Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 кастрычніка 2019, 13:08

Лукашэнка: правядзенне перапісу насельніцтва патрэбна ў тым ліку для планавання наступнай пяцігодкі

30 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Правядзенне перапісу насельніцтва патрэбна ў тым ліку для планавання наступнай пяцігодкі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, адказваючы на пытанні журналістаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы павінны прайсці гэты перапіс, ведаць, колькі ў нас насельніцтва, якая структура, якасны склад насельніцтва. Для таго каб далей працаваць, выбудоўваць палітыку. Мы хутка пачнём планаваць новую пяцігодку і павінны ведаць, што ў нас з насельніцтвам робіцца, які ўзровень жыцця людзей, каб на будучае планаваць, колькі жылля будаваць, каму (шматдзетныя - нешматдзетныя сем'і)", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У пытанні кіраўніку дзяржавы наконт перапісу насельніцтва журналісты адзначылі вострую рэакцыю з боку некаторых людзей і рэсурсаў, аж да заклікаў байкатаваць перапіс.

"Вытокі гэтай неадэкватнасці ў розумах неадэкватных людзей. Мы часта гаворым (гэта вашы фразы, я іх запазычыў у вас): ім што ні зрабі, усё дрэнна. Ёсць у нас некалькі тысяч такіх людзей", - лічыць Прэзідэнт.

Наконт апасенняў, што кудысьці трапяць нейкія асабістыя даныя, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нават ён, з'яўляючыся Прэзідэнтам, не баіцца гэтага і прайшоў перапіс. Тым больш, што аб ім і так абсалютна ўсё вядома. "Які там страх? Пры перапісе ў кішэню не лезуць, капейкі або рублі не лічаць. Таму, якіх даных там можна баяцца? Надуманасць нейкая: не будзе карысці ад гэтага або не празрысты перапіс... З аднаго боку, кажуць, каб даныя кудысьці не трапілі, а тут, што гэта не празрыста і параўноўваюць з выбарамі. Поўны абсурд, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Думаю, гэта такая дробязь, на якую не трэба звяртаць увагі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі