабаваць уседзець на трох крэслах

2 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў гутарцы з журналістамі пракаменціраваў пытанне абвастрэння абстаноўкі ў Сербіі і выказаўся наконт магчымасці падтрымкі гэтай краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Трэба падзяляць кіраўніцтва і звычайны народ. Станьце на маё месца, як бы вы гэта ўсё разумелі. Вядома, сербскаму народу трэба дапамагаць і давядзецца дапамагаць. Мы такія людзі. Але мы ўлічваем палітыку Сербіі адносна Беларусі. Ну калі яны хочуць там, як кажуць, на трох крэслах уседзець, у іх не атрымаецца. Тут мы, Расія, Еўрасаюз, Амерыка і іншыя... І ўсюды хочуць, каб было добра. Але ім не дадуць сядзець на гэтых усіх крэслах, і перш за ўсё еўрасаюзаўцы, куды яны так імкнуцца. Ёсць праблема. Гэта, што называецца, пытанне пад дых", - сказаў Прэзідэнт.

Адказваючы на пытанне, што Беларусь можа зрабіць для Сербіі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яшчэ раней думаў над гэтым пытаннем: "Не ведаю, што для іх можна зрабіць. Я перш за ўсё паглядзеў бы, як яны паводзілі сябе ў час перыяду, калі супраць нас уводзілі санкцыі. Не хачу варушыць недалёкае мінулае, але паглядзіце..."

Прэзідэнт нагадаў, як ён у свой час зрабіў візіт у Сербію ў 1999 годзе фактычна пад бамбёжкамі НАТА. "Калі ты туды, рызыкуючы жыццём... Гэта сапраўды было небяспечна. Дагэтуль перад вачыма выпадак, калі натаўцы (яны ж там бамбілі ўсё) пусцілі нас на вышыню, як я на верталёце лятаю - 500 метраў. Яны думалі, што я вярнуся. Не, як загадаў пілотам: будзем ляцець на 500 метрах. Вядома, збіць самалёт яны маглі, але не рызыкнулі. Гэта было б ужо надзвычайна. Я ўсё роўна пад бамбёжкамі прыляцеў", - прыгадаў тыя падзеі кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што праз некалькі гадоў пасля гэтага кіраўніцтва Сербіі далучалася да нейкіх санкцый. "Вось я цяпер у роздуме. Але, з іншага боку, гэта наш народ. Сербы добрыя, талковыя людзі. Ну не пашанцавала ім, напэўна, у нечым, як і некаторым іншым", - сказаў Прэзідэнт.

Як паведамлялася БЕЛТА, міжнародная камісія пад эгідай Паўночнаатлантычнага альянсу ў самаабвешчаным Косаве (KFOR) заявіла аб гатоўнасці ўмяшацца ў сітуацыю на граніцы Косава і Сербіі, калі з'явяцца пагрозы стабільнасці ў рэгіёне.

Сітуацыя ў Косаве сур'ёзна абвастрылася 31 ліпеня. Падставай для канфлікту сталі дзеянні косаўскай паліцыі, якая перакрыла два КПП у цэнтральную частку Сербіі. Сербы, якія пражываюць на поўначы Косава, пачалі пратэсты, перакрыўшы асноўныя магістралі.

Раней сербскі лідар Аляксандр Вучыч заявіў, што абстаноўка ў Косаве для сербаў значна ўскладнілася. Ён таксама паведаміў аб планах Косава пачаць 1 жніўня акцыю па прызнанні несапраўднымі сербскіх дакументаў.

Вучыч заклікаў не паддавацца на правакацыі і прадухіліць канфлікт, захаваўшы мір. Таксама прэзідэнт Сербіі звярнуўся да краін, якія прызналі незалежнасць Косава: "Я таксама прашу прадстаўнікоў магутных і вялікіх краін, якія прызналі незалежнасць Косава, крыху паклапаціцца пра міжнароднае права, быць больш асцярожнымі з рэальнасцю і не дазволіць сённяшнім падапечным выклікаць канфлікт". Сербскі лідар запэўніў, што будзе маліцца аб міры, але ні пра якую капітуляцыю размовы быць не можа. Паводле слоў Вучыча, ганенняў і забойстваў сербаў краіна не пацерпіць і абавязкова пераможа.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі