Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 верасня 2022, 10:42

Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў замежных краін

30 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў шэрага замежных дзяржаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Даверчыя граматы Прэзідэнту Беларусі ўручылі паслы Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Аргенціны, Беніна, Босніі і Герцагавіны, Бразіліі, Кубы, Мальтыйскага ордэна, М'янмы, Палесціны, Судана, Швейцарыі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сённяшняе мерапрыемства з'яўляецца таксама добрай нагодай ацаніць вынікі сумеснай работы з дзяржавамі, якія прадстаўляюць паслы, і намеціць перспектывы.

Пра Аб'яднаныя Арабскія Эміраты

За сваю амаль трыццацігадовую гісторыю дыпламатычныя адносіны паміж ААЭ і Беларуссю развіваліся выключна ў духу дружбы, даверу і ўзаемадапамогі, канстатаваў Прэзідэнт. "Ваша дзяржава стала для нас адным з буйнейшых эканамічных партнёраў у рэгіёне. Удзел эмірацкіх інвестараў у рэалізацыі ў Мінску маштабных праектаў з'яўляецца яркім сведчаннем плённага двухбаковага супрацоўніцтва", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што актыўная работа пасла ААЭ не толькі будзе садзейнічаць умацаванню палітычнага дыялогу, але і дапаможа нарасціць гандаль і прыцягне буйных эмірацкіх інвестараў у Беларусь. "Дзверы для вас былі заўсёды адкрыты", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Пра Палесціну

Доўгія дружалюбныя сувязі Дзяржавы Палесціна і Беларусі грунтуюцца на трывалым фундаменце партнёрства і канструктыўнага ўзаемадзеяння ў розных сферах, звярнуў увагу Прэзідэнт.

"Мы зацікаўлены ў прадаўжэнні актыўнага плённага дыялогу, наладжванні практычнага супрацоўніцтва", - сказаў беларускі лідар.

Пра Кубу

"У Беларусі рады таму, што краіны Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна для нас - добрыя, надзейныя сябры і перспектыўныя партнёры, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Мы даражым асаблівымі адносінамі з Кубай, якая традыцыйна з'яўляецца блізкім саюзнікам і надзейным плацдармам для пашырэння супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі Лацінскага рэгіёна".

Аляксандр Лукашэнка лічыць важным і далей падтрымліваць актыўны палітычны дыялог паміж краінамі, інтэнсіфікаваць гандлёва-эканамічныя сувязі па ўсіх напрамках, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. "Закрытых тэм няма", - звярнуў увагу ён.

Пра Бразілію

Адным з найбольш значных для Беларусі партнёраў у Лацінскай Амерыцы Прэзідэнт назваў Бразілію. "Мы паспяхова ўзаемадзейнічаем па розных напрамках. Я перакананы, нашы краіны не спыняцца на дасягнутых выніках і прадоўжаць паслядоўнае пашырэнне ўсяго спектра двухбаковых кантактаў, у тым ліку ў гарнаруднай галіне, металургіі, нафтахіміі і іншых галінах", - сказаў беларускі лідар.

Пра Аргенціну

"Разлічваю, што з Аргенцінай мы зможам не толькі захаваць дружалюбныя і даверныя адносіны, але і істотна нарасціць узаемны гандаль, выйсці на больш складаныя кааперацыйныя сувязі ў прамысловасці, іншых сферах", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Беларусь і Аргенціна маюць паспяховы вопыт супрацоўніцтва, у прыватнасці, у сельскай гаспадарцы, і гэты вопыт трэба пашыраць на новыя сферы.

Пра М'янму

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь разглядае дыялог з М'янмай у якасці важнага напрамку сваёй знешняй палітыкі ў Паўднёва-Усходняй Азіі. "Зацікаўлены не толькі ў пашырэнні наменклатуры экспарту айчыннай прадукцыі на рынак М'янмы, але і ва ўмацаванні двухбаковых кааперацыйных сувязей у сферах сельскай гаспадаркі, навукі, прамысловасці, адукацыі", - адзначыў Прэзідэнт.

Пра Судан

"Рэспубліка Судан - адзін з нашых даўніх і правераных сяброў у Афрыцы. Беларускія кампаніі маюць вялікі вопыт узаемавыгаднага супрацоўніцтва з вашай краінай, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Нам неабходна прадоўжыць актыўнае асваенне значнага двухбаковага патэнцыялу ў сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, адукацыі і аховы здароўя".

Прэзідэнт адзначыў, што быў у Судане і на перагаворах з кіраўніцтвам гэтай краіны былі дасягнуты адпаведныя дамоўленасці. "Сёння трэба ісці наперад", - заўважыў беларускі лідар. Ён пажадаў дружалюбнай Рэспубліцы Судан міру, стабільнасці і кансалідацыі грамадства для паспяховага правядзення неабходных пераўтварэнняў.

Пра Бенін

Кіраўнік дзяржавы заявіў аб зацікаўленасці ў развіцці ўсяго спектра двухбаковых адносін з Рэспублікай Бенін, перш за ўсё ў сферах сельскай гаспадаркі і прамысловасці.

"Беларусь мае багаты вопыт у развіцці аграрных тэхналогій, вытворчасці машын і абсталявання, перапрацоўцы прадукцыі. Гатовы дапамагчы ў стварэнні прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, падрыхтоўцы спецыялістаў для розных галін эканомікі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Пра Боснію і Герцагавіну

За 30 гадоў дыпламатычных адносін Беларусь і Боснія і Герцагавіна прайшлі значны шлях паспяховага двухбаковага супрацоўніцтва, канстатаваў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, апошнім часам узаемны гандаль дэманструе рост, а многія беларускія тавары сталі даволі вядомымі на рынку гэтай краіны. "Тэндэнцыя пазітыўная, але тэмпы трэба нарошчваць, тым больш што палітычная падтрымка з абодвух бакоў ёсць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пра Швейцарыю

На думку кіраўніка дзяржавы, агульнымі для Беларусі і Швейцарыі з'яўляюцца імкненне зрабіць свет бяспечней і прыхільнасць да міжнароднага права. "Мы нязменна зацікаўлены ў развіцці двухбаковых адносін на прынцыпах узаемнай павагі, адкрытага і канструктыўнага дыялогу, - заявіў Прэзідэнт. - Відавочна, што менавіта такі дыялог, а не санкцыі і папрокі, дае магчымасць знайсці вырашэнне самых цяжкіх пытанняў і рухацца наперад, прытым пры любых абставінах".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь чакае ад нейтральнай Швейцарыі сапраўды ўзважанай і разважлівай пазіцыі, каштоўных ідэй і ініцыятыў на карысць двухбаковага супрацоўніцтва: "Мы да гэтага гатовы".

Пра Мальтыйскі ордэн

Кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць Мальтыйскаму ордэну за шматгадовае ўзаемадзеянне па мінімізацыі для Беларусі наступстваў аварыі на АЭС ва ўкраінскім Чарнобылі: "Удзячны за пастаўкі медыцынскага абсталявання, арганізацыю павышэння кваліфікацыі беларускіх медыкаў, дапамогу нашым інвалідам і дзецям-сіротам".

Прэзідэнт таксама адзначыў актыўнае ўзаемадзеянне з Мальтыйскім ордэнам і па тэматыцы барацьбы з гандлем людзьмі. "Перакананы, што такое супрацоўніцтва трэба захаваць і прымножыць. З радасцю адгукнёмся на новыя ініцыятывы і прапановы", - сказаў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі