
14 сакавіка, Масква /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў перагаворы, якія цяпер вядуцца паміж Расіяй і ЗША наконт сітуацыі ва Украіне і магчымасці вяртання заходніх кампаній на расійскі рынак. Адпаведныя заявы ён зрабіў 14 сакавіка ў сваім выступленні ў Савеце Федэрацыі ў ходзе афіцыйнага візіту ў Расію, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што і Беларусь, і Расія павінны перш за ўсё арыентавацца на свае нацыянальныя інтарэсы, выбудоўваць сваю палітыку без аглядкі на кагосьці звонку. "Калі ў нас сёння выклік ва Украіне, мы павінны яго вырашаць - або ваяваць або мірыцца. Гэта элементарна. Можам ваяваць - давайце будзем ваяваць. Не можам - будзем рухацца ў бок міру, каб людзі не гінулі", - сказаў ён.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Прэзідэнту ЗША Дональду Трампу за яго намаганні па спыненні баявых дзеянняў, але разам з тым звярнуў увагу на адсутнасць канкрэтных прапаноў з амерыканскага боку. "Дзякуй Дональду, што ён паставіў перад сабой мэту дапамагчы нам устанавіць мір. Але не трэба кідацца на ўсе гэтыя размовы. Факты на стол. Мы іх павінны паглядзець, каб не шкодзілі нам", - заўважыў беларускі лідар.

Напрыклад, калі гаворка ідзе аб магчымасці вяртання заходніх кампаній, то тут таксама трэба ставіць у аснову нацыянальныя інтарэсы. Як заўважыў Прэзідэнт, у цэлым такая магчымасць не выклікае апасенняў з пункту гледжання ўзрастання канкурэнцыі, паколькі і Беларусь, і Расія даўно працуюць у адкрытых рыначных умовах, канкурыруюць з іншымі кампаніямі. "Нам ніколі не было лёгка. Але Захад хоча вярнуцца. Будзем разглядаць усе прапановы зыходзячы з сітуацыі на зямлі, кажучы на ваеннай мове. Нам гэта вытворчасць выгадна - возьмем", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы. А што датычыцца прадастаўлення якіх-небудзь прэферэнцый, гэта пытанне будзе вырашацца станоўча толькі ў тым выпадку, калі Беларусь або Расія зацікаўлены ў якіх-небудзь асаблівых, унікальных тэхналогіях. "А не так, агулам - прыходзьце, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Дзе гарантыі, што прыйдуць і ўсё будзе добра?"
З гэтай нагоды ён звярнуў увагу на палітыку ЗША па Украіне і рэдказямельных металах. "Прагаварыўся Дональд: "Мы будзем там капаць, гэта будзе на граніцы, і там будзе самая добрая абарона ад Расіі". А ў чым ён не мае рацыю? Мы што, будзем атакаваць кар'еры кампаній з Амерыкі, якія там будуць працаваць? Бачыце, якія ў іх замашкі. Таму нам трэба спакойна глядзець на ўсе іх прапановы".
Як расказаў Аляксандр Лукашэнка, у час сустрэчы з Уладзімірам Пуціным, якая запланавана на вечар 14 сакавіка, яны маюць намер абмеркаваць у тым ліку і пытанні перагавораў з ЗША.

"Я ўпэўнены, што ў амерыканцаў няма ніякага плана, ідзе зандаж. Паглядзім, чаго яны хочуць", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, такая мадэль паводзін характэрна для Дональда Трампа і яго каманды - яны манітораць сітуацыю па ўсім свеце ў пошуках выгадных для сябе тэм і прапаноў.
"Дзе чаго намацаць і што прапанаваць… І пачынаецца: раніцай адна заява, вечарам другая, у абед трэцяя, і адна абвяргае другую. Паспрабуй тут разабраць. Таму нам трэба спакойна гэта ўспрымаць, што вы (у расійскім кіраўніцтве. - Заўвага БЕЛТА), дарэчы, і робіце. Малайцы. У СМІ бурляць, бурляць... Але вы вельмі правільна робіце. Назіраем. Працуем на прыём, як чэкісты кажуць. Потым адкажам", - заўважыў беларускі лідар.-0-