Сцяг Пятніца, 23 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
28 лютага 2025, 12:24

Лукашэнка пра цэны: роля дзяржавы не ў наглядніцтве, а ў стварэнні зразумелых умоў

28 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Роля дзяржавы павінна заключацца не ў наглядніцтве, а ў стварэнні зразумелых умоў работы і агульных правіл паводзін для ўсіх удзельнікаў рынку. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 лютага на нарадзе па новай сістэме рэгулявання цэн, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Роля дзяржавы з гэтага часу павінна заключацца не ў наглядніцтве, а ў стварэнні зразумелых умоў работы, агульных правіл паводзін для ўсіх удзельнікаў рынку. Ніхто да вас не павінен бегаць і прасіць адрэгуляваць цану. Бізнесмены, вытворцы павінны самі ўстанаўліваць цану на прадукцыю, але ў іх таксама павінна быць каляіна - каляіна справядлівасці, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Выпрацавалі вы яе? Паслухаем".
"Але калі вы думаеце, што вось да выбараў пацерпім, як гэта ў іншых краінах бывае, а пасля выбараў гэта пойдзе само сабой, як заўсёды было, барані вас бог ад гэтага. Расстрэльны артыкул як мінімум! Папярэджваю вас. Дурыць людзей нікому не будзе дазволена. Я за гэта - прынамсі першым - нясу персанальную адказнасць. Члены ўрада, губернатары - у другую чаргу", - жорстка папярэдзіў Прэзідэнт.
Ён пагадзіўся, што гэта работа патрабуе вялікіх намаганняў і праблема сапраўды складаная. А вось калі дзейнічаць згодна з простай схемай "попыт і прапанаванне", то ўсё будзе проста і нічога рабіць не трэба. "Гэта ж нагрузка. Каму хочацца працаваць. Дык я па-чалавечы вам гавару: хто не можа і не хоча, не сядзіце на гэтых пасадах. Не хочаце - сыходзьце. Я нікога не прывязаў. Сёння момант прыгожа пайсці. Але адступлення не будзе, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Мы ж з вамі ўсе практычна выйшлі калі не з галечы... Я з галечы. Я ведаю, як жылося простым бедным людзям. І вы ж не міністэрскія дзеткі".

"Вы ж не забылі, як жывуць звычайныя людзі. Давайце ім дапаможам. Лайдакоў, якія ходзяць бразгаюць языкамі, прымусім працаваць. Я таксама такое ўказанне даў. На сябе ўзяў, распарадзіўся. Уся ўлада ў нашых руках. А гаварыць аб тым, што "вось такі Еўрасаюз, амерыканцы такія, у Расіі…" Нам няма чаго на іх раўняцца. Расія, калі захоча, самай багатай краінай будзе. Амерыканцы захочуць - надрукуюць колькі трэба долараў. Еўрапейцы - тэхналагічныя краіны, адбудаваныя. Прыйдуць нармальныя кіраўнікі, будзе Еўрапейскі саюз працаваць. А нам што рабіць у гэтым акружэнні? Ваяваць, як ва Украіне? Усё пачынаецца з эканомікі, 25-ы раз пра гэта гавару", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт даўно даручыў ураду выпрацаваць новую форму справядлівага цэнаўтварэння. Аднак што маецца на ўвазе пад гэтай справядлівасцю?
"Па-першае, для спажыўца, простага чалавека, справядлівасць заключаецца ў адсутнасці спекуляцый і ў разумнай цане на канечны прадукт. Я не гавару, што "Гучы", "Версачэ" і іншае. Хочаш - купляй імпартнае. Але мы ж можам вырабіць аналагічны прадукт, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Другое. Для прадпрыемстваў - тых, хто вырабляе - справядлівасць павінна ўлічваць адэкватны прыбытак. Але прыбытак - гэта цана мінус затраты. Хочаце больш прыбытку, з мерседэса перасаджвайцеся на сівага каня. Я па-народнаму гавару".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цана на прадукт - гэта ў выніку заработная плата работнікаў вытворчасці. Гэта значыць, атрыманы прыбытак павінен дазваляць прадпрыемствам перш за ўсё забяспечваць дастойныя зарплаты і ўласныя інвестыцыі ў вытворчасць, а не асядаць у кішэнях кіраўнікоў. Акрамя таго, ад памеру атрыманага прадпрыемствамі прыбытку залежаць і даходы дзяржаўнага бюджэту. А гэта - зарплаты вялікай катэгорыі работнікаў і гарантаванне нацыянальнай бяспекі.
"Трэцяе. Справядлівасць - гэта максімальнае садзейнічанне продажам айчынных тавараў. Гэта адзін з напрамкаў работы гандлю, - удакладніў Прэзідэнт. - Мы ўзялі курс на буйныя сеткі. Там таксама цана бандыцкая была, ніхто не кантраляваў. Усім было добра ў гандлі, і ўсім, хто быў звязаны з ім. Таму там таксама фарміруецца канчатковая цана для спажыўца. Але я ўжо гаварыў: не павінна быць так, што імпартнае сёння больш выгадна прадаваць, чым айчыннае. І мы шукаем прычыну. Камітэт дзяржкантролю, урад - усе шукаюць прычыну. Але яна на паверхні - вы самі стварылі такія ўмовы. І мы страчваем айчынны рынак".

"Інакш кажучы, у новай, справядлівай сістэме цэнаўтварэння павінен захоўвацца баланс усіх інтарэсаў. Зрабіце формулу такой, каб гэты баланс захоўваўся", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Урад прапанаваў пакуль толькі агульнае бачанне формулы справядлівай цаны. У яе ёсць як прыхільнікі, так і скептыкі. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ацэнкі гучаць розныя, але ў цэлым эксперты сыходзяцца на думцы, што падыходы існуючай сістэмы трэба ў той ці іншай ступені карэкціраваць.

"Разумны кантроль за цэнамі павінен быць захаваны. І ўвогуле, можаце не кантраляваць, ваша справа. Але за вынік адкажуць галавой", - папярэдзіў Прэзідэнт.

Ён прывёў у якасці прыкладу цэны, якія растуць, на лякарствы і адзенне: "На сённяшні дзень па выніках розных даследаванняў бачна, што насельніцтва хвалюе рост цэн на лякарствы і адзенне. Гэта для людзей самыя адчувальныя пазіцыі. Што, ва ўрадзе гэта не ведаюць? Дык вазьміце гэтыя дзве пазіцыі і адрэгулюйце. Чаго мы чакаем?"

"Прапановы ўрада разгледзім дэталёва, пакрокава, каб выпрацаваць аптымальнае рашэнне як па формуле справядлівай цаны, так і па сістэме кантролю і кіравання цэнамі. Майце на ўвазе, пытанне вельмі вострае, яно пастаянна ў цэнтры ўвагі нашага насельніцтва. Адступлення ад гэтай праблемы з майго боку не будзе ніколі, таму што гэта жыццё людзей і наша ў тым ліку жыццё", - рэзюмаваў беларускі лідар.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі