Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў 12 краін і прадстаўніка ЕС

Прэзідэнт 12.09.2019 | 10:50
Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка

12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў сёння даверчыя граматы паслоў 12 краін і кіраўніка прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі. Урачыстая цырымонія адбылася ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку ўручылі паслы Балгарыі, Вялікабрытаніі, Гватэмалы, Германіі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Расіі, Танзаніі, Харватыі, Швейцарыі, Эфіопіі і Еўрапейскага саюза.

"Шчыра спадзяюся, што, як і многія вашы папярэднікі, вы прымеце сэрцам Беларусь. Адкрыеце для сябе новую культуру, магчыма, знойдзеце ў ёй нешта блізкае і сугучнае з традыцыямі свайго народа. Убачыце, якія цудоўныя людзі тут жывуць - душэўныя, адкрытыя, талерантныя", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь праводзіць адкрытую, міралюбівую і шматвектарную знешнюю палітыку, гатова да цеснага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усімі замежнымі партнёрамі незалежна ад іх палітычнага ўплыву, геаграфічнай аддаленасці і эканамічнага патэнцыялу.

Паводле яго слоў, ад кожнага з дыпламатаў у значнай ступені будзе залежаць не толькі характар адносін паміж дзяржавамі, але і ўзровень узаемнага даверу і разумення. "Нацэленасць на адчувальныя вынікі ў двухбаковым супрацоўніцтве атрымае шчыры водгук і падтрымку ў нашай краіне. Упэўнены, што ў вашых сілах знайсці для гэтага новыя шляхі і магчымасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аб Расіі

Звярнуўшыся да пасла Расійскай Федэрацыі Дзмітрыя Мезенцава, Прэзідэнт падкрэсліў: "Ваша краіна - гэта асноўны стратэгічны партнёр і саюзнік Беларусі, а адносіны нашых брацкіх народаў змацаваны вузамі дружбы, добрасуседства і вельмі цеснымі, часам крывавымі старонкамі, нашай агульнай гісторыяй. Мы пралівалі гэту кроў за тое, каб у Еўропе і свеце было спакойна. І не мы пачыналі гэтыя войны. Але мы заўсёды (гасподзь дапамагаў гэтаму) выходзілі пераможцамі. Мы гэта помнім. Мы заўсёды там былі разам, таму перамагалі. Таму развіццё і паглыбленне шматпланавых двухбаковых сувязей з Расіяй - безумоўны прыярытэт беларускай знешняй палітыкі".

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка'

Асаблівая ўвага ў двухбаковых адносінах удзяляецца цяпер пытанням саюзнага будаўніцтва. "Мы з Прэзідэнтам Расіі дамовіліся, што напярэдадні знакавай даты - 20-годдзя падпісання Дагавора аб стварэнні нашага саюза - павінны быць прыняты канкрэтныя рашэнні па далейшай стратэгіі развіцця нашай інтэграцыі. Мы гэта зробім", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб Казахстане

У Еўразійскім рэгіёне Казахстан з'яўляецца для Беларусі стратэгічным партнёрам. "Беларуска-казахстанскія адносіны знаходзяцца на ўздыме і суправаджаюцца актыўным палітычным дыялогам усіх галін улады, - канстатаваў кіраўнік дзяржавы. - Мы нацэлены на далейшае пашырэнне і дыверсіфікацыю гандлёва-эканамічных сувязей. Для гэтага неабходна падтрымліваць высокі ўзровень узаемадзеяння, у тым ліку ў Еўразійскім эканамічным саюзе".

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Казахстана ў Беларусі Аскар Бейсенбаеў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Казахстана ў Беларусі Аскар Бейсенбаеў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка'

Аб Кыргызстане

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што Кыргызстан традыцыйна з'яўляецца для краіны важным саюзнікам і партнёрам. "За больш як 25-гадовы перыяд з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін у Беларусі і Кыргызстана не засталося неахопленных сфер. Мы паспяхова ўзаемадзейнічаем у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурнай, гуманітарнай галінах", - сказаў ён.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кыргызстана ў Беларусі Эрмек Ібраімаў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кыргызстана ў Беларусі Эрмек Ібраімаў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка'

Прыярытэтнай задачай у двухбаковых адносінах бачыцца нарошчванне тавараабароту з выкарыстаннем патэнцыялу ЕАЭС. "Аб магчымасцях для гэтага сведчыць рост узаемнага гандлю за апошнія два гады больш як у 2,5 раза", - дадаў Прэзідэнт.

Аб Еўрапейскім саюзе

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка
Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка'

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў апошнія гады Беларусі ўдалося істотна рушыць наперад у дыялогу з Еўрапейскім саюзам, які з'яўляецца для краіны адным з найбольш значных гандлёвых партнёраў, важнай крыніцай інавацый, неабходных для мадэрнізацыі і павышэння канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі.

"Мы нацэлены на выбудоўванне добрасуседскіх і прагматычных адносін з Саюзам (Еўрасаюзам. - Заўвага БЕЛТА), якія не прадугледжваюць выбару паміж Усходам і Захадам. Але, праўда, Еўрасаюз ад нас гэтага і не патрабуе, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Упэўнены, што гэтаму ў значнай ступені садзейнічаў бы прагрэс у спалучэнні еўрапейскага і еўразійскага інтэграцыйных працэсаў".

Аб Латвіі

Звяртаючыся да пасла Латвіі, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што развіццё ўсебаковага ўзаемадзеяння з суседнімі краінамі Балтыйскага рэгіёна з'яўляецца нязменным прыярытэтам для Беларусі. З Латвіяй нас звязваюць не толькі геаграфічная блізкасць і агульныя эканамічныя інтарэсы, але і шматвяковае перапляценне традыцый, культур, гісторыі. "Для нашай дзяржавы прынцыпова важна далейшае пашырэнне і паглыбленне ўзаемавыгадных адносін з Латвійскай Рэспублікай на аснове прынцыпаў добрасуседства і ўзаемапавагі. Аб гэтым мы нядаўна гаварылі з міністрам замежных спраў гэтай краіны", - дадаў беларускі лідар.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Латвіі ў Беларусі Эйнарс Семаніс і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Латвіі ў Беларусі Эйнарс Семаніс і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка'

Аб Германіі

"Беларусь зацікаўлена ў нарошчванні разнапланавага супрацоўніцтва з Федэратыўнай Рэспублікай Германія, якая з'яўляецца для нас адным з ключавых палітычных і эканамічных партнёраў у Еўропе, ды і ва ўсім свеце", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Беларусі Манфрэд Хутэрэр і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Беларусі Манфрэд Хутэрэр і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка'

Нягледзячы на няпростую гісторыю беларуска-германскіх адносін, сёння дзве краіны аб'ядноўваюць агульныя інтарэсы - у першую чаргу забеспячэнне бяспекі, стабільнасці і працвітання ў Еўропе.

"Разлічваем на інтэнсіфікацыю двухбаковага ўзаемадзеяння, перш за ўсё ў гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай галінах, дзе ёсць істотны патэнцыял", - сказаў Прэзідэнт.

Аб Вялікабрытаніі

Кіраўнік дзяржавы абазначыў гатоўнасць Беларусі да далейшага канструктыўнага развіцця адносін з Вялікабрытаніяй па ўсіх ключавых напрамках.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Жаклін Луіс Перкінс і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Жаклін Луіс Перкінс і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка'

"Дыялог са Злучаным Каралеўствам мае асаблівае значэнне з улікам рашэння брытанскага народа аб выхадзе з Еўрасаюза і новай ролі краіны на міжнароднай арэне, - адзначыў ён. - Мы зацікаўлены ў далейшым пашырэнні гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Вялікабрытаніяй і напаўненні міжурадавага гандлёвага дыялогу сур'ёзным эканамічным зместам, канкрэтнымі маштабнымі праектамі".

"Мы са многімі службовымі асобамі (нядаўна - з паслом, які, на жаль, паехаў ад нас, але вельмі добра рэкамендаваў новага пасла), заўсёды знаходзілі агульную мову, вельмі падрабязна абмяркоўвалі праблемы. У нас вялікія перспектывы з вашай краінай. Я ўпэўнены, што мы многія з іх зможам рэалізаваць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб Балгарыі

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што супрацоўніцтва з Балгарыяй мае даўнюю гісторыю: "Гэта наогул блізкая, родная нам краіна. Не ведаю ўжо, як нас успрымаюць сёння ў Балгарыі, але вы блізкімі былі для нас людзьмі і застаяцеся".

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Балгарыі ў Беларусі Георгій Васілеў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Балгарыі ў Беларусі Георгій Васілеў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка'

Аднак сённяшні ўзровень супрацоўніцтва не ў поўнай меры адпавядае рэальнаму патэнцыялу адносін. "Не сакрэт, што Балгарыя - адзін з папулярных турыстычных напрамкаў для беларусаў. Пры гэтым мы бачым добрыя перспектывы развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння ў сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі і тэхналогій, адукацыі і культуры", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб Харватыі

Кіраўнік дзяржавы пацвердзіў інтарэс Беларусі да пашырэння палітычных, эканамічных і культурных кантактаў з Харватыяй.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Харватыі ў Беларусі Таміслаў Цар і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Харватыі ў Беларусі Таміслаў Цар і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка'

"Нашым краінам неабходна прыкласці намаганні, каб беларуска-харвацкае супрацоўніцтва ў бліжэйшай перспектыве атрымала больш канкрэтнае напаўненне, асабліва ў галіне гандлю і інвестыцый. Для гэтага ёсць сур'ёзны патэнцыял", - адзначыў ён.

Аб Швейцарыі

Прэзідэнт вітаў павышэнне статусу дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Беларусі і назначэнне першага ў гісторыі пасла Швейцарыі ў нашай краіне. "Вось вы і трапілі ў гісторыю, менавіта з Беларусі пачынаючы", - адзначыў ён, звярнуўшыся да новага кіраўніка дыпмісіі.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швейцарыі ў Беларусі Клод Альтэрмат і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швейцарыі ў Беларусі Клод Альтэрмат і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка'

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь надае вялікае значэнне развіццю адносін са Швейцарскай Канфедэрацыяй.

"За апошнія гады нам удалося значна рушыць наперад як з пункту гледжання ўзроўню нашых кантактаў, так і па іх змястоўным напаўненні. Важна захаваць і ўмацаваць гэту дадатную дынаміку", - арыентаваў кіраўнік дзяржавы.

Аб Гватэмале

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што адной з ключавых знешнеэканамічных мэт Беларусі з'яўляецца планамерная дыверсіфікацыя экспарту, дзе ў ліку асноўных напрамкаў - супрацоўніцтва з краінамі так званай далёкай дугі. "Далёкай не таму, што вы далёка, а таму, што раней мы з вамі не мелі такога супрацоўніцтва", - растлумачыў ён.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Гватэмалы ў Беларусі Густава Адольфа Лопес Кальдэрон і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Гватэмалы ў Беларусі Густава Адольфа Лопес Кальдэрон і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка'

У сувязі з гэтым Прэзідэнт выказаў зацікаўленасць краіны ў поўнамаштабным развіцці адносін з Рэспублікай Гватэмала. "Іх бягучы ўзровень патрабуе больш поўнага раскрыцця патэнцыялу дзвюх краін, - перакананы беларускі лідар. - Безумоўна, рухавіком узаемадзеяння павінна быць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Пастаўкі ўгнаенняў, машын і абсталявання, гандаль сельскагаспадарчай прадукцыяй - гэта далёка не поўны пералік магчымасцей, якія можна і трэба выкарыстоўваць".

Аб Танзаніі і Эфіопіі

Прэзідэнт Беларусі пацвердзіў інтарэс краіны да развіцця шматпланавага супрацоўніцтва з дзяржавамі Усходняй Афрыкі ў гандлі, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, навуцы і тэхніцы, адукацыі і культуры, спорце і турызме. Звяртаючыся да новых паслоў дзвюх дзяржаў гэтага рэгіёна - Танзаніі і Эфіопіі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што разлічвае на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з гэтымі краінамі. У першую чаргу - у стварэнні сумесных вытворчасцей і пастаўках беларускай складанатэхнічнай прадукцыі, якая ўжо добра вядома ў большасці афрыканскіх дзяржаў.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Танзаніі ў Беларусі Сімон Марка Мумві і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Танзаніі ў Беларусі Сімон Марка Мумві і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка'

"Спадзяёмся на эфектыўнае садзейнічанне новых паслоў у развіцці адносін у іншых сферах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. У іх ліку падрыхтоўка кваліфікаваных спецыялістаў для Танзаніі і Эфіопіі ў нашых ВНУ", - сказаў Прэзідэнт.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Эфіопіі ў Беларусі Алемаеху Тэгену і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Эфіопіі ў Беларусі Алемаеху Тэгену і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка'

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім кіраўнікам дыпламатычных прадстаўніцтваў поспехаў і плённай дзейнасці. "Я вас запэўніваю, што вы заўсёды знойдзеце разуменне не толькі з боку кіраўнікоў нашых прадпрыемстваў, абласцей, Міністэрства замежных спраў, але і з майго боку. Спадзяюся, што праведзены ў нашай краіне час стане для вас насычаным і цікавым і вы адкрыеце для сябе Беларусь ва ўсім яе харастве", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.-0-

Фота Максіма Гучака

Версія для друку
Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

Асеннія кірмашы Сезон асенніх кірмашоў адкрываецца ў Беларусі. Усяго запланавана больш за 150 кірмашоў