
14 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У беларускай мікраэлектронікі ёсць рэзервы паднаціснуць у гэтым годзе, максімальна нарасціць аб'ёмы вытворчасці і дабавіць па экспарце. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 14 лютага на нарадзе па пытаннях развіцця айчыннай мікраэлектронікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што два гады таму пры наведванні ім холдынга "Планар" падрабязна абмяркоўваліся пытанні развіцця айчыннай мікраэлектронікі. Тады была вызначана і ніша на адным з самых ёмістых сегментаў сусветнага рынку мікрасхем.
"У гэтым напрамку будзем актыўна рухацца і атрымліваць прадукцыю найвышэйшай якасці. Яна будзе запатрабавана яшчэ шмат дзесяцігоддзяў, а можа, і стагоддзі. Гэта аснова вырабаў сілавой і прамысловай электронікі, а таксама для космасу, дзе трэба ўлічваць уздзеянне радыяцыі, радыёперашкод. Сумесна з нашымі расійскімі партнёрамі мы вызначылі крытычна важную элементную базу для асваення. Усё гэта лягло ў аснову Праграмы развіцця мікраэлектроннай прамысловасці на перыяд да 2030 года, у рамках гэтай праграмы мы і праводзім сваю мадэрнізацыю", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, за мінулыя два гады на яе выкананне накіравана амаль Br500 млн. Да 2030 года плануецца асвоіць яшчэ столькі ж. Сумарны аб'ём выручкі па галіне за праграмны перыяд павінен павялічыцца ў тры-чатыры разы.
Прэзідэнт спытаў, як выконваецца праграма, ці наспелі актуальныя змяненні і дапаўненні. "Гэта яшчэ і важна перад сустрэчай з Прэзідэнтам Пуціным, каб мы маглі скарэкціраваць нашы крокі, а магчыма, нешта і дабавіць. Як мяне інфармуюць, пэўныя вынікі ёсць. Валютная выручка расце, прыбытак павялічваецца. Зарплаты на прадпрыемствах у паўтара раза вышэйшыя за сярэднюю па краіне. Упэўнены: ёсць рэзервы для таго, каб паднаціснуць і ў гэтым годзе, максімальна нарасціць аб'ёмы вытворчасці і дабавіць абавязкова па экспарце", - заявіў беларускі лідар.-0-
