Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
29 кастрычніка 2020, 13:58

Лукашэнка пра сітуацыю ў Польшчы: яны хацелі ў нас мяцеж учыніць, а атрымалі самі

29 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы сёння кадравыя рашэнні, пракаменціраваў грамадска-палітычную абстаноўку ў суседніх краінах - Польшчы, Літве і Украіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ва ўсіх названых краінах ёсць значныя праблемы ў адносінах паміж насельніцтвам і ўладай, якія часам выліваюцца ў вулічныя пратэсты. У прыватнасці, Прэзідэнт падрабязна спыніўся на сітуацыі ў Польшчы. "Яны хацелі ў нас рэвалюцыю ўчыніць, нават не рэвалюцыю, а мяцеж, а атрымалі самі. Там сітуацыя няпростая, і яна проста так не вылезе. Там не адмарозкі ўзняліся, а ўзняліся жанчыны, і зразумела, за што ўзняліся. Там узняліся сяляне, і яны ведаюць, за што ўзняліся. Там рабочыя ўзняліся, ведаюць за што, дзяржслужачыя, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Жанчыны ўзняліся і пачалі пратэставаць не таму, што толькі аборты (забаранілі. - Заўвага БЕЛТА). Гэта быў спускавы кручок. Дуда перамог у Польшчы, сфальсіфікаваўшы выбары. Там нават працэнта перавагі не было. Сфальсіфікаваў. І адтуль усё пачалося. Яны хацелі стрэлкі перавесці на нас. А палякі не дурні, і там гэта (пратэсты. - Заўвага БЕЛТА) усё пачалося".

Акрамя таго, у Польшчы назбіраліся і эканамічныя праблемы. "Так, там ёсць кучка багатых, але колькі там бедных. І разрыў паміж беднатой і багатымі велізарны. Гэта самае небяспечнае для любой дзяржавы. Гэта ўсё ў кучу сабралося, а далей - спускавы кручок: для сялян - пушніна, для жанчын - аборты. Гэта была падстава ўжо. А там даўно ўжо рэвалюцыя выспявала, і я ім аб гэтым гаварыў: не лезце ў чужы агарод, разбярыцеся ў сябе. Не, палезлі", - дадаў Прэзідэнт.

Гаворачы пра сітуацыю ў Літве і вынікі парламенцкіх выбараў, што прайшлі там нядаўна, беларускі лідар сказаў: "Апазіцыя выйграла выбары. Вось умяшаліся ў Беларусь - страцілі ўладу". Напрыклад, не прайшла ў новы парламент партыя, ад якой балаціраваўся кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус, які не раз выступаў з крытычнымі заявамі адносна Беларусі.

"А што ва Украіне адбылося, наш сябар Валодзя Зяленскі? - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Поўнае паражэнне на выбарах у мясцовае самакіраванне".

"Таму не трэба ў суседа кідаць камяні, не трэба ў наш агарод лезці. Разбярыцеся ў сябе. Трэба заўсёды быць сумленным, надзейным для суседа, адданым сваёй краіне і шчырым", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі