Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
16 снежня 2022, 13:14

Лукашэнка: пры экспарце на расійскі рынак беларускіх тавараў і паслуг не павінна быць ніякіх прэтэнзій

16 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пры экспарце на расійскі рынак беларускіх тавараў і паслуг не павінна быць ніякіх прэтэнзій. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 16 снежня на нарадзе па пытаннях беларуска-расійскага супрацоўніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У якасці важных пытанняў у тэматыцы супрацоўніцтва з Расіяй Прэзідэнт абазначыў каардынацыю дзеянняў пры кроках у адказ на санкцыйны націск, які ўзмацняецца. "Меры, якія прымаюцца расійскім бокам, ні ў якім выпадку не павінны перашкаджаць транзіту беларускай прадукцыі ў трэція краіны цераз тэрыторыю Расіі. Таксама не павінна быць ніякіх прэтэнзій пры экспарце на расійскі рынак беларускіх тавараў і паслуг", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу адказных асоб у Беларусі, што да гэтага часу яшчэ існуе забарона з боку Расіі на пастаўкі прадукцыі амаль паўсотні беларускіх прадпрыемстваў, у асноўным харчовых: "Я вам павінен сказаць, што гэта і нашага ўрада віна. Мы проста лічым: падумаеш, нейкія дробныя прадпрыемствы... А гэтага проста ў прынцыпе быць не павінна. Гэта супярэчыць ідэалогіі нашых адносін (з Расіяй. - Заўвага БЕЛТА)".

У час нарады Прэзідэнт чакае пачуць грунтоўныя адказы на ўсе акрэсленыя пытанні і прапановы, як дзейнічаць далей. "Пры гэтым нашы рашэнні павінны быць аператыўнымі і дасканала выверанымі, без усялякай валакіты", - падкрэсліў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі