
7 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 чэрвеня на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця Нацыянальнага футбольнага стадыёна прапанаваў паставіць у Мінску помнік Старшыні КНР Сі Цзіньпіну, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Аднойчы ў Пекіне, ведучы перагаворы са сваім старым, але вельмі надзейным сябрам - Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, я пачаў гэту размову. І ён так па-кітайску (кітайцы - людзі вельмі спакойныя, узважаныя) у канцы таго, як я падзяліўся думкамі, сказаў: мы падумаем", - расказаў беларускі лідар.
У час чарговага візіту кіраўніка дзяржавы ў Кітай Сі Цзіньпін нечакана прадэманстраваў яму два макеты - басейна міжнароднага ўзроўню і футбольнага стадыёна. Старшыня КНР тады заявіў, што будаўніцтва гэтых аб'ектаў будзе падарункам для беларускага народа.

"Я адразу не паверыў, добра ведаючы Кітай, кітайцаў. Але потым падумаў: кітайцы проста так дарэмна нічога не гавораць. А тым больш першая асоба. Вось з гэтага ўсё пачалося", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Стадыён быў пабудаваны адносна хутка. З'явіўся ў беларускай сталіцы і новы басейн міжнароднага класа. "Цалкам падарунак кітайскага народа. Там няма беларускіх грошай", - заўважыў Прэзідэнт.
"Мы афіцыйна адкрываем найвялікшы "помнік". Я сказаў на ўваходзе (каля стадыёна ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя, якая ўяўляе сабой футбалістаў Беларусі і Кітая. - Заўвага БЕЛТА): якраз тут паставіць бы помнік майму сябру Сі Цзіньпіну. Таму што толькі дзякуючы яму кітайцы за свой кошт пабудавалі гэты стадыён. Як сказаў міністр, такіх мала ў Еўропе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.-0-











