Сцяг Пятніца, 10 студзеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 студзеня 2025, 12:31

Лукашэнка: праблеме перапрацоўкі смецця ў гэтым годзе мы ўдзелім асаблівую ўвагу

Фота з архіва
Фота з архіва
10 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць важным паглыбіць перапрацоўку адходаў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 10 студзеня ў час наведвання новай помпавай станцыі "Шчомысліца", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ачышчальныя збудаванні і вялікі завод па перапрацоўцы адходаў - гэта трэба рабіць. У бягучай пяцігодцы і ў бягучым Годзе добраўпарадкавання мы асаблівую ўвагу гэтаму ўдзелім. Асабліва перапрацоўцы смецця. У мяне ў галаве вечна лічба Швейцарыі, якая амаль усё смецце перапрацоўвае і атрымлівае з гэтага каштоўныя прадукты, таму што там ёсць усё - ад поліэтылену да паперы. Нам трэба гэтым займацца, каб не забрудзіць гэты кавалачак зямлі, на якім трэба будзе жыць нам і нашым дзецям", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў далажыў, што ў горадзе пачалі ўжо рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў. Праект разбіты на некалькі чэргаў. Спачатку плануецца рэканструяваць збудаванні механічнай ачысткі, гэтыя работы ўжо вядуцца. У час другой чаргі будуць мадэрнізаваны збудаванні біялагічнай ачысткі. Трэцяя чарга - падрыхтоўка збудаванняў па ўтылізацыі і перапрацоўцы глею.

"Да канца года мы пачынаем працаваць па чацвёртай і пятай чарзе. Плануем, што першыя тры чаргі мы зробім на працягу двух гадоў, - расказаў старшыня Мінгарвыканкама. - У 2028 годзе плануем забяспечыць поўнасцю рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў Мінска, якія будуць аснашчаны сучаснымі тэхналогіямі. Фактычна гэта будзе безадходная вытворчасць".

"У наступнай пяцігодцы ўсю гэту праблему для Мінска трэба закрыць. Яна па планах будзе раней вырашана, але за пяцігодку выходзіць нельга. У краіне гэта такое першае комплекснае мерапрыемства па будаўніцтве ачышчальнай станцыі ў такіх маштабах. Нам трэба і ў іншых буйных гарадах паглядзець (перш за ўсё абласных, можа, і трэцяга ўзроўню гарады - статысячнікі) на будаўніцтва такіх станцый. Гэта будзе так званы пілотны праект, які мы павінны ажыццявіць у Мінску і пачаць у кожнай вобласці ў гэтай пяцігодцы. Гэта вельмі важна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Сёння ў Мінску таксама рэалізуецца маштабны праект па рэканструкцыі магутнасцей смеццеперапрацоўчага завода на палігоне цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) "Трасцянецкі". У рамках праекта плануецца пабудаваць звыш 20 аб'ектаў, што дасць магчымасць значна павялічыць магутнасці прадпрыемства. Чакаецца, што сумарная магутнасць комплексу па абыходжанні з ЦКА павялічыцца з 100 тыс. т у год да 600 тыс. т.

"Калі мы рэканструюем гэты комплекс, нам будзе дастаткова для перапрацоўкі?" - удакладніў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Уладзіміра Кухарава, рэканструкцыя магутнасцей смеццеперапрацоўчага завода поўнасцю закрые патрэбнасці горада.

"Значыць, трэба аператыўна гэта зрабіць", - запатрабаваў Прэзідэнт.

"Да 3 ліпеня мы плануем поўнасцю завяршыць будаўніцтва смеццесартавальнага завода. На ім будзе ісці сартаванне ўсіх адходаў. Мы будзем адбіраць усе другасныя матэрыяльныя рэсурсы, якія потым будуць падлягаць паглыбленай перапрацоўцы. Акрамя таго, будзе штогод вырабляцца 113 тысяч тон RDF-паліва (агульная назва паліва, што вырабляецца з адходаў. - Заўвага БЕЛТА), яно будзе выкарыстоўвацца як паліва для цэментнага завода", - праінфармаваў старшыня Мінгарвыканкама.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі