Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 сакавіка 2020, 11:21

Лукашэнка прыняў з дакладам сілавікоў па сітуацыі ва Узброеных Сілах і рэагаванні на вучэнні НАТА

30 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў сёння з дакладам дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Андрэя Раўкова, міністра абароны Віктара Хрэніна і начальніка галоўнага разведвальнага ўпраўлення - намесніка начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Паўла Ціханава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Як і дамаўляліся раней, я хацеў бы з вамі абмеркаваць шэраг пытанняў, якія датычацца не толькі стану спраў у нашай арміі. Але і на злобу дня пытанне, якое прагучала ў нас яшчэ ў мінулым годзе. Пытанне рэагавання на тое, што адбываецца ля нашых граніц. Гэта вучэнні НАТА "Абаронца Еўропы 2020", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў прыватнасці абазначыў тэму таго, якія дзеянні прымаюцца цяпер з боку блока НАТА. "Я не хацеў бы, каб гэта ўспрымалі як бразганне зброяй з нашага боку. Мы на сённяшні дзень вучэнні НАТА, якія праводзяцца ў непасрэднай блізкасці ад нашых граніц, так не ўспрымаем. Яшчэ і таму, што яны значна адступілі ад сваіх першапачатковых планаў. Думаю, разведка даложыць, якая там сітуацыя, і мы абмяркуем гэта пытанне, а таксама зробім далейшыя крокі па рэагаванні на тое, што адбываецца ля нашых граніц", - адзначыў беларускі лідар.

Ён выказаў упэўненасць, зыходзячы з існуючай інфармацыі, што беларускі бок справіцца з гэтай сітуацыяй. "Не павінна быць ніякай празмернасці, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Я яшчэ ў мінулым годзе вам даручаў, каб мы выпрацавалі адэкватныя меры рэагавання. Гэта, у рэшце рэшт, і грошы. Таму празмернага быць не павінна. Трэба гэта неяк супаставіць і ўплесці ў тую тканіну работы арміі, якая сёння існуе. Гэта павінна быць на карысць арміі. А паказухі быць не павінна".

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што армія функцыянуе ў звычайным рэжыме, не пераносяцца і не адмяняюцца ніякія мерапрыемствы. "Армія рыхтуецца. Многія часці на палігонах. Ведаю, што праведзены ў Віцебскай вобласці вучэнні міратворчых падраздзяленняў нашых Узброеных Сіл і Вялікабрытаніі. Водгукі станоўчыя. Гэта нікога не павінна напружваць. Мір нам патрэбны. І міратворчасць - гэта тая лінія, па якой мы заўсёды павінны супрацоўнічаць з усімі. Думаю, наш асноўны партнёр - Расійская Федэрацыя - у гэтым напрамку абароты не зніжае, і не толькі па лініі міратворчасці", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў коратка абмеркаваць стан спраў у арміі. "Акрамя таго, хацеў бы, калі кожны дзень псіхоз (на тэму каранавіруса. - Заўвага БЕЛТА) не сціхае, каб некалькі слоў сказалі пра стан здароўя нашых ваеннаслужачых. Мяне больш за ўсё цікавіць здароўе афіцэрскага складу. Таму што яны жывуць, як звычайна (знаходзяцца не толькі ў размяшчэнні часцей, але і жывуць звычайным грамадзянскім жыццём. - Заўвага БЕЛТА). Хацелася б вашы ацэнкі і прапановы", - дадаў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі