Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 сакавіка 2023, 09:07

Лукашэнка прыляцеў з афіцыйным візітам у Тэгеран. Чым цікавыя адзін аднаму Беларусь і Іран

13 сакавіка, Тэгеран /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 сакавіка прыбыў з афіцыйным візітам у Іран. Беларускі борт нумар адзін прызямліўся ў Міжнародным аэрапорце Мехрабад, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэта трэці візіт беларускага Прэзідэнта ў Іран. Апошні адбыўся 17 гадоў таму.

У Тэгеране 13 сакавіка Аляксандр Лукашэнка правядзе перагаворы з Прэзідэнтам Ірана Эбрахімам Раісі. Да гэтага кіраўнікі дзяржаў сустракаліся на палях самітаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ 16 верасня 2021 года і роўна праз год у Самаркандзе.

Што будзе абмяркоўваць Лукашэнка з кіраўніцтвам Ірана

"Галоўнай тэмай перагавораў у Тэгеране стане развіццё ўзаемадзеяння па ўсім спектры двухбаковых адносін з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Сустрэча прэзідэнтаў пройдзе ў вузкім і пашыраным складах з удзелам членаў дэлегацый. Бакі абмяркуюць рэалізацыю праектаў у сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, транспарту і лагістыкі. Асобная ўвага будзе ўдзелена сітуацыі ў рэгіёне і ў свеце ў цэлым", - паведамляла прэс-служба беларускага лідара.

У Іране Аляксандр Лукашэнка таксама правядзе сустрэчы з першым віцэ-прэзідэнтам Махамадам Махберам, старшынёй Сходу ісламскага савета Махамадам-Багерам Галібафам і вярхоўным лідарам Ірана Алі Хаменеі.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Іране Дзмітрый Кальцоў у інтэрв'ю БЕЛТА заявіў, што Беларусь гатова да ўмацавання не толькі поўнафарматнага палітычнага дыялогу з Іранам, але і да развіцця гандлёва-эканамічных сувязей, сумесных інвестыцыйных праектаў. Ключавой сферай узаемадзеяння ён назваў эканамічнае супрацоўніцтва.

На якім узроўні знаходзіцца гандаль паміж Беларуссю і Іранам

У 2021 годзе тавараабарот паміж краінамі перасягнуў $33 млн, павялічыўшыся больш як на трэць у параўнанні з 2020-м. Але за мінулы год узровень гандлю прыбавіў яшчэ больш істотна: у 2022 годзе Беларусь і Іран нагандлявалі на $100 млн, а гэта трохразовы рост.

Беларусь дапамагала Ірану пастаўкамі тэхнікі і абсталявання, прымала на навучанне іранскіх студэнтаў. Акрамя таго, беларускія спецыялісты працавалі пры ўзвядзенні атамнай электрастанцыі ў Бушэры.

У якіх сферах Беларусь і Іран развіваюць супрацоўніцтва

Паводле слоў Дзмітрыя Кальцова, Беларусь гатова прадаўжаць пашырэнне супрацоўніцтва, вызначыўшы сумесна з Іранам перспектыўныя праекты ў такіх галінах, як прамысловая і тэхналагічная кааперацыя, лічбавая трансфармацыя і штучны інтэлект, зялёная эканоміка і кліматычная адаптацыя. "Па шэрагу з названых напрамкаў намі ўжо вядзецца актыўная работа", - сказаў пасол.

Ажыўленню ўзаемнага гандлю садзейнічае ўдасканаленне інфраструктуры міжнароднага транспартнага калідора Поўнач - Поўдзень. "Уключаныя арганізацыі дзвюх краін выпрацоўваюць аптымальныя шляхі і ўмовы дастаўкі грузаў", - адзначыў дыпламат.

Транспартны калідор Поўнач - Поўдзень працягласцю 7,2 тыс. км праходзіць ад індыйскага порта Нава-Шэва, размешчанага на поўдні Мумбаі, да Санкт-Пецярбурга праз Іран. Для перавозак выкарыстоўваецца марскі, рачны і чыгуначны транспарт. Асноўнымі яго перавагамі перад іншымі маршрутамі (у прыватнасці, перад марскім маршрутам праз Суэцкі канал) з'яўляецца скарачэнне ў два разы адлегласці перавозак, а таксама зніжэнне кошту перавозкі кантэйнераў у параўнанні з коштам транспарціроўкі па марскім шляху.

Беларусь і Іран аднаўляюць рэгулярныя авіязносіны

Як падкрэсліў Дзмітрый Кальцоў, рэгулярныя авіязносіны адыгрываюць важную ролю для падтрымання прамых дзелавых, навуковых, адукацыйных, культурных, турыстычных абменаў. "Зусім хутка паміж сталіцамі нашых краін будуць устаноўлены прамыя авіязносіны. Прамы рэйс, безумоўна, стане магутным фактарам для пашырэння эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі", - заявіў кіраўнік беларускай дыпмісіі.

Адной з цэнтральных падзей візіту стане падпісанне комплекснай дарожнай карты ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Іранам. Дакумент быў распрацаваны ў развіццё дамоўленасцей кіраўнікоў дзяржаў, дасягнутых у час іх сустрэчы ў Душанбэ ў верасні 2021 года.-Э-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі