Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 верасня 2019, 13:24

Лукашэнка прывёў адносіны Беларусі і Расіі ў прыклад іншым краінам

10 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сёння сустрэчу з сакратаром Савета бяспекі Расіі Мікалаем Патрушавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ёсць шэраг пытанняў, якія мы проста павінны абмеркаваць з вамі. Яны вельмі важныя для далейшай нашай работы ў беларуска-расійскіх адносінах, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Думаю, нам з вамі ёсць аб чым пагаварыць, тым больш што нядаўна прэм'еры сустракаліся ў Маскве па распрацоўцы і рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве. Мы спрабуем выйсці на тое, на што можам на гэтым этапе. Але добра, што мы з Уладзімірам Уладзіміравічам (Пуціным. - Заўвага БЕЛТА) у Піцеры выразна адказалі на ўсе пытанні і паставілі задачы ўрадам, у якім напрамку нам тут трэба рухацца".

Прэзідэнт адзначыў, што ў візіце Мікалая Патрушава ў Мінск няма ніякай надзвычайшчыны. Яго паездка была даўно запланаванай, хоць некаторыя СМІ і займаюцца канспіралогіяй на гэтай ніве. "Ён (візіт. - Заўвага БЕЛТА) будзе вельмі карысны для далейшага руху ў беларуска-расійскіх адносінах. Надзвычайшчыны быць не можа, таму што, нягледзячы на шэраг пытанняў, нават вельмі важных, дай бог, каб іншыя дзяржавы мелі адна з адной такія адносіны, якія маюць сёння Беларусь і Расія, - заявіў ён. - Таму тут ніякай канспіралогіі нават быць не можа".

Сакратар Савета бяспекі Расіі пацвердзіў словы Прэзідэнта: яго візіт у Мінск і сустрэча з кіраўніком беларускай дзяржавы - запланаваныя мерапрыемствы. "Нічога звышнатуральнага няма. Самае галоўнае, што работа саветаў бяспекі, сапраўды, вядзецца на планавай аснове, эфектыўна, плённа. Я ўпэўнены, што так будзе і далей", - падкрэсліў Мікалай Патрушаў.

Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы зрабіў Мікалаю Патрушаву памятны падарунак, звязаны з яго службай на тэрыторыі Беларусі ў часы Савецкага Саюза: "Я вырашыў вам падарыць ваша дасье аб вашай службе і рабоце ў Беларусі ў свой час (з адкрытых крыніц вядома, што Мікалай Патрушаў у 1974-1975 гадах з'яўляўся слухачом вышэйшых курсаў КДБ у Мінску. - Заўвага БЕЛТА). Я разумею, што вы цэніце тыя гады. Адрасы, паролі, яўкі - усё тут. Але дзіўна: касякоў ніякіх не заўважана ў тыя гады, таму і сталі вялікім чалавекам. Думаю, вам прыемна будзе ўспомніць тыя гады".

Мікалай Патрушаў сёння ў Мінску прыме ўдзел у міжведамасных расійска-беларускіх кансультацыях па бяспецы. Раней дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась расказаў журналістам, што візіт яго расійскага калегі ў Мінск - планавая паездка, якая "ні ў якім выпадку не ўвязана з нейкімі міжнароднымі падзеямі". "У нас вынесены для абмеркавання пэўныя пытанні, увогуле яны недзе карэліруюцца (з тым, што абмяркоўвалася ў Варшаве. - Заўвага БЕЛТА): і па стане міжнародных механізмаў кантролю над узбраеннямі, і па забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі. Нельга гэтыя пытанні вырашаць толькі з адным вектарам. Важна выбудоўваць дыялог менавіта з усімі ўдзельнікамі ў гэтым рэгіёне", - адзначыў Станіслаў Зась.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі