Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
06 верасня 2019, 10:54

Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Заходняга абходу Брэста

6 верасня, Брэст /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Заходняга абходу Брэста, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сімвалічную стужку разам з кіраўніком дзяржавы перарэзалі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс, старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук і генеральны дырэктар ААТ "Будаўнічы трэст нумар 8" Павел Сацута.

На цырымоніі адкрыцця таксама прысутнічалі прадстаўнікі працоўных калектываў дарожна-будаўнічых арганізацый, якія ўдзельнічалі ва ўзвядзенні Заходняга абходу Брэста.

"Гэта не проста дарога. Гэта здароўе жыхароў Брэста. Мы знімаем велізарныя патокі транспартных сродкаў з горада і накіроўваем іх у абход. Вы не толькі выканалі даручэнне, а стрымалі сваё слова - пабудавалі пуцеправод, які звязаў берагі ракі Мухавец, пагранпераходы "Варшаўскі мост" і "Казловічы", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што гэты ўнікальны аб'ект быў пабудаваны з апярэджаннем на два месяцы. "Малайцы! Значыць, умееце гэта рабіць. А рашэнне аб узвядзенні гэтага аб'екта было правільным, своечасовым. Калі сумленна, то мы спазніліся з будаўніцтвам гэтага аб'екта. Брэст з'яўляецца прыгранічным транзітным горадам, яго чыгуначны вузел - адным са звёнаў новага Шаўковага шляху", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на вялікае значэнне краіны для міжнароднага транзіту грузаў. "Брэст быў, ёсць і будзе транзітным горадам, але людзі ад гэтага пакутаваць не павінны. І вы зрабілі добры падарунак не толькі сабе, але і сваім землякам", - падкрэсліў ён.

Прэзідэнт выказаў перакананне, што Заходні абход Брэста не толькі знізіць нагрузку на цэнтр горада, пазбавіць яго жыхароў і гасцей ад пробак, але і стане важным аспектам у развіцці эканамічнага і турыстычнага патэнцыялу рэгіёна і ўсёй краіны.

Ён асабліва адзначыў, што развязку спраектавалі і пабудавалі брэсцкія спецыялісты. Гэта сведчыць аб наяўнасці ў краіне неабходных кампетэнцый, а паслугі беларускіх будаўнікоў запатрабаваны і за мяжой, у тым ліку ва Украіне.

"Рэалізацыя праекта стала паказальным прыкладам эфектыўнага выкарыстання часу і рэсурсаў, умення ўлад працаваць з насельніцтвам. Вельмі добра, што вы нікога не пакрыўдзілі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Вы стварылі інфраструктурны аб'ект найвышэйшага ўзроўню ў сціслыя тэрміны і значна палепшылі жыццё брастаўчан. Не на словах, а на справе ўнеслі свой уклад у развіццё Беларусі - краіны для нашага жыцця, жыцця нашых дзяцей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, развязка стала добрым падарункам да тысячагадовага юбілею горада. "Дзякуючы сваёй працы, імкненню зрабіць любімы горад прыгажэйшым, зручным і сучасным, вы ўвайшлі ў гісторыю яго другога тысячагоддзя", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім брастаўчанам працвітання і дабрабыту.

Прэзідэнт таксама заклікаў не спыняцца на дасягнутым: "Яшчэ вельмі шмат работы. Мы зрабілі галоўнае - працаёмкія аб'екты. А далей трэба пакрыху - школьнікі, студэнты, вы таксама - на суботніках. Трэба добраўпарадкоўваць горад, азеляняць Брэст".

Яшчэ адна задача - ствараць новыя рабочыя месцы і шукаць новыя аб'екты, дзе можна будзе прыкласці свае веды, уменні і вопыт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі