Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 мая 2021, 10:38

Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў 6 краін

13 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў шасці краін. Урачыстая цырымонія адбылася сёння ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Даверчыя граматы кіраўніку беларускай дзяржавы ўручылі паслы Ірака, Нікарагуа, Расіі, Руанды, Саудаўскай Аравіі і Сьера-Леонэ.

Па традыцыі Аляксандр Лукашэнка асобна абазначыў перспектывы ўзаемадзеяння з кожнай з дзяржаў, паслы якіх прысутнічалі на цырымоніі.

Пра Расію

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь звязваюць шматгадовыя і стратэгічныя адносіны з брацкай і дружалюбнай Расіяй.

"Няма ніводнай сферы, у якой нашы краіны не мелі б цесных і трывалых сувязей", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што на долю Расіі прыпадае амаль палова агульнага аб'ёму знешняга гандлю Беларусі. "Поўным ходам ідзе дыялог па паглыбленні нашай інтэграцыі ў мэтах стварэння роўных умоў суб'ектам гаспадарання і больш эфектыўнага выкарыстання новых магчымасцей супрацоўніцтва, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Лічу, што Беларусь і Расія маюць рэзервы практычна на кожным напрамку. Менавіта з гэтых пазіцый і глядзім у будучыню".

"І няхай нашы адносіны з Расійскай Федэрацыяй нікога не напружваюць", - прадоўжыў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што Беларусь і Расія не выбудоўваюць свае адносіны супраць каго б там ні было. "Але калі нехта адважыцца кінуць нам выклік - Расіі або Беларусі, або адначасова Расіі і Беларусі - вы ведаеце, што мы адкажам", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы заўсёды знаходзілі ўзаемавыгадныя рашэнні. Упэўнены, што так будзе цяпер і ў будучым", - падкрэсліў беларускі лідар.

Пра Ірак

Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь разглядае Ірак у якасці перспектыўнага палітычнага і гандлёва-эканамічнага партнёра на Блізкім Усходзе. "Сумленна скажу, што адносіны ў нас могуць быць значна лепшыя. Мы проста не выкарыстоўваем пакуль тыя рэзервы, якія ў нас ёсць. У нашых жа народаў даўняя гісторыя дружалюбных сувязей. Гатовы развіваць узаемадзеянне ў машынабудаванні, сельскай гаспадарцы і фармацэўтыцы, а таксама ў адукацыі", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, рэгулярныя авіязносіны паміж сталіцамі Беларусі і Ірака ствараюць спрыяльныя ўмовы для развіцця турызму, гуманітарных кантактаў і рэалізацыі сумесных бізнес-праектаў.

Пра Нікарагуа

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь надае важнае значэнне пашырэнню сувязей з краінамі Лацінскай Амерыкі, у тым ліку з даўнім сябрам і саюзнікам - Нікарагуа. "У апошнія гады ўзаемадзеянне паміж Мінскам і Манагуа мае інтэнсіўны характар, асабліва ў палітычнай сферы. Хацелася б, каб гэта палітыка перарасла ў істотную эканоміку, - адзначыў Прэзідэнт. - Высока цэнім падтрымку, якую ваша краіна аказвае нам на міжнародных пляцоўках. Мы ў даўгу не застанёмся, можаце на нас разлічваць", - запэўніў Прэзідэнт.

Пра Саудаўскую Аравію

Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў гатоўнасць у бліжэйшы час актывізаваць двухбаковы палітычны дыялог з адным з лідараў арабскага свету - Каралеўствам Саудаўскай Аравіі.

"Мінск вельмі зацікаўлены ў развіцці гандлёвага супрацоўніцтва з Эр-Рыядам. Мы пра гэта ўжо шмат разоў гаварылі на розных узроўнях. Нашы краіны маюць узаемадапаўняльны характар эканомік, што робіць нас вельмі выгаднымі партнёрамі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пра Сьера-Леонэ

Прэзідэнт Беларусі, звяртаючыся да пасла Сьера-Леонэ, адзначыў гатоўнасць выбудоўваць эфектыўныя доўгатэрміновыя адносіны з гэтай краінай. "Можам прадаставіць вам вялікі выбар прадукцыі, уключаючы шырокі спектр спецыяльнай тэхнікі. Прапануем удзяліць належную ўвагу супрацоўніцтву ў сельскагаспадарчай сферы - ад паставак прадукцыі да абмену вопытам вырошчвання культур і падрыхтоўкі спецыялістаў", - сказаў беларускі лідар.

Пра Руанду

Аляксандр Лукашэнка адзначыў і сур'ёзны патэнцыял узаемадзеяння Беларусі з Руандай у гандлі, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, адукацыі і турызме. "Трэба паскорыць фарміраванне неабходнай дагаворна-прававой базы. Мы да гэтага гатовы. Можам абмеркаваць пастаўкі беларускай тэхнікі, якая ўжо добра вядома ў большасці афрыканскіх дзяржаў і паспяхова працуе, у тым ліку ў суседніх з Руандай краінах", - прапанаваў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, ёсць таксама перспектыва для рэалізацыі сумесных праектаў па здабычы карысных выкапняў, удзелу ў інфраструктурных праектах, супрацоўніцтва ў галіне медыцыны і падрыхтоўкі кадраў.

На заканчэнне цырымоніі кіраўнік дзяржавы павіншаваў паслоў з афіцыйным пачаткам дыпламатычнай місіі ў Беларусі і адзначыў, што іх прыезд у Мінск - добрае пацвярджэнне таго, што ў Беларусі ёсць сябры на ўсіх кантынентах. "Вельмі разлічваю, што кожны з вас узбагаціць наша супрацоўніцтва новымі значнымі дасягненнямі і, пазнаёміўшыся з нашай краінай, палюбіць яе па-сапраўднаму", - сказаў Прэзідэнт.

Са свайго боку Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь адкрыта да сумеснай работы на раўнапраўнай і ўзаемавыгаднай аснове ў духу дружбы і павагі. "Ад усёй душы жадаю поспехаў у вашай адказнай дыпламатычнай місіі, цікавай і плённай працы на карысць нашых краін і народаў", - падагульніў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі