Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
28 студзеня 2022, 16:54

Лукашэнка пра неабходнасць выпрацаваць адзіныя крытэрыі да азначэння "вёскі будучыні"

28 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Неабходна выпрацаваць адзіныя крытэрыі да азначэння "вёскі будучыні". Адпаведнае даручэнне даў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час звароту з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, неапраўдана зніжана ўвага мясцовых улад да аграгарадкоў. Разам з тым дзякуючы каласальнай рабоце ідэя іх стварэння матэрыялізавалася амаль у 1,5 тыс. населеных пунктаў, у сельскай мясцовасці створаны якасна новыя ўмовы жыцця. "Прыгожыя катэджы на месцы старых дамоў, дагледжаныя падворкі, заасфальтаваныя вуліцы, газ, водазабеспячэнне і іншая неабходная інфраструктура сталі прыцягваць тысячы людзей, якія гатовы працаваць на зямлі, ствараць сем'і, выхоўваць дзяцей", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены: развіццё аграгарадкоў і перспектыўных сельскіх населеных пунктаў павінна прадаўжацца. Напрамак дакладна вызначаны: у далейшым пабудова "вёсак будучыні" будзе праходзіць накшталт Копысі Аршанскага раёна.

"Неабходна выкарыстоўваць энергію людзей, захопленых ідэяй развіцця сваёй малой радзімы да стандарту невялікіх гарадоў", - акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў аграгарадок Ціхінічы ў Гомельскай вобласці. Тут мадэрнізавана і вытворчая база, і сацыяльная інфраструктура. Не ставіцца пад сумненне і прывабнасць сельскага ладу жыцця і працы.

"Ураду, мясцовым органам улады трэба больш сістэмна падыходзіць да гэтай работы, а не зводзіць намечаныя мерапрыемствы пераважна да добраўпарадкавання і малазначных рамонтаў. Выпрацуйце адзіныя крытэрыі да азначэння "вёскі будучыні" і канкрэтныя меры, якія дадуць магчымасць дасягнуць стратэгічнай мэты", - нацэліў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі