Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 кастрычніка 2020, 10:17

Лукашэнка прадставіў на пасадзе міністра ўнутраных спраў і начальніка ГУУС Мінска

30 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прадставіў калектыву Міністэрства ўнутраных спраў новага міністра Івана Кубракова і начальніка ГУУС Мінска Міхаіла Грыба, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Тут сабралося кіраўніцтва сілавых структур, ад эфектыўнасці работы якіх сёння як ніколі залежаць і стабільнасць, і дабрабыт нашых людзей, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Я рады менавіта ў гэтым складзе прадставіць новых міністра ўнутраных спраў і начальніка ГУУС Мінска, а таксама падзякаваць ранейшым кіраўнікам, якія прадоўжаць службу на карысць нашай Беларусі і народа".

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што Іван Кубракоў прайшоў шлях ад міліцыянера-вадзіцеля аднаго з Мінскіх райаддзелаў да начальніка галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама. Працаваў непасрэдна з людзьмі на пасадзе ўчастковага міліцыянера, таксама ён узначальваў Заслаўскі РАУС, УУС Віцебскага аблвыканкама. "Менавіта дзякуючы арганізацыі аператыўна-службовай дзейнасці, таму, як дакладна размеркаваны сілы і сродкі, была забяспечана бяспека жыхароў і гасцей сталіцы, у тым ліку ўдзельнікаў несанкцыянаваных мерапрыемстваў", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што пры выбары новага міністра абмяркоўвалася каля дзясятка кандыдатур. "За апошні час вырасла новае пакаленне прадстаўнікоў сілавога блока, дастойных займаць высокія дзяржаўныя пасады", - звярнуў увагу Прэзідэнт. Ён выказаў упэўненасць, што Іван Кубракоў зможа перадаць свае вопыт і добрае веданне сітуацыі ў Мінску новаму начальніку ГУУС Мінгарвыканкама Міхаілу Грыбу. "Ён займаў пасаду начальніка міліцыі грамадскай бяспекі ў гэтай жа структуры, добра яе ведае, нядрэнна сябе зарэкамендаваў, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Тым не менш, падтрымка яму не перашкодзіць. Вы ведаеце, што мной было прынята рашэнне з цёплага ўтульнага Мінска накіраваць яго ў Віцебскую вобласць. Я не чуў ні адной заўвагі ад тых, хто з ім сутыкаўся, што ён нешта рабіў не так, што ён паводзіў сябе непрафесійна".

Юрыя Караева Прэзідэнт ахарактарызаваў як чалавека адданага і шчырага ў служэнні дзяржаве і народу, які ўнёс каласальны ўклад у рэарганізацыю і ўзмацненне баявой гатоўнасці ўнутраных войскаў і органаў унутраных спраў, у поўным аб'ёме выканаў задачы па забеспячэнні грамадскай бяспекі і правапарадку ў краіне. Акрамя таго, яго вызначае ўменне ўсебакова аналізаваць абстаноўку.

"Ён адданы дзяржаўным інтарэсам, адказна падыходзіць да вырашэння пастаўленых задач, прыслухоўваецца да меркавання спецыялістаў. Ён ніколі не самаўхіляўся ад вырашэння праблем, не баяўся браць адказнасць на сябе, пры гэтым нават празмерна, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Ён мае высокую ступень арганізаванасці і працаздольнасці".

Што датычыцца Аляксандра Барсукова, то ён, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, усёй сваёй службай паказаў наглядны прыклад падрыхтоўкі кіруючых кадраў у краіне, прайшоў шлях ад простага міліцыянера, следчага, начальніка ГУУС Мінгарвыканкама да намесніка міністра ўнутраных спраў. "У тым ліку дзякуючы вашай працы органы ўнутраных спраў упэўнена кантралююць абстаноўку, здольныя апярэдзіць яе абвастрэнне, абараніць грамадства, кожнага грамадзяніна ад любых замахаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што новы міністр Іван Кубракоў даўно знаёмы з Аляксандрам Барсуковым, назначаным памочнікам Прэзідэнта па Мінску. "У Аляксандра Пятровіча задача працаваць у кантакце, не перашкаджаючы нікому. Ён вопытны і адданы справе чалавек", - ахарактарызаваў беларускі лідар.

"Складзецца моцны тандэм людзей, якія добра разумеюць адзін аднаго", - дадаў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што Юрый Караеў, Аляксандр Барсукоў і Валерый Вакульчык, назначаныя памочнікамі Прэзідэнта, накіроўваюцца на важныя ўчасткі работы. "Мне вельмі важна, каб яны, памочнікі Прэзідэнта - інспектары, забяспечылі парадак і дысцыпліну ў Беларусі. Без яе - ніяк", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама ўручыў генеральскія пагоны: новаму міністру Івану Кубракову, Юрыю Караеву і Аляксандру Барсукову - генерал-лейтэнанта міліцыі, Міхаілу Грыбу - генерал-маёра міліцыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі