6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу са старшынёй Вярхоўнага Суда Валянцінам Сукалам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы цікавіўся развіццём судовай сістэмы ў Беларусі, вынікамі праведзеных мерапрыемстваў па яе рэфармаванні, таксама з улікам канстытуцыйных змяненняў, што адбыліся. Яшчэ адна тэма - ствараемая ў Беларусі камісія па рабоце з грамадзянамі, якія ўчынілі правапарушэнні і жадаюць вярнуцца ў краіну. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся меркаваннем Валянціна Сукалы ў сувязі з адпаведнай маючай адбыцца работай.
Прэзідэнт асабліва адзначыў, што ў бягучым годзе чакаецца юбілейная дата - 100-годдзе Вярхоўнага Суда Беларусі.
"Мы некалі з вамі замахнуліся на чарговую рэформу судовай сістэмы. Зыходзячы з вашага вопыту, якія ў нас у сувязі з гэтым вынікі?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прадоўжыў: "Мы падыходзім да Усебеларускага народнага сходу. Суды выведзены наверх, пад УНС. Незалежнасць, зразумела, такім чынам павялічваецца, узмацняецца. Гэта вельмі важна: мы тут не памыліліся? Не будзе тут нейкай памылкі? І па Канстытуцыйным Судзе, і па Вярхоўным Судзе. У сувязі з тым што мы яго робім больш незалежным, падымаем туды наверх да Усебеларускага народнага сходу".
Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся працэсам стварэння Апеляцыйнага эканамічнага суда. "Ужо вопыт нейкі ёсць. Якая тут сітуацыя ў нас?" - абазначыў ён адно з пытанняў сустрэчы.
Яшчэ адна тэма - работа са зваротамі грамадзян, якія жадаюць вярнуцца на радзіму. "Мы цяпер, вось толькі што гаварылі з Андрэем Іванавічам Шведам (генеральным пракурорам Беларусі. - Заўвага БЕЛТА), разгарнулі работу па злачынствах збеглых. Тым не менш у адпаведнасці з законам мы прымаем у судах шмат рашэнняў па пакаранні тых, хто ўчыніў такія злачынствы. Па людзях, якія знаходзяцца тут. Як гэта стыкуецца, ці няма тут супярэчнасцей якіх-небудзь? - паставіў пытанне Аляксандр Лукашэнка. - Яшчэ раз ваша меркаванне наконт гэтай нейкай аддушыны для гэтых збеглых, якія ўсё ж такі нязначныя ўчынілі правапарушэнні. Нехта з перапуду збег. Ваша ацэнка па тым, што мы стварылі камісію, каб некаторых, так сказаць, рэабілітаваць і яны змаглі вярнуцца на радзіму".
Прэзідэнт таксама цікавіўся судовымі разборамі па тых справах, якія знаходзяцца ў яго на кантролі.
Валянцін Сукала запэўніў, што судовая сістэма цяпер у цэлым адпавядае ўсім канстытуцыйным патрабаванням, якія прад'яўляюцца да яе. "Яна спакойна рэагуе на ўсе выклікі і пагрозы, асвойвае тыя аб'ёмы правасуддзя, якія сёння ў яе ёсць. Разам з тым яна не стаіць на месцы, прадаўжае ўдасканальвацца, рэфармавацца. Першыя вынікі праведзенай рэформы ўжо відавочныя. Так удала супала, што судовая рэформа па часе супала з канстытуцыйнай. Мы завяршылі трэці этап судовай рэформы, і якраз канстытуцыйная рэформа. І гэта атрымала замацаванне на самым высокім канстытуцыйным узроўні", - сказаў старшыня Вярхоўнага Суда.-0-