Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
12 кастрычніка 2018, 14:57

Лукашэнка прапануе стварыць імпартазамяшчальныя праграмы для загрузкі беларуска-расійскіх прадпрыемстваў

12 кастрычніка, Магілёў /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусь і Расія павінны забяспечыць неабходную загрузку ўжо дзеючых прадпрыемстваў шляхам стварэння сумесных праграм па імпартазамяшчэнні. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на пленарным пасяджэнні V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў беларуска-расійскіх эканамічных адносінах па-ранейшаму застаецца актуальнай тэма правядзення ўзгодненай палітыкі ў прамысловай сферы і паглыблення кааперацыі. Паводле яго слоў, важнейшым прыярытэтам міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння з'яўляецца рэалізацыя вытворча-кааперацыйных праектаў у машынабудаванні, дрэваапрацоўцы, харчовай, лёгкай прамысловасці.

"Трэба забяспечыць неабходную загрузку ўжо дзеючых прадпрыемстваў шляхам стварэння сумесных праграм па імпартазамяшчэнні. Тады нашы вытворчасці змогуць развівацца ў інтарэсах дзвюх краін, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - На сустрэчы ў Сочы мы дэталёва абмяркоўвалі гэта пытанне. Спадзяюся, у бліжэйшы час прымем рашэнні, якія знімуць усе перашкоды ў развіцці сумесных вытворчасцей".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што прывабнасць любога інтэграцыйнага аб'яднання вызначаецца ўмовамі эканамічнага супрацоўніцтва яго суб'ектаў. Размова ідзе аб стварэнні ўмоў для камфортнага вядзення гандлю, а таксама магчымасці сумесна рэалізаваць прыбытковыя праекты ў розных сферах.

Яшчэ адным перспектыўным напрамкам з'яўляецца развіццё ўзаемадзеяння ў будаўнічай сферы. "Беларускія спецыялісты могуць якасна ўзвесці любыя аб'екты сацыяльна-эканамічнай інфраструктуры. У шэрагу гарадоў Цэнтральнай федэральнай акругі такія праекты намі рэалізаваны. Ёсць пазітыўны вопыт і на далёкім, але такім родным Сахаліне", - прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы.

У Расіі ствараюцца кластары, індустрыяльныя паркі, тэрыторыі апераджальнага развіцця. "Мы гатовы і павінны ўдзельнічаць у такіх праектах. Мы павінны эфектыўна задзейнічаць велізарны навуковы, прамысловы і кадравы патэнцыял дзвюх краін для стварэння сумеснай прадукцыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у беларуска-расійскім супрацоўніцтве ёсць станоўчыя прыклады ў станкабудаванні, распрацоўцы рухавіка для кар'ерных самазвалаў, пастаўцы кампанентаў для прадпрыемстваў аўтапрама. Акрамя таго, у Беларусі ўжо вырабляюцца розныя маркі тэхнічнага вугляроду на заводзе "Омск Карбон Магілёў", а групай кампаній "Садружнасць" (горад Светлы Калінінградскай вобласці) створаны вытворча-лагістычны комплекс і алеяэкстракцыйны завод па выпуску прадукцыі з соі і рапсу ў Смаргоні (Гродзенская вобласць).

"Усе гэтыя праекты рэалізаваны і працуюць пры непасрэднай падтрымцы беларускіх і расійскіх губернатараў. Шмат у чым менавіта дзякуючы іх мэтанакіраванасці ажыццяўляюцца пазітыўныя пачынанні, якія збліжаюць нашы дзяржавы, напаўняюць канкрэтным сэнсам беларуска-расійскія адносіны", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што развіццё супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі з'яўляецца важнейшым знешнеэканамічным прыярытэтам Беларусі. "Перакананы, што і цяперашні форум дасць магчымасць нам у ходзе адкрытай дыскусіі абмеркаваць шляхі павышэння эфектыўнасці міждзяржаўнага супрацоўніцтва, мы зможам намеціць магчымыя прарыўныя напрамкі, вызначыць канкрэтныя задачы на перспектыву", - рэзюмаваў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі