
5 ліпеня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Экспазіцыя музея Славы Магілёўшчыны паказвае цярністы шлях беларусаў праз стагоддзі да незалежнасці. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на адкрыцці музея Славы Магілёўшчыны, які пабудавалі ў Магілёўскім раёне побач з легендарным Буйніцкім полем, дзе ў Вялікую Айчынную ішлі самыя бязлітасныя абарончыя баі на подступах да абласнога цэнтра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што музей Славы стане сапраўды народным, будзе беражліва захоўваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне праўду аб Вялікай Перамозе нашага народа, выхоўваць сапраўдных патрыётаў.
"У залах гэтага музея ажывае і гаворыць галасамі герояў сама тысячагадовая гісторыя краю. Прыадкрываецца таямніца жыцця летапісных радзімічаў, ад роду і племені якіх пачалася гісторыя рэгіёна. І не толькі рэгіёна, - сказаў Прэзідэнт. - Магілёў заўсёды быў мостам паміж Захадам і Усходам у мірны час і станавіўся крэпасцю ў гады ліхалецця. На гэтых землях не адзін раз сходзіліся ў бітвах войскі вялікіх князёў літоўскіх, каралёў польскіх, самадзержцаў рускіх".





Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у мінулым рэгіёна, як у люстэрку, адлюстроўваецца гісторыя ўсёй краіны, а экспазіцыя музея паказвае цярністы шлях беларусаў праз стагоддзі да незалежнасці, уласнай дзяржаўнасці, звязвае разам гераічнае мінулае і мірнае сучаснае.


Аляксандр Лукашэнка шчыра прызнаўся, што калі яму прапанавалі разгледзець пытанне дапамогі ў будаўніцтве з бюджэту Саюзнай дзяржавы, ён доўга вагаўся: "Мяне насцярожвала тое, што ў нас столькі помнікаў у краіне! Думаю, ну нам бы ўтрымліваць іх, у парадку каб былі. Але дзякуючы вам, калі губернатар Ісачанка мне далажыў, што народ падняўся для таго, каб пабудаваць гэты музей і прывесці ў парадак гэты комплекс, думаю, добра - калі народ ініцыюе гэта, значыць, і ў парадку будзеце ўтрымліваць. Я на гэта вельмі спадзяюся".


Вялікая ўвага ў музеі прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. "І гэта правільна. Асабліва цяпер, калі супраць праўды аб той вайне азвярэла ваююць у Еўропе: маршыруюць нацысты, зносяцца мемарыялы і помнікі, крывадушна пачалі перапісваць гісторыю. Менавіта таму мы свята шануем памяць аб подзвігу ветэранаў, аб людзях, якія аднаўлялі гарады і вёскі Магілёўшчыны пасля вызвалення і кавалі працоўную славу ўсе гэтыя гады", - падкрэсліў беларускі лідар.



Прэзідэнт нагадаў, што ў Вялікую Айчынную Савецкі Саюз страціў амаль 30 млн чалавек. І каб гэтага не здарылася зноў, важна памятаць урокі гісторыі. У тым ліку і таму ўзводзяцца такія аб'екты. "Гэта не таму, што рабіць нам няма чаго і няма чаго больш будаваць. Мы хочам, каб вы прыходзілі сюды. Яшчэ ёсць пакаленне савецкіх людзей, якія шануюць гэту памяць аб Вялікай Айчыннай. І гэтыя людзі могуць моладзі перадаць гэты вопыт. Каб яны разумелі, навошта мы гэта робім", - сказаў кіраўнік дзяржавы.



Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі шмат у чым перанялі формы і метады гэтай работы яшчэ з савецкіх часоў. "Па сутнасці ўсё правільна мы робім. Гэта трэба захаваць. Але па форме мы падумаем, як гэта разнастаіць. Але нельга страчваць. Мы, страціўшы свае традыцыі, прынцыпы, норавы, развалілі вялікую краіну, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - І сёння кожны паасобку куляемся туды-сюды. Акрамя Беларусі і Расіі, якія ўсё ж такі ступілі да гэтага адзінства. Але не думайце, што па нашым шляху гараць жаданнем бегчы нават былыя савецкія рэспублікі. Вельмі вялікая адлегласць пасля распаду Саюза паміж намі і імі. Але мы змагаемся. Мы паказваем прыкладам. Эканамічна спрабуем прыцягнуць, наблізіць гэтыя народы да нас. Таму што гэта нашы народы, савецкія народы. Яны таксама ўдзельнічалі ў гэтай вайне і разам з намі перамагалі".-0-






