Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 лютага 2020, 12:03

Лукашэнка прыляцеў з афіцыйным візітам у Каір

19 лютага, Каір /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з афіцыйным візітам у Егіпет. Борт кіраўніка дзяржавы прызямліўся ў міжнародным аэрапорце Каіра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Каля трапа самалёта Прэзідэнта сустрэлі міністр вышэйшай адукацыі і навуковых даследаванняў Егіпта Халід Абдэль Гафар і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Егіпце Сяргей Цярэнцьеў.

Сёння Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі. Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць рэалізацыю дамоўленасцей, дасягнутых у час візіту егіпецкага лідара ў Мінск летам 2019 года, перспектывы развіцця гандлёва-эканамічных і гуманітарных адносін. Прэзідэнты таксама разгледзяць пытанні ўзаемадзеяння на міжнародных пляцоўках, забеспячэння бяспекі ў рэгіёне і свеце ў цэлым. Па выніках перагавораў чакаецца падпісанне пакета двухбаковых дакументаў.

На другую палавіну дня ў беларускага лідара запланавана сустрэча са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Егіпта Алі Абдэлем аль-Саедам.

Як раней заявіў у інтэрв'ю БЕЛТА Сяргей Цярэнцьеў, краіны цяпер працуюць над вялікай колькасцю двухбаковых праектаў. Гэта сумесная вытворчасць грузавых аўтамабіляў МАЗ, трактароў МТЗ, сельскагаспадарчага абсталявання "Бабруйскаграмаша", пагрузчыкаў "Амкадор", збожжасховішчаў, рухавікоў ММЗ, праекты ў сферы сельскай гаспадаркі і вытворчасці прадуктаў харчавання, дрэваапрацоўкі, у галінах навукі і адукацыі.

"Сёння можна з упэўненасцю гаварыць: Беларусь для Егіпта не з'яўляецца "тэра інкогніта". Любы селянін у Егіпце ведае слова Беларусь, паколькі гэта і назва якаснага і надзейнага трактара. Усё большая колькасць егіпцян успрымае нашу краіну як крыніцу перадавых тэхналогій, у тым ліку ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, медыцыне і многіх іншых галінах, - адзначыў дыпламат. - Вядома, нам нельга заспакойвацца на дасягнутым. Усё яшчэ ўзнікаюць пытанні бар'ераў у двухбаковым гандлі. Не магу сказаць, што мы рэалізавалі ўсе магчымасці па нарошчванні экспарту, перш за ўсё ў частцы выканання задачы па дыверсіфікацыі яго таварнай наменклатуры. Вялікі патэнцыял бачым для росту гандлю паслугамі, асабліва ў высокатэхналагічнай сферы".

Гэты візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Егіпет ужо трэці за гісторыю беларуска-егіпецкіх адносін. Раней кіраўнік дзяржавы наведваў Каір у 1998 і 2017 гадах. У Чэрвені 2019 года адбыўся першы афіцыйны візіт Прэзідэнта Егіпта ў Беларусь. У 2015 годзе лідары дзвюх краін правялі сустрэчу на палях Генеральнай асамблеі ААН. Такім чынам, сёння будзе ўжо чацвёртая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Абдэль Фатахам ас-Сісі.

Тавараабарот паміж краінамі ў 2019 годзе вырас на 32 працэнты - да $142 млн. Пры гэтым беларускі экспарт склаў $116,5 млн, павялічыўшыся на 40 працэнтаў. За тры гады з часу апошняга візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Каір Беларусь і Егіпет нагандлявалі больш як на трэць мільярда долараў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі