Сцяг Панядзелак, 26 лютага 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
25 лютага 2023, 13:27

Лукашэнка пракаменціраваў фэйкавыя ўкіды аб стратэгіі Расіі адносна Беларусі

25 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў фэйкавыя ўкіды аб стратэгіі Расіі адносна Беларусі, што нібыта звязана з паглынаннем да 2030 года. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў, адказваючы на пытанні журналістаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У нас ёсць свая стратэгія? Ёсць. У Расіі (ядзерная вялікая дзяржава) ёсць свая стратэгія? Ёсць. І ў Расіі адносна Беларусі ў тым ліку ёсць свая стратэгія - жыць, як са сваімі братамі, у міры і дружбе. 100 працэнтаў. Я ў гэтым "катле" поўнасцю варуся і ўдзельнічаю ў гэтым", - заявіў беларускі лідар.

"Нас проста хочуць яшчэ раз рассячы. Таму ўзнікла гэта тэма. Нічога жывога ў гэтым няма. Маю пазіцыю вы ведаеце, яна нязменная: мы незалежная суверэнная дзяржава. Будучы незалежнай, суверэннай, з Расіяй хто побач стаіць? Ніхто, акрамя Беларусі. Што яшчэ трэба?", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ўсе гэтыя пытанні Прэзідэнт Расіі разумее гэтак жа. "Вось у апошнюю сустрэчу мы з ім доўга абмяркоўвалі гэтыя пытанні, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Адкрыю сакрэт: учора мы ўвечары з ім доўга размаўлялі на розныя тэмы. У нас адносіны дай бог, каб заўсёды былі такімі. І пасля мяне, каб яны былі такімі. І каб нашы дзеці жылі ў такіх умовах. Таму не слухайце гэту брахню і балбатню. Яна спароджана, каб нас раскалоць".

Што датычыцца ўкіду наконт стратэгіі Расіі, Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што тры гады таму мог быць такі дакумент, калі абмяркоўвалася фарміраванне інтэграцыйных карт, а цяпер саюзных праграм. "Калі мы да гэтага падыходзілі, розныя былі пункты гледжання. Нехта так гаварыў, нехта гэтак. Можа, нейкія чыноўнікі, група людзей, прапаноўвалі ў Адміністрацыі Прэзідэнта (Расіі. - Заўвага БЕЛТА), якім шляхам будзем ісці з Беларуссю", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэтак жа і ў Беларусі гучалі розныя меркаванні і прапановы, экспертамі, дэпутатамі вылучаліся розныя ідэі. "Я іх чую. Розныя былі прапановы. Аж да ўваходжання Расіі ў склад Беларусі. Помніце, я казаў, калі мне: "Вось, трэба, каб Беларусь увайшла ў склад Расіі". Чаму ў склад Расіі? Няхай Расія ўвойдзе ў склад Беларусі. Помніце, у 2019-2020 гадах", - нагадаў беларускі лідар рыторыку мінулых гадоў.

"Але не гэта галоўнае. Дзе яны былі тры гады (аўтары цяперашняга фэйку. - Заўвага БЕЛТА)? Дакумент стары. Прытым яго ніхто не хаваў, напэўна. Дзе яны былі? Чаму не гаварылі раней?" - паставіў пытанне беларускі лідар.

Прэзідэнт упэўнены, што ўсё гэта робіцца цяпер у мэтах ускалыхнуць і расхістаць Беларусь напярэдадні асноўнага электаральнага 2024 года (выбары дэпутатаў усіх узроўняў, УНС) і прэзідэнцкіх выбараў у 2025-м. "Трэба цяпер пачынаць расхістваць. Гэтыя ж збеглыя - яны там (за мяжой. - Заўвага БЕЛТА). Трэба новенькіх падрыхтаваць. Цяжкавата, праўда, з фінансаваннем. Цяпер жа мы за гэтым глядзім уважліва. Вось таму пачалі паціху расхістваць, яшчэ знойдуць нейкія тэмы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама звярнуў увагу, што гэта тэма адначасова ўзнікла ў самых розных рэсурсах, што сведчыць аб тым, што была дадзена каманда. "Вось у чым пытанне. Нас чарговы раз хочуць расцягнуць, разарваць", - перасцярог Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў аб намеры ў бліжэйшы час яшчэ раз грунтоўна давесці інфармацыю аб усіх 28 саюзных праграмах з Расіяй. Галоўныя з іх датычацца мытнай і падатковай сфер.

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад з акцызамі на цыгарэты. "Так, расіяне нам кажуць: калі вы хочаце па цыгарэтах агульны рынак, калі вы хочаце на нашым рынку прадаваць свае цыгарэты, ну давайце выраўнуем цэны. Гэта ж правільна. Нават калі мы акцызы павысілі на цыгарэты, мы што, у чалавека кавалак хлеба адабралі? - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка, заклікаўшы да здаровага ладу жыцця і адмовы ад курэння. - Дык скажыце, што мы тут пры гэтым страцілі? Даходы ў бюджэт павысілі за кошт другараднага тавару, без якога чалавек можа абысціся".

Гэтак жа і па мытных справах. Напрыклад, у Беларусі ўжо даўно працавала група з трох дзясяткаў расіян, якія ўзаемадзейнічалі з беларускімі мытнікамі па профільных пытаннях: "Цяпер дамовіліся: мы гэту групу дзелім папалам - 15 нашых, 15 іх. І выключна кансультацыйныя паслугі. Што дрэннага, калі суперспецыялісты будуць у гэтай групе і будуць нам, ім падказваць, як весці мытныя справы?"

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што калі яшчэ абмяркоўваліся інтэграцыйныя карты, то ў выніку прынята было рашэнне адмовіцца пакуль ад усяго, што выклікала насцярожанасць, што бакі ў гэты момант не маглі рэалізаваць. І гэта прапанова зыходзіла ў тым ліку ад Прэзідэнта Расіі.

"Усё астатняе - гэта нам выгадна. Гэта нам у плюс", - падкрэсліў беларускі лідар.

Больш таго, калі абмяркоўваліся падатковыя і мытныя праграмы, шмат было спрэчак і прапаноў, але ў выніку вырашылі ўзяць адзін у аднаго лепшы перадавы вопыт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі