Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 снежня 2018, 14:44

Лукашэнка пра вырашэнне канфлікту ва Украіне: пакуль не позна, трэба галаву ў рукі ўзяць і нешта зрабіць

14 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка чарговы раз заклікае бакі, якія варагуюць, да практычных крокаў па вырашэнні канфлікту на ўсходзе Украіны. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў сёння на сустрэчы з прадстаўнікамі расійскай медыйнай супольнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я не хачу, каб старыя гінулі ў Данбасе. Я ведаю, што там адбываецца, лепш, чым прысутныя тут, і лепш, чым нават кіраўніцтва Расіі. Я ведаю, што адбываецца. За што гінуць дзеці і старыя, жанчыны? Мужыкі ж там ваююць недзе... Але дзеці чаго гінуць, яны ў чым вінаватыя? - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Вось з чаго зыходзіць мая пазіцыя. І ці нам - славянам - ваяваць тут. Мы ж на адзін выгляд, мы адны і тыя ж людзі. І я ведаю ўкраінцаў. Я там служыў, я там працаваў, да мяне людзі з захаду (Украіны. - Заўвага БЕЛТА) прыязджалі, працавалі. Яны не ворагі, яны не такія дрэнныя, як вы часам гаворыце на каналах. Даўно пара спыніць гэта, ужо ніхто не глядзіць".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што трэба аднаўляць нармальныя адносіны, і гэта магчыма. "Але чым далей - тым горш. Я вам скажу сваю пазіцыю: усе баяцца, што там (ва Украіне. - Заўвага БЕЛТА) будзе НАТА. Я нядаўна Уладзіміру Уладзіміравічу сказаў: слухай, мы з табой хутка Госпада будзем прасіць, каб там было НАТА, а не адмарожаныя нацмены са стрэльбай. Вось да чаго мы можам давесці", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік беларускай дзяржавы не выключыў, што ў далейшым у такіх "нацменаў" можа з'явіцца і ракетная зброя. "Вас не здзіўляе, што ў гэты момант ЗША выходзяць з дагавора аб абмежаванні ракет малой і сярэдняй далёкасці. А цяпер уявіце на хвілінку, што ў мяне пад Гомелем будуць стаяць ракеты з ядзернымі боегалоўкамі, а ў вас пад Растовам. Як вам? Мы што, гэтага хацелі? Таму пакуль не позна, трэба галаву ў рукі ўзяць і не крычаць гвалтам, а нешта зрабіць, каб гэта спыніць", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што без удзелу ЗША ніякая Еўропа, Меркель ці Макрон праблему не вырашаць. "Але мы ўтраіх (Расія, Украіна і Беларусь. - Заўвага БЕЛТА) вырашыць можам. Як гэта зрабіць? Трэба сесці і падумаць, але для гэтага трэба адмовіцца ад нападкаў. Можа недзе нешта за дужкі вывесці, недзе нешта прабачыць на гэтым этапе. Слухайце, немцам жа прабачылі - 30 мільёнаў загінулі - амаль забылі. Дзякуй богу, гэтага яшчэ ў нашых адносінах няма. Дык давайце рабіць крокі ў гэтым напрамку", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней прапаноўваў канкрэтны ўдзел ва ўрэгуляванні канфлікту, у тым ліку забеспячэнні бяспекі на граніцы, арганізацыі выбараў у адпаведнасці з мінскімі пагадненнямі. Аднак ні ўкраінскі бок, ні расійскі на гэта не пайшлі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі