Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 снежня 2020, 10:15

Лукашэнка прыехаў у БНТУ павіншаваць універсітэт са 100-годдзем

10 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў сёння ўдзел ва ўрачыстым сходзе працоўнага калектыву Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, прысвечаным 100-годдзю ВНУ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Мерапрыемства не было запланавана ў графіку кіраўніка дзяржавы. Аднак, як падкрэсліў Прэзідэнт, кожнаму хацелася б "дакрануцца да сівізны вядучай тэхнічнай ВНУ".

Ён адзначыў, што БНТУ стаў роданачальнікам інжынернай думкі і інжынернай творчасці ў краіне. "Цяперашняе мерапрыемства - гэта даніна павагі тым, хто не толькі ствараў гэты ўніверсітэт (можа, і не столькі), але і хто праславіў сваімі справамі гэту ВНУ", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У дворыку галоўнага корпуса ўніверсітэта да 100-годдзя ВНУ выставілі ўзоры беларускай аўтамабільнай тэхнікі, створаныя выпускнікамі БНТУ. Паводле слоў Прэзідэнта, беларускія інжынеры ўмеюць рабіць сапраўдныя цуды, але, з іншага боку, знаходзяцца ў жорсткай сусветнай канкурэнцыі. "Усё, што мы бачылі тут, у свеце вырабляецца ў вялікай колькасці. І тое, што вы выстаялі ў гэтай канкурэнцыі, вырабляеце патрэбную на сусветным рынку прадукцыю, дарагога варта", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што заўсёды з вялікай павагай ставіўся да выпускнікоў БНТУ. "Я заўсёды параўноўваў паводзіны тых ці іншых студэнтаў, выпускнікоў і гэтак далей: вы заўсёды былі асновай і фундаментам нашай дзяржаўнасці", - сказаў беларускі лідар.

Як паведамлялася, напярэдадні Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб узнагароджанні Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта ордэнам Працоўнай Славы. Навучальная ўстанова ўдастоена гэтай узнагароды за значны асабісты ўклад у развіццё інжынерна-тэхнічнай адукацыі, правядзенне навуковых даследаванняў у галіне машынабудавання, энергетыкі, будаўніцтва і архітэктуры, укараненне новых сучасных тэхналогій, падрыхтоўку навуковых кадраў і ў сувязі са 100-годдзем з дня заснавання ўніверсітэта.

Раней, 7 снежня, Прэзідэнт падпісаў дэкрэт, якім устаноўлена магчымасць заахвочвання дзяржаўнымі ўзнагародамі арганізацый і калектываў іх работнікаў, а таксама воінскіх часцей і фарміраванняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі