Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 лютага 2020, 12:40

Лукашэнка пракаменціраваў затрыманне дырэктараў цукровых заводаў

4 лютага, Добруш /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў сёння журналістам затрыманне дырэктараў цукровых заводаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У бліжэйшыя дні Камітэт дзяржбяспекі падрабязна раскажа пра гэту справу, адзначыў Прэзідэнт. "Такога ў Беларусі яшчэ не было, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Што зрабілі гэтыя дзялкі - яны стварылі ў Маскве "пракладку" - гандлёвы дом. Звычайная "пракладка". Паставілі туды сваіх. З заводаў па дэмпінгавых цэнах прадавалі гандлёваму дому ў Маскве беларускі цукар. Тыя, павялічыўшы цану, прадавалі на рынку. Розніцу хабарамі раздавалі гэтым дырэктарам заводаў".

Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, які факт яго абурыў больш за ўсё: "Даўно на кантролі гэта пытанне спецслужбы вялі. Мне далажылі, што за бясцэнак прадавалі гандлёваму дому гэты цукар, а частка па нейкай там павялічанай цане вярталася ў Беларусь. Можа, цукар нават не вывозілі ў Маскву і назад не завозілі. А дакументы ішлі туды, пераафармлялі, і тут непасрэдна з заводаў на наш рынак пастаўлялі гэты цукар з маржой. А потым гэту маржу дзялілі на хабары. Гэта што, нармальна?"

"Там папаліся і з пагонамі людзі. Сказаў: усіх пад мятлу ў камеру. Усіх. Нават вось самалёт, нельга было раней затрымаць аднаго з дзеячаў. Вярнуць сказаў самалёт з Заходняй Еўропы, пасадзіць і дастаць іх адтуль. Вярнулі самалёт, дасталі і адправілі ў следчы ізалятар. Вельмі жорсткае будзе стаўленне да гэтага", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што чатыры цукровыя заводы працуюць у Беларусі яшчэ з савецкіх часоў. Прычым сучаснай Беларусі яны даставіліся ў паўразбураным стане і прадукцыю фактычна не выраблялі, адзначыў ён. "Дайшло да таго, што перад двума адказнымі кіраўнікамі паклаў наручнікі і сказаў: "Да раніцы не будзе цукру, ведаеце, што будзе". Да раніцы ва ўсіх кропках з'явіўся цукар. Гэта значыць цукар накоплівалі і перад перыядам, калі попыт на яго, стрымлівалі продажы - цэны падымаліся, і яны выкідвалі яго на рынак. Мне надакучыла хадзіць і кагосьці ўгаворваць, і я такім чынам некалі прымусіў працаваць", - нагадаў пра тыя часы кіраўнік дзяржавы.

У далейшым быў прыняты шэраг эканамічных мер, што дало магчымасць вырошчваць у Беларусі амаль 4 млн т цукровых буракоў. Затым прадпрыемствы былі мадэрнізаваны, каб нарасціць і вытворчасць цукру. "Там папісваюць, што дырэктары - малайцы, правялі мадэрнізацыю заводаў. А грошы дзе ўзялі? Я ездзіў да Сі Цзіньпіна, прасіў грошай на гэту фабрыку. Гэтак жа і тады: прыклалі намаганні, правялі мадэрнізацыю чатырох заводаў. Зрабілі як цукерку", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт заявіў, што цяперашнія дырэктары заводаў яму як дзеці, аднак недапушчальна, калі нехта нажываецца на тым, што прыналежыць не толькі працоўнаму калектыву, але і ўсяму беларускаму народу.

Была і яшчэ адна афера, дадаў кіраўнік дзяржавы. "Там нешта з тарай звязана. Стварылі таксама нейкае сваё прадпрыемства і гэту тару для цукру ў гэтага прадпрыемства закуплялі. І там цэны таксама завышалі і дзялілі маржу. Вось паводзіны гэтых дырэктараў", - дадаў ён.

"На працягу сутак замялі ўсіх - гэта была мая жорсткая каманда. Усе далі паказанні. Ніхто іх не даймаў, не біў, пальцы ў дзверы не засоўваў - пасадзілі і сказалі: толькі праўду. Усё напісалі, з кім былі звязаны, каму вазілі, каму давалі. Правялі вобыскі - уласнасці вельмі шмат: там дзясяткі самых сучасных аўтамабіляў, кватэры дзясяткамі, асабнякі і вялізная колькасць грошай", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён раскрытыкаваў СМІ, якія выступілі ў абарону падазроных, не разабраўшыся ў гэтай справе. "Мяркуйце самі, якія яны былі добрыя. У мяне ні да кога няма асабістых прэтэнзій. Я абараняю інтарэсы дзяржавы. І ведаеце, што яшчэ проста выклікае абурэнне: калі ты там змагаешся за гэту капейку па нафце, газу, металах, яшчэ па нечым, тут спрабуем дабудаваць, каб людзі зарплату мелі, гэтыя падонкі нахабна пасярод белага дня крадуць. Ці ж гэта нармальна? Ненармальна. Таму гэта навука для ўсіх дырэктараў", - рэзюмаваў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі