Сцяг Чацвер, 26 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
25 снежня 2024, 14:00

Лукашэнка прыняў удзел у нефармальным саміце СНД пад Санкт-Пецярбургам

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка
25 снежня, Санкт-Пецярбург /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 снежня прымае ўдзел у традыцыйнай нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД, якая праходзіць пад Санкт-Пецярбургам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адкрыў саміт Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Яго краіна ў гэтым годзе завяршае сваё старшынства ў Садружнасці і перадае паўнамоцтвы Таджыкістану.

"Хацеў падзякаваць вам за тое, што мы сабраліся тут, у Ленінградскай вобласці, каб у адыходзячым годзе зверыць гадзіннікі наконт таго, што было зроблена ў рамках работы ў СНД і што трэба зрабіць у бліжэйшы час", - сказаў расійскі лідар.

Аднак перш чым выступіць з прывітальным словам, Уладзімір Пуцін ад імя лідараў краін Садружнасці выказаў спачуванні ў сувязі з крушэннем азербайджанскага самалёта ў Казахстане.

"Перш чым мы пачнём работу, на жаль, павінен сказаць некалькі слоў аб трагедыі, якая здарылася ў Актау. І, як мы цяпер з вамі гаварылі, я ад вашага імя хачу выказаць спачуванні сем'ям загінулых і ўсім пацярпелым. Будзем спадзявацца на іх выздараўленне, - сказаў Прэзідэнт Расіі. - Я раніцай размаўляў і з Ільхамам Аліевым, які быў амаль на месцы, але вымушаны быў развярнуцца і вярнуцца ў Баку. Упэўнены, будзе праведзена грунтоўнае расследаванне. Мы ўзгоднім работу нашых спецыяльных і авіяцыйных службаў па ўсіх пытаннях, звязаных з гэтай трагедыяй".

Гаворачы аб развіцці інтэграцыі на прасторы СНД, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што тавараабарот Расіі з удзельнікамі СНД, паводле даных за студзень-кастрычнік, прыбавіў 10,6 працэнта і склаў крыху больш за $93 млрд. Паводле яго слоў, прыкметна палепшыліся і макраэканамічныя паказчыкі ў дзяржавах СНД. Так, па выніках 2024 года рост сукупнага ВУП у краінах Садружнасці прагназуецца на ўзроўні 4,7 працэнта. Гэта вышэй за агульнасусветны паказчык.

"Пашыраецца супрацоўніцтва краін СНД у валютна-фінансавай сферы. Для абслугоўвання ўзаемных эканамічных аперацый усё актыўней выкарыстоўваюцца ўласныя незалежныя плацежныя сістэмы і разліковыя інструменты. Доля нацыянальных валют у разліках па камерцыйных здзелках паміж удзельнікамі Садружнасці перасягае 85 працэнтаў", - расказаў расійскі Прэзідэнт.

У час саміту Уладзімір Пуцін нагадаў, што ў наступным годзе будзе святкавацца знакавы юбілей - 80-я гадавіна Вялікай Перамогі. У сувязі з гэтым ён запрасіў сваіх калег на юбілейныя ўрачыстасці, якія пройдуць у Маскве 9 мая.
"Перакананы, што паглыбленне партнёрства ў рамках Садружнасці ў самых розных галінах адпавядае карэнным інтарэсам народаў нашых краін. І ўпэўнены, мы будзем і далей разам працаваць над вырашэннем задач сацыяльна-эканамічнага развіцця, умацавання стабільнасці і бяспекі", - сказаў на заканчэнне расійскі лідар.

На гэты раз нефармальную сустрэчу кіраўнікоў дзяржаў - членаў СНД вырашылі правесці не ў самім Санкт-Пецярбургу, а ў яго наваколлі. Пляцоўкай саміту быў выбраны Лядовы палац на тэрыторыі ўсесезоннага курорта "Ігора", што размясціўся на тэрыторыі Карэльскага перашыйка, да якога ад горада гадзіна язды.

На курорце "Ігора" самы высокі перапад вышынь і працяглая траса ў Ленінградскай вобласці. Зімой тут працуюць 10 гарналыжных схілаў з трасамі для рознага ўзроўню падрыхтоўкі.

У крокавай даступнасці ад курорта знаходзіцца самы сучасны аўтадром Расіі "Ігора Драйв", дзе ўпершыню ў свеце на адной тэрыторыі функцыянуюць 10 трас для розных відаў аўта- і мотаспорту.-0-

Фота Максіма Гучака
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі