
Фота з архіва
28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Эфіопіі Тае Ацке-Селасіе, прэм'ер-міністра Абія Ахмеда і дружалюбны народ гэтай краіны з нацыянальным святам - Днём устанаўлення міру і дэмакратыі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Гэта свята сімвалізуе перамогу суверэнітэту і імкненне да свабоды эфіопаў, мужнасць і неўтаймаваная сіла духу якіх назаўсёды застануцца ў памяці пакаленняў. Беларусь надае вялікае значэнне паглыбленню адносін з Эфіопіяй і падзяляе з ёй погляды на актуальныя пытанні і падзеі, што адбываюцца на міжнароднай арэне. Нашы краіны разам выступаюць за ўмацаванне шматпалярнага свету, дэманструюць прыхільнасць да згоды, справядлівасці і ўстойлівага развіцця", - гаворыцца ў пасланні Прэзідэнту Эфіопіі.
Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў зацікаўленасць у пашырэнні двухбаковага супрацоўніцтва ў галінах эканомікі, адукацыі, культуры і спорту. "Мы маем практычны вопыт рэалізацыі праектаў на Афрыканскім кантыненце і гатовы прапанаваць эфіопскім партнёрам свае кампетэнцыі ў працэсах механізацыі сельскай гаспадаркі і забеспячэння харчовай бяспекі, а таксама ў горназдабыўной прамысловасці, медыцыне, інфармацыйных тэхналогіях. Буду рады сустрэцца з Вамі ў Мінску, Адыс-Абебе або на пляцоўках ААН, Руху Недалучэння і БРІКС для дэталёвага абмеркавання шляхоў паглыблення беларуска-эфіопскіх сувязей", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
У віншаванні прэм'ер-міністру Эфіопіі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння гэта краіна ўпэўнена трымае курс на ўмацаванне сваёй эканомікі, адыгрывае актыўную ролю ў рэгіянальных і глабальных працэсах.
"З цеплынёй успамінаю нашу сустрэчу ў Казані ў кастрычніку 2024 года ў час саміту БРІКС і пацвярджаю нязменную прыхільнасць да паглыблення двухбаковых міждзяржаўных адносін. Разлічваю на плённую сумесную працу па выкананні дасягнутых дамоўленасцей аб пашырэнні супрацоўніцтва ў сферах эканомікі, гандлю, забеспячэння харчовай бяспекі, а таксама ў тэхналагічнай, гуманітарнай і іншых галінах, якія маюць істотнае значэнне для сацыяльна-эканамічнага развіцця абедзвюх краін. Пацвярджаю зацікаўленасць у далейшых кантактах з Вамі і гатоўнасць прыняць у Мінску дэлегацыю Эфіопіі высокага ўзроўню ў зручны час", - гаворыцца ў пасланні.-0-