Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 верасня 2020, 16:23

Лукашэнка - Пуціну: вы зрабілі вельмі па-чалавечы

14 верасня, Сочы /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падзякаваў расійскаму боку і асабіста Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну за падтрымку ў паслявыбарны перыяд. Адпаведныя заявы ён зрабіў на перагаворах у Сочы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў сваім уступным слове расійскі лідар адкрыта і даволі поўна закрануў пытанні цяперашняй сустрэчы ў Сочы. "Гэта правільна. Таму што як ніколі раней - я з-за пэўных акалічнасцей вельмі ўважліва сачу цяпер за публікацыямі ў розных СМІ - столькі канспіралагічнага было напярэдадні нашай сустрэчы... Таму ўсё, што вы сказалі, вельмі важна. І яно, увогуле, адказвае на ўсе тыя выклікі і настроі ў СМІ".

"Перш за ўсё хачу вам падзякаваць. Гэта натуральна, гэта ўсе цудоўна разумеюць. Падзякаваць не за тое, што мы выконваем дагаворы. Гэта зразумела. Вы зрабілі вельмі па-чалавечы. Таму я асабіста вам дзякую і ўсім тым расіянам, хто меў дачыненне да таго, каб падтрымаць нас у гэты паслявыбарны час", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён паабяцаў падрабязна расказаць Уладзіміру Пуціну аб тым, што адбывалася. "Яно, вядома, не так бачыцца на самай справе, як гэта дэманструюць у СМІ. Вы чалавек вопытны, не горш за мяне ведаеце, як можна паказаць, расказаць і гэтак далей, - заўважыў беларускі лідар. - І потым, у наш час інфармацыйных процістаянняў і войнаў вы ведаеце, як гэта падаецца. Таму я вас падрабязна інфармую аб тым, што адбываецца на самай справе, нават не ў Беларусі, а ў Мінску".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сябар пазнаецца ў бядзе. "Я гэта шчыра гавару. Гэта нам урок - не толькі Беларусі і Расіі, але і нашым постсавецкім рэспублікам. Аб гэтым мы будзем яшчэ гаварыць на сустрэчы ЕАЭС, АДКБ, ды і ў рамках СНД ёсць аб чым пагаварыць. Думаю, вам цікава будзе мая заява ў гэтых структурах, - сказаў Прэзідэнт. - Як мы з вамі па тэлефоне размаўлялі яшчэ ў пачатку гэтых падзей у Беларусі, што ўрокі трэба атрымліваць з усіх падзей. І для нас таксама вельмі сур'ёзны ўрок, які мы з вамі, спадзяюся, вытрымалі".

"Мы сапраўды па дагаворы АДКБ ішлі роўна і, улічваючы адносіны паміж брацкімі народамі, фактычна адным народам, мы так і зрабілі. Не ваявалі, не стралялі, не кідаліся нават палкамі. Але прадэманстравалі сваю рашучасць. Што калі там, за межамі беларускіх граніц, некаму хочацца пачасаць рукі, мы можам пачасаць у любы момант. І што мне вельмі прыемна, я вам вельмі за гэта ўдзячны, - вы прадэманстравалі, што беларускія граніцы - гэта граніцы Саюзнай дзяржавы. І нікому не дазволена бразгаць там зброяй", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што пры стварэнні і развіцці дагавора аб Саюзнай дзяржаве бакі ішлі планамерна, паступова. "Нашы дзяржавы і нашы народы заўсёды будуць дружалюбнымі", - упэўнены беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі