Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
24 лістапада 2022, 10:40

Лукашэнка прапануе ўзмацніць аналітычны складнік у АДКБ

24 лістапада, Ерэван /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе ўзмацніць аналітычны складнік у АДКБ. Аб гэтым ён заявіў у Ерэване на пленарным пасяджэнні сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на сустрэчы лідараў дзяржаў АДКБ 16 мая ў Маскве ён гаварыў аб важнасці аналітыка-прагнознага складніка ў дзейнасці арганізацыі. "Таму мы маем намер зрабіць акцэнт на нарошчванні інстытуцыянальнага патэнцыялу АДКБ у інфармацыйна-аналітычнай сферы. Бачым у гэтым залог якаснага ўзмацнення арганізацыі і больш эфектыўнага рэагавання на ўзнікаючыя выклікі і пагрозы бяспецы", - сказаў ён.

Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі, на якія цяпер у інфармацыйнай вайне робіць стаўку Захад, і перш за ўсё НАТА на тэрыторыі Украіны. "Мы вельмі добра гэта бачым і займаемся. Думаю, і Расійская Федэрацыя. Нам трэба гэта ўмець рабіць, каб рэагаваць на іх выпады. Таму што там фэйкі, фэйкі, пачынаючы ад гэтай Бучы і заканчваючы падзеямі апошняга часу", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі сталі накшталт ваенных аперацый. Да гэтага трэба быць гатовымі", - падкрэсліў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, канкрэтным практычным укладам у рэалізацыю задачы стане фарміраванне сеткі нацыянальных аналітычных інстытутаў стратэгічных даследаванняў дзяржаў-членаў. "Гэта дасць магчымасць аб'яднаць навукова-экспертны патэнцыял нашых краін у імя забеспячэння міру і бяспекі. Бачым у гэтым важны інструмент пры падрыхтоўцы канцэптуальных і стратэгічных дакументаў у нашай арганізацыі па актуальных пытаннях міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі", - лічыць кіраўнік дзяржавы.

Беларускі бок прапануе правесці ў Мінску ў 2023 годзе сустрэчу кіраўнікоў нацыянальных аналітычных інстытутаў стратэгічных даследаванняў дзяржаў - членаў АДКБ для арганізацыі сістэмнай работы ў гэтым напрамку. "Мы з Расіяй правялі ўжо некалькі такіх мерапрыемстваў. Дарэчы, па іх ініцыятыве. І гэта вельмі добра ўспрынята экспертнай супольнасцю", - адзначыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, немалаважным кампанентам таксама з'яўляецца медыйнае пазіцыянаванне АДКБ, у тым ліку - прысутнасць у замежных СМІ. "Думаем, што наспела неабходнасць не толькі актывізацыі інфармацыйнай работы, але і выпрацоўкі новых падыходаў. Думаю, тут асноўную ролю павінна адыграць Расія з тым магутным апаратам СМІ. У іх, вядома, магчымасцей тут больш", - сказаў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі